У Магілеве ў межах Маршу Свабоды-3 у Камсамольскім сквэры прайшла сустрэча
з выбаршчыкамі, у якой бралі ўдзел Васіль Шлындзікаў і Людміла Карпенка.
На сустрэчу прыйшло каля 300 магілеўцаў. Мітынг у сквэры напярэдадні быў
забаронены.
Арганізатары раздавалі людзям улёткі і тлумачылі, чаму ня трэба хадзіць
на выбары. Людзі, што прыйшлі на сустрэчу, падтрымалі выступоўцаў. Вось
думка магілеўца Андрэя Дзігуна:
(Дзігун: ) “Сэнсу ўдзельнічаць у выбарах няма, умоваў для нармальных
выбараў ня створана. Апрача таго, кандыдаты, які пажадалі ўдзельнічаць
у выбарах, ня змогуць рэальна нічога вырашыць”.
Васіль Шлындзікаў гаварыў пра эканамічную сытуацыю і шляхі выхаду з
эканамічнага крызісу. Людміла Карпенка выказала ўшпэўненасьць, што яе муж,
Генадзь Карпенка, не памёр, а быў забіты.
Гаварылася на мітынгу, што ніводзін з дэмакратаў Магілеўшчыны ня быў
зарэгістраваны, ніводзін з апазыцыянэраў ня трапіў у выбарчыя камісіі.
Тэмы плякатаў: “Выбары ў кішэнную палату – падман народа” і “Байкот фальшывым
выбарам”.
Затрыманьняў не было, хоць непадалёк стаяў аўтобус з міліцыянтамі.
Гаворыць Васіль Шлындзікаў:
(Шлындзікаў: ) “Гэта важна, што столькі людзей не спалохаліся афіцэраў
у цывільным і міліцыянтаў і прыйшлі на сустрэчу. Гэта гаворыць аб тым,
што зьмены ў краіне непазьбежныя. Ня зараз, дык пасьля”.
Аляксандар Сердзюкоў, Магілеў
Самае папулярнае
1