Да апошняга часу ўлады Полацку і Наваполацку ня надта шчыравалі ў справе
ўтаймаваньня апазыцыйных сілаў, якія пратэстуюць супраць выбарчага фарсу.
Але вось палітычная ідылія скончылася, і ў міліцэйскіх пастарунках зьявіліся
затрыманыя апазыцыянэры. З другога боку, мітынг 8 кастрычніка ў Наваполацку
дазволены.
Першым у пастарунак патрапіў жыхар Полацку спадар Кухарэнка – увечары
2 кастрычніка ён быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі пад час порымацоўваньня
да сьцяны аднаго з будынкаў на вуліцы Гогаля перадвыбарчай налепкі.Спадара
Кухарэнку завезьлі ў пастарунак, абшукалі, і хаця ніякай так бы мовіць
падрыўной літаратуры пры ім не было, затрыманы адседзеў за кратамі 5 гадзінаў
і быў адпушчаны да хаты са словамі “Чакай позвы ў суд”.
А сёньня ў пракуратуру Наваполацка былі пакліканыя адразу тры сябры
Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі, спадары Гацкі, Гнятко і Каханчык. Падставай
для выкліку стала тое, што ў абвестцы аб маючым адбыцца пікеце яны ўжылі
назву сваёй арганізацыі, якая не зарэгістраваная ў гарвыканкаме. Як сказаў
нам кіраўнік суполкі спадар Гацкі, выклікамі ў пракуратуру ўлады спрабуюць
настрашыць актывістаў апазыцыі напярэдадні так званых выбараў.
Дарэчы, у Наваполацку маюць адбыцца на толькі выбары ў “палату прадстаўнікоў”,
але і ў мясцовыя саветы. На леташніх выбарах навапалачане ў сваёй бальшыні
не пажадалі абіраць дэпутатаў у гэты орган, і ў выніку з 30 дэпутацкіх
крэслаў было запоўнена толькі 8. Цяпер на 22 вакантныя месцы вэртыкаль
не бяз цяжкасьцяў арганізавала вылучэньне 33 кандыдатаў, пры гэтым партыі
і грамадзкія арганізацыі, апроч камуністаў і БПСМ, ад падобнага вылучэньня
дыстанцаваліся.
Сваё стаўленьне да выбараў кіраўнікі партыйных суполак зьбіраюцца выказаць
на мінтынгу, які адбудзецца 8 кастрычніка. Учора атрыманы дазвол на яго
правядзеньне. Ён пачнецца а 12 гадзіне на пляцы ля гарадзкога палаца культуры.
Вінцэсь Мудроў, Наваполацак
Самае папулярнае
1