Пад час Зьезду Саветаў Аляксандар Лукашэнка выказаў
незадаволенасьць ростам цэнаў і загадаў прэм’еру тэрмінова спыніць яго.
Пасьля гэтага Савет міністраў паўшчуваў міністэрствы й нагадаў ім пра недапушчальнасьць
эканамічна неабгрунтаванага росту цэнаў. Але, як заявіў сёньня міністар
гандлю Пётра Казлоў у часе прэсавае канфэрэнцыі, “цэны неабходна павялічваць,
бо патрэбна забясьпечваць рэнтабельнасьць прадпрыемстваў”.
Сёлета з усіх тавараў у крамах беларусы больш за ўсё набываюць харчы
— на іншае няма грошай. Удзельная вага харчаваньня ў таваразвароце складае
амаль 66 адсоткаў, тады як нармальнаю лічыцца прапорцыя — 50/50 (палова
на харчы, палова на прамысловыя тавары). Пра гэта паведаміў сёньня міністар
гандлю Пётра Казлоў у часе прэсавае канфэрэнцыі.
Я запыталася ў спадара Казлова, ці магчыма ўрадавымі дырэктывамі спыніць
рост цэнаў, асабліва тады, калі адбываецца падвышэньне мінімальных заробкаў…
Адказвае Пётра Казлоў:
(Казлоў: ) “Цэны могуць падвысіцца. З улікам інфляцыі яны будуць падвышацца.
У міністэрстве гандлю заўжды бачылі, якія ў нас нізкія цэны на тавары,
асабліва на харчовыя. Мы разумеем, што праз гэта сельскагаспадарчыя вытворцы
церпяць страты. Цана мусіць быць рэальнай, каб забясьпечвала рэнтабельнасьць.
І найперш яна мусіць быць зьвязаная з заробкавай платаю”.
Адказваючы на пытаньне карэспандэнта радыё Свабода пра магчымае чарговае
падвышэньне ў блізкім часе цэнаў на гарэлку, міністар гандлю адзначыў:
(Казлоў: ) “На маю думку, цэны на гарэлку ў нас вельмі нізкія. І гэтым
мы проста спойваем людзей. Гэта ня лепшы паказьнік, калі гарэлка танная,
у той час як закуска дарагая. Гарэлка заўжды забясьпечвала бюджэт любое
дзяржавы. У савецкі час сабекошт гарэлкі складаў 40-60 капеек, а прадавалі
яе па 6 рублёў. Цяпер сабекошт гарэлкі амаль такі ж — каля 60 цэнтаў, але
каштуе яна каля 2 даляраў”.
Гэта быў міністар гандлю Пётра Казлоў.
Ганна Соусь, Менск
Самае папулярнае
1