У нядзелю ў суседніх зь Беларусяй краінах – Польшчы і Літве – адбудуцца
выбары. У Польшчы прэзыдэнцкія, у Літве – парлямэнцкія. Аглядальнікі сьцьвярджаюць,
што палітычная сытуацыя пасьля выбараў у гэтых краінах ня зьменіцца. У
абедзьвюх дзяржавах лідэрамі – посткамуністычныя сілы. Аналіз сытуацыі
і спроба прагнозу.
У Літве ў нядзелю будуць абіраць парлямэнт – сто сорак аднаго дэпутата.
У адрозьненьне ад Беларусі, у Літве прапарцыйна-мажарытарная сыстэма, гэта
значыць, 50 працэнтаў дэпутатаў абіраюцца паводле партыйных сьпісаў, 50
працэнтаў паводле аднамандатнай сыстэмы. Такі падыход у 1991 годзе прапоўнавала
апазыцыя БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня і ініцыявала рэфэрэндум.
Былі сабраныя звыш 440 тысячаў подпісаў, але Вярхоўны Савет, які тады меў
права прызначаць рэфэрэндум, не падтрымаў ініцыятывы апазыцыі.
За 10 гадоў незалежнасьці Літвы гэтыя выбары – трэція. Колькасьць асобаў,
якія маюць права голасу на літоўскіх выбарах – 2 мільёны 600 тысячаў чалавек.
Такім чынам, 70 дэпутатаў будуць абірацца ў адпаведнасьці з прапарцыйнай
сыстэмай, 71 – у аднамандатных акругах, прычым у аднамандатных прадугледжаны
толькі адзін тур. Выйграе той кандыдат, які набярэ проста арытмэтычную
большасьць.
За дэпутацкія мандаты ў літоўскім сойме змагаюцца 27 партыяў у 15-ці
партыйных сьпісах. Для таго, каб патрапіць у Сойм, партыі трэба набраць
ня менш за 5 працэнтаў, а кааліцыі – 7 працэнтаў галасоў. Трэба адзначыць,
што кааліцыя на гэтых літоўскіх выбарах утварылася адна – Сацыял-дэмакратычная
кааліцыя Альгірдаса Бразаўскага, куды ўваходзяць некалькі партыяў, найбуйшешая
зь якіх посткамуністычная “Партыя працы”. Больш падрабязна пра выбары ў
літоўскі Сэйм і пэрспэктывы разьвіцьця краіны гаворыць наш калега, галоўны
рэдактар радыёстанцыі “Балтыйская хваля” Сяргей Шупа. На сувязі Вільня:
(Шупа: ) “Істотны факт палягае ў тым, што за гэтыя гады радыкальна ўлада
мянялася ўжо два разы. Радыкальна ў сэнсе, што левыя мянялі правых, а правыя
– левых. Пры гэтым асноўны кірунак разьвіцьця краіны заставаўся той самы.
Так што Літва да дэмакратычных мэханізмаў зьмены ўлады ўжо прызвычаілася.
Што датычыць асаблівасьцяў цяперашніх выбараў. Корань вызначэньня палітычных
сымпатыяў электарату сёньня застаецца той самы – расейскі крызіс 1997 году,
у выніку якога моцна пацярпеў сярэдні і дробні бізнэс у Літве. І ў выніку
якога адбылося ўтварэньне такога пратэставага электарату. Пратэставаць,
зразумела, супраць каго, - супраць тых, хто цяпер пры ўладзе, а цяпер пры
ўладзе партыя кансэрватараў. Значыць, правыя. Пратэставы электарат такі
трошкі ірацыянальны. Ён сёньня ўвесь антыправы.
Паводле апошніх апытаньняў, у парлямэнт маюць шанцы патрапіць 5 партыяў.
Гэта, найперш, “Новы саюз” кіравны Артурасам Паўлаўскасам. Мы памятаем
гэтага чалавека, ён быў галоўным канкурэнтам на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах
і прайграў цяперашняму прэзыдэнту Адамкусу літаральна 10 тысячаў галасоў.
На другім месцы Сацыял-дэмакратычная кааліцыя Альгірдаса Бразаўскаса. Так
яна й завецца. Альгірдас Бразаўскас вярнуўся зусім нядаўна, некалькі месяцаў
таму ў актыўную палітыку. На трэцім месцы Лібэральны саюз былога прэм”ера
Раландаса Паксаса. Далей ідзе Партыя цэнтру і замыкае пяцёрку партыяў,
якія адольваюць кваліфікацыйны 5-ці працэнтны бар”ер, Саюз айчыны кансэрватараў
пад кіраўніцтвам Вітаўтаса Ландзбэргіса”.
