Выйшаў чарговы нумар штотыднёвіка “Рабочы”. Падаем кароткі агляд газэты.
Паветраныя шары ўзносяць у неба бел-чырвона-белы сцяг. Гэты здымак,
які адкрывае чарговы нумар “Рабочага”, – напамін пра нядаўні Марш Свабоды.
Яго хада, прамовы ўдзельнікаў – тэма спэцыяльнага рэпартажу нумару.
Побач зьмешчаная дыяграма: вынік маніторынгу зьместу палітычных навінаў
беларускага тэлебачання за жнівень. Аказваецца, што 94 працэнты эфірнага
часу ў праграме “Панарама” прысьвечаныя Аляксандру Лукашэнку, ураду, прапрэзыдэнцкім
партыям ды іх лідэрам.
Разьдзел “Маё права” зараз расказвае пра падзеі, якія засталіся па-за
ўвагай дзяржаўнага друку. Вось, напрыклад, напад банды гопнікаў-фашыстоўцаў
на ўдзельнікаў акцыі “Вольныя танцы” у Менску (мяркуючы па ўсім, рыхтаваўся
напад раней, на кожнага студэнта прыходзілася па 8-10 гопнікаў, білі пад
абыякавымі поглядамі міліцыянтаў).
Газэта “Рабочы” піша пра працэс над сынам вядомага праваабаронцы Сяргея
Абадоўскага ў Магілёве, які зараз усе больш уяўляецца надуманым.
Алкагалізм і ўспышка венэрычных захворваньняў у сучаснай Беларусі –
вось некаторыя з тэмаў спэцвыпуску “Здароўе”, які таксама прапануе чытачам
гэты нумар “Рабочага”.
Адзначым матэрыял пад назовам: “Цягнік дэмакратыі: прыпынак “Бялград”,
наступны – “Менск”?”; на просьбу “Рабочага” падзеі ў Югаславіі камэнтуюць
некаторыя з лідэраў беларускай апазыцыі.
Працягвае газэта знаёміць чытачоў і з малавядомымі старонкамі нашага
мінулага: публікацыя “Трэцяя сіла” расказвае пра эсэраўскі партызанскі
рух у Беларусі ў часе грамадзянскай вайны, а чарговая старонка “Беларускага
календара” нагадвае імя славутага фотамайстра пачатку стагодзьдзя Яна Булгака.
Гэта быў агляд чарговага нумару газеты “Рабочы”. Кожны, хто хоча атрымлiваць
яе рэгулярна , можа аформiць падпiску ў аддзяленьнi сувязi цi ў першаснай
арганiзацыi свабодных прафсаюзаў. Яшчэ адзін варыянт для менчукоў – падпіска
праз кiёскi Белсаюздруку. Для гэтага трэба зьвярнуцца да работнiка кiёска,
дзе вiсiць аб’ява-паведамленьне пра тое, што менавiта тут афармляюць падпiску
на газэту “Рабочы”. Пры гэтым будзьце ўважлiвыя: абавязкова пазначце нумар
кiёска, празь якi вы хочаце атрымлiваць газэту. Нагадаем падпiсны iндэкс
газеты “Рабочы” — 63437.
Агляд падрыхтаваны рэдакцыяй газэты.
Самае папулярнае
1