У Менскім гарадзкім судзе пачаўся суд над супрацоўнікам
спэцгрупы міліцыі “Алмаз” Ліфанавым, які пад час сьвяткаваньня Дня міліцыі
забіў аднаго АМАПаўца і яшчэ пяць чалавек параніў.
Чым асабліва цікавая справа “алмазаўца” Ліфанава, якую сёньня пачаў
разглядаць гарадзкі суд? Журналісты, што прыйшлі на працэс, не ўзгадаюць
выпадку, калі міліцыянту пагражала б сьмяротная кара. Тым больш, што гаворка
йдзе пра камандзіра зьвяна спэцгрупы ў барацьбе з тэрарызмам “Алмаз”. Высьвятленьне
прычынаў, якія прывялі барацьбіта з тэрарызмам на лаву падсудных, можа
быць карысным для грамадзтва.
Але пры ўмове, што судзьдзі не абмінуць і шэраг быццам ня самых істотных,
але насамрэч вельмі важных пытаньняў. І найперш — чаму супрацоўнікам спэцслужбаў
дазволена ў любы час мець зброю і чым абгрунтоўваецца выкарыстаньне зброі
супраць грамадзянаў?
Як высьветлілася, існуе загад міністра ўнутраных справаў, паводле якога
міліцыянты пасьля службы мусяць зброю здаваць. Але некаторыя “алмазаўцы”,
у тым ліку той жа Ліфанаў, гэтаму загаду не падпарадкоўваліся. Чаму?
Яшчэ адзін цікавы момант, на які сьледзтва не акцэнтуе ўвагі — дачыненьні
спэцслужбаў і ўправаў у нутры міліцыі. Ня выключана, што на працэсе высьвятляцца
факты, якія пацьвердзяць існаваньне канфлікту паміж тым жа “Алмазам” і
АМАПам. Ва ўсялякім разе, паказаньні сьведкаў з АМАПу ў справе Ліфанава
вельмі падобныя, што калегі Ліфанава лічаць доказам змовы супраць свайго
сябра.
Фёдар Ліфанаў, дарэчы, сваю віну не прызнае. Ён заявіў суду, што пад
час сутычкі з АМАПаўцамі быў зьбіты да непрытомнага стану, і таму ня можа
патлумачыць, як адбылося, што зь ягонага пісталета была пачатая страляніна
па людзях.
Адзін з калегаў Ліфанава ў прыватнай гутарцы з вашым карэспандэнтам
прызнаўся, што па-ранейшаму яму давярае і не разумее, цытую, “чаму яго
гэтак заклініла”. Але калі я паспрабаваў перавесьці гутарку на тэму псыхічных
нагрузак “алмазаўцаў” пад час службы, мой суразмоўца замоўк і далей працягваць
размову адмовіўся.
Адмовіліся размаўляць з журналістамі і АМАПаўцы, параненыя Ліфанавым.
Гэта Адашкевіч, Маціюнас, Чухліб і Суханькоў. Паводле іхных паказаньняў,
ва ўсім вінаваты пьяны Ліфанаў, які пачаў штурхацца на танцавальнай пляцоўцы,
а потым стрэліў зь пісталета.
Між тым, у судзе ўжо агалошаныя паказаньні, згодна зь якімі на сьвяточнай
дыскатэцы ня толькі “алмазаўцы”, але й АМАПаўцы былі нападпітку. Нібыта
яны дамовіліся з начальнікам аховы, што пранясуць у залю гарэлку.
Так гэта ці не, высьветліць суд. Ён, аднак, ня верне Міхала Гляда, які
загінуў. Паводле сьведкаў, гэта Міхал Гляд першым паспрабаваў угаварыць
Ліфанава мірна пакінуць дыскатэку, але ў адказ атрымаў кулю.
Алег Грузьдзіловіч, Менск
Самае папулярнае
1