Беларуская тэлевізія ў рэклямным роліку з заклікам
да выбараў, які часта пачалі паказваць, пачынаючы ад учорашняга дня, даўмелася
падаць на экране ўзор бюлетэню для галасаваньня, дзе пазначана прозьвішча
кандыдата Іванова, але з сапраўднай адрэсаю. Наш карэспандэнт высьветліў
рэакцыю людзей, якія там жывуць.
“Іваноў Іван Іваныч”, менавіта так, непісьменна — “Іваныч”, — а не “Іванавіч”.
Толькі гэты кандыдат у гэтак званую «Палату прадстаўнікоў» штодня ды амаль
кругласутачна рэклямуецца Беларускай тэлевізіяй, якая нават паказвае, што
ды як трэба рабіць зь ягоным прозьвішчам у бюлетэні.
Усё, што мы ведаем пра галоўнага кандыдата ў палату — “Іваныч” нарадзіўся
ў 1947 годзе, працуе ў сярэдняй школе №51 ды жыве ў кватэры 2 на праспэкце
Пушкіна, 15.
Я патэлефанаваў у гэтую кватэру ў Менску і даведаўся, што “Іваныч” там
не жыве. Гаспадар кватэры адмовіўся назваць сваё прозьвішча, але запэўніў
мяне, што ён не Іваноў:
(Карэспандэнт: ) «Скажыце, калі ласка, як Вы ставіцеся да таго, што
Вашая адрэса — праспэкт Пушкіна, 15, кватэра 2 — кожны дзень па некалькі
разоў дэманструецца на Беларускай тэлевізіі?»
(Не-Іваноў: ) «Першы раз такое чую. Гэта найпаўнейшая памылка. Прабачце,
гэта нейкая блытаніна. І нейкая дурная блытаніна. Тут аніякі Іваноў не
пражывае.
І аніякіх, прабачце, гэтых рэчаў мы ня ведаем і ведаць ня хочам — нам
гэта зусім не патрэбна», — заявіў жыхар кватэры №2 на праспэкце Пушкіна,
15 у Менску.
Але такая самая адрэса маецца яшчэ і ў Магілеве. Я патэлефанаваў тамтэйшаму
“Іванычу” ды паведаміў пра творчую знаходку БТ.
(Карэспандэнт: ) «Можна даведацца — вашае прозьвішча не Іваноў, не Іванова?»
(Сецярыкова: ) «Не, Сецярыкова Сьвятлана Міхалаўна».
(Карэспандэнт: ) «А Вашае стаўленьне асабістае да таго, што Вашую адрэсу
паказваюць на тэлевізіі кожны дзень?»
«Увогуле, ня вельмі гэта прыемна, вядома. Ну, бачыце, Пушкіна — я лічу,
што ў любым горадзе можа быць, гэта ня толькі магілеўская адрэса. Я наогул
Беларускую тэлевізію не гляджу і рэкляму таксама імкнуся не глядзець»,
— паведаміла спадарыня Сецярыкова з Магілеву.
Калі “Іваныч” з праспэкту Пушкіна ёсьць у кожным бюлетэні, што дэманструецца
Беларускай тэлевізіяй, дык Пятро Пятровіч Пятроў пазначаны толькі ў адным
— як канкурэнт “Іваныча”. Спадар Пятроў жыве на вуліцы Захарава, 56, кватэра
№67, працуе ў клініцы №7 ды на шэсьць год маладзейшы за “Іваныча”. Гэта
таксама рэальная менская адрэса, але тэлефон там сёньня не адказваў.
Юры Сьвірко, Менск
Самае папулярнае
1