Адбылося чарговае паседжаньне Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных
партыяў. Галоўнай тэмаю абмеркаваньня стала палітычная атмасфэра ў Беларусі
напярэдадні выбараў 15 кастрычніка. Сёньня таксама стала вядома, што 12
кастрычніка ў Беларусь прыедзе гэтак званая “эўрапейская тройка” на чале
зь дзейным старшынём АБСЭ Адрыянам Севярынам.
Удзельнікі Кансультацыйнае рады паінфармавалі кіраўніцтва менскае групы
АБСЭ і сябраў групы тэхнічнае ацэнкі Бюро правоў чалавека пра апошнія факты
рэпрэсіяў уладаў супраць апазыцыі, супраць ўдзельнікаў “Маршу Свабоды”
й кампаніі байкоту выбараў. На думку лідэраў апазыцыі, напярэдадні выбараў
улады стварылі ў краіне атмасфэру страху й рэпрэсіяў і ў такіх варунках,
на іхную думку, свабодны выбар народу проста немагчымы. Прадстаўнікі місіі
АБСЭ будуць адсочваць кожнае парушэньне ўладамі правоў чалавека і інфармаваць
пра гэта сваё кіраўніцтва.
Паводле словаў лідэра Партыі БНФ Вінцука Вячоркі, бальшыня ўдзельнікаў
Кансультацыйнае рады выказалі меркаваньне што “Марш Свабоды” ў Менску прайшоў
даволі ўдала, хаця, напрыклад, Станіслаў Шушкевіч лічыць, што гэтая акцыя
магла б быць больш масавай, але не зусім ўдала была праведзеная агітацыйная
кампанія напярэдадні “Маршу”.
Досыць вялікія спрэчкі сярод сяброў рады выклікала нядаўняя заява КХП
БНФ, у якой кіраўніцтва гэтай партыі абвінаваціла КНГ АБСЭ ў спрыяньні
спробам беларускіх уладаў стварыць ілюзію дэмакратычнае сытуацыі напярэдадні
выбараў. Прадстаўнікі КХП БНФ лічаць, што стварэньню гэтай ілюзіі спрыяе
і ўдзел часткі апазыцыі ў перадвыбарчай кампаніі, і байкатаваньне выбараў
іншай часткаю апазыцыі. Гаворыць выканаўца абавязкаў старшыні КХП БНФ Юрась
Беленькі:
(Беленькі: ) “Дазваляецца байкатаваць ці не байкатаваць выбары. Паглядзіце,
адны палітыкі ўдзельнічаюць у выбарах, як Калякін, Статкевіч і гэтак далей
(ці ў фарсе гэтым), а другія ня ўдзельнічаюць. Тут як бы паказваюць: дазваляецца
назіраць за выбарамі; паказваюць: у нас ёсьць свабода, ствараецца такая
ілюзія. Гэта стварае падставу для некаторых палітыкаў, у тым ліку і на
Захадзе, якія не хаваюць, што яны хочуць легітымізаваць рэжым Лукашэнкі,
зрабіць гэта пасьля таго, як выбарчы фарс адбудзецца, і тады гэта будзе
велізарная трагедыя для Беларусі”.
Паведаміў нашаму Радыё спадар Беленькі.
Аднак гэтую пазыцыю КХП БНФ сёньня асудзілі іншыя сябры Кансультацыйнае
рады. На іхную думку, такія паводзіны Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі
ды іхныя нападкі на групу АБСЭ толькі ствараюць раскол у шэрагах апазыцыі.
Наступнае паседжаньне Кансультацыйнае рады адбудзецца 13 кастрычніка.
Мяркуецца, што на ім будуць прысутнічаць старшыня АБСЭ Адрыян Севярын,
дакладчык у пытаньні Беларусі Парлямэнцкае асамблеі Рады Эўропы Вольфганг
Бэрэндт, прадстаўнікі Эўрапарлямэнту Ян Віерсма, Элізабэт Шродтэр ды іншыя
асобы. Мэта іхнага візыту ў Беларусь — пераканацца, наколькі дэмакратычна
будуць праходзіць выбары 15 кастрычніка.
Альгерд Невяроўскі, Менск
Самае папулярнае
1