Трэба адзначыць, што згаданыя Сяргеем Шупам партыі за мінулы год прайшлі
праз крызісы і расколы. Таму літоўцы гаворыць пра расколатыя часткі як
кансэрватыўных так і сацыял-дэмакратычных партыяў. Апроч той, якая займае
якраз першае месца – Саюз Артураса Паўлаўскаса. Працягвае зь Вільні Сяргей
Шупа:
(Шупа: ) “Вось гэта менавіта й партыя, якая мае найбольш пратэставага
электарату, палітычная праграма якой вельмі невыразная. У асноўным яна
будуецца на адмаўленьні. Тое, што яна, гэтая партыя, хоча, фактычна вельмі
цяжка акрэсьліць. Калі гаварыць агульна пра падыход грамадзянаў Літвы да
палітычных партыяў, хутчэй за ўсё, ніхто ў праграмы не паглыбляецца. Фактычна
йдзе галасаваньне за лідэраў”.
(Карэспандэнт: ) “Сяргей, я б хацела запытацца… Гэтыя выбары пры ўмове
перамогі і атрыманьня парлямэнцкай бальшыні Паўлаўскаса – ці зьменіцца
палітыка Літвы ў дачыненьні да Беларусі?”
(Шупа: ) “Адказваючы на гэтае пытаньне, я б хацеў зазначыць, што прагнозы
кажуць, што, хутчэй за ўсё, нават калі партыя Паўлаўскаса будзе першай,
наўрацьці яна, маючы фактычна мала кваліфікаваных кадраў, нават у сваіх
першых нумарох сьпісу, усё раўно адна ня стане прыўладнай партыяй. Хутчэй
за ўсё, асноўныя месцы зойме Сацыял-дэмакратычная кааліцыя Бразаўскаса.
Гэта будзе ўжо паўтарэньне этапу, які Літва перажывала паміж 1992-1996
гадах, калі левыя ўжо былі пры ўладзе. Ніякай зьмены рэзкай агульнага нацыянальнага
курсу разьвіцьця краіны, унутранай ці знешняй палітыкі, не адбудзецца.
У гэтым сэнсе стаўленьне да Беларусі наўрацьці істотна зьменіцца. Літва
надалей будзе трымаць такую даволі асьцярожную лінію суіснаваньня з такім,
у нейкім сэнсе непрадказальным, суседам. Ня робячы ніякіх рэзкіх паваротаў”.
На сувязі ў Вільні быў галоўны рэдактар радыёстанцыі “Балтыйская хваля”
Сяргей Шупа. У нядзелю палякі будуць выбіраць прэзыдэнта. У тройцы лідэраў
– цяперашні прэзыдэнт Аляксандар Квасьнеўскі, лідэр Салідэрнасьці Мар”ян
Кшаклеўскі і бізнэсмэн Анджэй Аляхоўскі. гуПаводле апошніх дадзеных, рэйтынг
Квасьнеўскага –57 працэнтаў, Алехоўскага 17-працэнтаў, Кшаклеўскага – 12
працэнтаў. Першы прэзыдэнт посткамуністычнай Польшчы Лех Валенса мае 2
працэнты. Нагадаю, што 5 гадоў назад Аляксандар Квасьнеўскі перамог Леха
Валенсу, набраўшы толькі на 1 працэнт галасоў болей.
Пра пэрспэктывы кандыдатаў паказальна гаворыць назоў артыкула ў польскай
“Gazecie wyborchej” “Губляе, губляе, але ўсе ж мае”. Гэта пра папулярнасьць
Аляксандра Квасьнеўскага.
Пра хаду прэзыдэнцкіх выбараў у Польшчы мы гутарым з аналітыкам Радыё
Свабода Янам Максімюком.
(Максімюк: ) “Яшчэ тры тыдні таму здавалася, што цяперашні прэзыдэнт
Квасьнеўскі можа спаць спакойна. І ён спакойна гэтыя выбары выйграе, таму
што ягоны рэйтынг быў паміж 60-70 працэнтамі. Звыш двух тыдняў таму выбарчы
штаб Кшаклеўскага паказаў відэа, якое было зьнятае 3 гады таму. На гэтым
відэа палякі пабачылі, як адзін зь міністраў прэзыдэнцкай канцылярыі Марэк
Сівец паказвае пародыю на Папу Рымскага. Менавіта выходзячы з вэрталёту,
ён робіць знак крыжа. Потым відэа паказвае вельмі задаволенага Квасьнеўскага,
які менавіта з падбухторлівай усьмешкай задае пытаньне: “А ці міністар
пацалаваў зямлю?” Далей відэа паказвае, як той жа міністар Сівец становіцца
на калені і цалуе зямлю, зноку парадуючы ўсім вядомы жэст Папы Рымскага
пад час ягоных шматлікіх падарожжах. Што гэта азначае ў Польшчы, дзе 90
працэнтаў чалавек гавораць, што яны веруючыя католікі, то можна сабе ўявіць,
які гэта быў шок і людзі былі абураныя, але рэйтынгу Квасьнеўскага гэта
ня надта пашкодзіла. Усе апытаньні паказалі, што ягоны рэйтынг упаў на
10 працэнтаў.
