Жонка Віктара Ганчара зьвярнулася з заяваю ў пракуратуру
да сьледчага, які вядзе крымінальную справу пра зьнікненьне яе мужа. Зінаіда
Ганчар патрабуе, каб супрацоўнікі пракуратуры дапыталі намесьніка старшыні
Белдзяржтэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага, які ў адной зь перадачаў
заявіў пра дачыненьне крымінальных структураў да выкраданьня апазыцыйных
палітыкаў.
У сваёй заяве ў пракуратуру Зінаіда Ганчар спасылаецца на тэлепраграму
“Рэзананс” ад 1 кастрычніка. Паколькі сьледчыя казалі Зінаідзе пра тое,
што вэрсія дачыненьня крымінальнікаў да выкраданьня яе мужа ў ходзе сьледзтва
не пацьвердзілася, яна просіць іх даць афіцыйнае тлумачэньне той інфармацыі,
што паведаміў Аляксандар Зімоўскі. Да заявы Зінаіда Ганчар дадала тэкст
выступу Зімоўскага, у якім сьцьвярджаецца, нібы апазыцыя мае шчыльную сувязь
з крыміналам і нібы зьніклыя палітыкі былі зьвязаныя з крымінальнікамі
ды аўтарытэтамі злачыннага сьвету.
Зінаіда Ганчар паведаміла радыё Свабода:
“Мне добра вядома, што вэрсія пра йснаваньне ў Беларусі крымінальных
структураў, не падкантрольных уладзе, была агучаная яшчэ ў верасьні Сазонавым.
Многія эўрапейскія дыпляматы тады ўхапіліся за гэтую вэрсію.
Але я добра ведаю, што ў Беларуі, як у паліцэйскай дзяржаве, ня можа
быць ніякіх не падкантрольных уладзе груповак. Паколькі тут увесь крыміналітэт,
як і бізнэс, нефармальна падпарадкоўваецца рэжыму. Гэтая вэрсія была вельмі
зручная ўладам, паколькі ўсе гучныя крымінальныя справы можна было сьпісваць
на крымінальныя “разборкі”.
Але ж сам Лукашэнка абвяргае гэтую вэрсію. У прыватнасьці, апошнім часам
у сваіх выступах ён кажа, што ўсе крымінальныя групоўкі або ліквідаваныя,
або ўзятыя пад кантроль улады. Таму выступ Зімоўскага мяне вельмі зьдзівіў
— ён супярэчыць таму, што казаў Лукашэнка. І, таму, калі Зімоўскаму вядома
нешта такое, пра што ня ведае сьледзтва — ён мусіць паведаміць, каб паспрыяць
расьсьледваньню.
Калі высьвятліцца, што Зімоўскі чарговы раз схлусіў, дык я ня ведаю
зараз, як яго прыцягнуць да адказнасьці. Усё да такой ступені падпарадкоўваецца
аднаму чалавеку, што пры такіх умовах дамагчыся справядлівасьці немагчыма.
Зараз ва ўсіх гэтых “рэзанатараў” разьвязаныя рукі, і яны могуць казаць
усё, што ім заўгодна, і абражаць нас. Але гэта пакуль. Пакуль…”
Так пракамэнтавала Зінаіда Ганчар сваю заяву ў пракуратуру.
Любоў Лунёва, Менск
Самае папулярнае
1