Што тычыцца саміх прэфэрэнцыяў палякаў, то можна сказаць коратка
так, што Квасьнеўскі як посткамуніст зьвязваецца з пэрыядам камуністычнай
Польшчы, калі для вялікай колькасьці палякаў тады жылося крыху лягчэй,
чым цяпер. Паводле ўрадавага дасьледаваньня, 45 працэнтаў палякаў кажуць,
што ім жывеццца ў Польшчы бедна ці вельмі бедна. І гэта ёсьць патэнцыяльны
электарат посткамуністаў. Гэта значыць, і Квасьнеўскага, і сацыял-дэмакратаў.
За “Салідэрнасьцю” замацавалася думка, што менавіта яна вінаватая ў тым,
што пасьля гістарычных пераўтварэньняў – палітычных і эканамічных – у Польшчы
не ўдалося наладзіць такога эканамічнага роўню жыцьця, які б задаволіў
большасьць людзей.
Можна скамэнтаваць, чаму на другім месцы знаходзіцца Анджэй Аляхоўскі.
Гэта можна патлумачыць яго пэрсанальнымі якасьцямі. Ён вельмі добра прэзэнтуецца
ў телэбачаньні, ён вельмі ўраўнаважаны і спакойны, але, па-другое, ён –
бізнэсмэн. Ён вельмі багаты. У Польшчы менавіта багацьце выклікае, хутчэй
за ўсё станоўчыя эмоцыі, а не адмоўныя.
Я запыталася Яна Максімюка, чаму, на ягоную думку, вета прэзыдэнта Квасьнеўскага
на Закон пра прыватызацыю, ініцыяваны “Акцыяй выбарчай Салідэрнасьць” і
ўхвалены парлямэнтам. Гэты закон дазваляў бы грамадзянам Польшчы стаць
уладальнікамі кватэраў, дамоў, зямельных участкаў…
(Максімюк: ) “Я думаю, тут не было добрай прапаганды гэтага закону,
і не зусім было ясна для палякаў, што ён можа ім даць. Гэты закон прымаўся
перад самымі выбарамі, вядома, ён трактаваўся як козыр “Салідэрнасьці”
на гэтых выбарах, але, як бы скажам, да звычайнага паляка не дайшло, што
ён можа з гэтага закону мець”.
(Карэспандэнт: ) “Як бы вы ацанілі працу польскіх сродкаў масавай інфармацыі
ў гэтай прэзыдэнцкай кампаніі?”
(Максімюк: ) “Учора польскае тэлебачаньне падало апытаньне грамадзкай
апініі – ацэнку работы публічнага тэлебачаньня ў Польшчы, як яно прэзэнтавала
кандыдатаў. Пераважная большасьць сказала, што тэлебачаньне ў Польшчы паказвала
гэта вельмі аб”ектыўна. Мая прыватная ацэнка: калі, скажам, трансфармацыя
ў Польшчы ва ўсіх накірунках не зусім удалася, дык трансфармацыя ў СМІ
прайшла проста на 100 працэнтаў”.
(Карэспандэнт: ) “На мінулых прэзыдэнцкіх выбарах было выразна відаць
у адпаведнасьці зь геаграфіяй Польшчы, дзе перамог Квасьнеўскі, дзе Валенса.
Як на гэтых выбарах?
(Максімюк: ) “Безумоўна ёсьць такое. Ёсьць пэўныя рэгіёны Польшчы, дзе
ў бальшыні будуць галасаваць за Кшаклеўскага. Зноў жа ёсьць рэгіёны на
захадзе і поўначы Польшчы, так званыя “ziemie otzyskane”, дзе людзі жывуць
даволі бедна, яны, хутчэй за ўсё, будуць галасаваць за Квасьнеўскага.
Як Беласточчына галасуе на выбарах? Тут на ўсе гэтыя палітычныя схільнасьці
накладаецца падзел рэлігйны. Каталікі - праваслаўныя. І нацыянальны – палякі
- беларусы. Палякі, хутчэй за ўсё, будуць галасаваць і католікі за Кшаклеўскага.
“Салідэрнасьць” тут наагул выйграе выбары. У той час як беларусы – за Квасьнеўскага.
Але беларусы – у меншасьці. Таму выбары на Беласточчыне выйграе, напэўна,
Кшаклеўскі”
Нагадаю, што ў праскай студыі быў аналітык Радыё Свабода Ян Максімюк.
У Польшчы працягваецца перадвыбарчая барацьба. Лідэр польскіх сялянаў Анджэй
Леппэр, які мае рэйтынг 3 працэнты, заяўляе, што ў першым туры выбараў
атрымае 20 працэнтаў, у ў другім – пераможа. У сыботу на рынкавым пляцы
Кракава адбудзецца імпрэза “Улюбёная асоба” з удзелам Аляксандра Квасьнеўскага,
побач зь якой будзе ездзіць выбарчы трамвай Мар”яна Кшаклеіскага, у якім
пасажырам ня трэба прабіваць ездныя лісткі.
Вольга Караткевіч, Прага
Самае папулярнае
1