Прадстаўнікі палітычных партыяў і беспартыйныя грамадзяне сямі гарадоў
Гомельскай вобласьці замовілі на 8-га кастрычніка акцыі пратэсту “Байкот-2000”.
Мітынгі афіцыйна дазволеныя толькі ў чатырох гарадох: Гомлі, Рэчыцы,
Мазыры і Жлобіне. Пры гэтым мяйсцовыя ўлады нідзе не пагадзіліся даць дазвол
на правядзеньне акцыяў пратэсту ў людных мейсцах – там, дзе яны замаўляліся.
У Мазыры, напрыклад, намесьніца старшыні гарадзкога выканкаму Любоў
Абрамава прапанавала прадстаўнікам Аб’яднанай грамадзянскай партыі і БНФ
Леаніду Арлову і Юрасю Чаранкову правесьці мітынг не ля палацу нафтавікоў,
а на аддаленым стадыёне “Спартак”, дзе гараджане бываюць даволі рэдка.
Натуральна, што на бязьлюдным стадыёне патлумачыць сваю пазыцыю адносна
выбараў у так званую палату прадстаўнікоў немагчыма. Таму спадары Арлоў
і Чаранкоў адмовіліся ад такога дазволу.
Далей ад цэнтру прапанавалі гарадзкія ўлады апазыцыі праводзіць мітынгі
й пікеты ў Гомелі, Рэчыцы і Жлобіне. У Буда-Кашалёве райвыканкам раіць
жыхарам перапісаць замову і папрасіць дазвол на мітынг не на цэнтральным
пляцы, а зноў-ткі – на стадыёне.
А вось у Рагачове й Сьветлагорску ўлады наогул забаранілі 8-га кастрычніка
праводзіць любыя масавыя акцыі ў сувязі з маючымі адбыцца выбарамі. Прадстаўнік
Рагачоўскай суполкі АГП Уладзімір Тамковіч распавёў, што намесьніца старшыні
райвыканкаму Рыма Ястрэмбская патлумачыла адмову тым, што выканкаму вядомая
пазыцыя “аб’яднаных грамадзянаў” адносна выбараў і праграмаў кандыдатаў.
Пазыцыя гэтая, паводле словаў Ястрэмбскай, неправамерная і незаконная.
Таму выканкам і адмаўляе ў правядзеньні мітынгу. А каб апазыцыя не ўчыніла
несанкцыяваны мітынг, на пляцы перад выканкамам у нядзелю ўладныя чыноўнікі
вырашылі правесьці конкурс дзіцячага малюнку на асфальце.
Не дазволілі ўлады правесьці мітынг і ў Сьветлагорску.
Нягледзячы на адмову, апазыцыя не зьбіраецца “спаць у шапку.”
Распавядае старшыня абласной рады БНФ Віктар Раманішка: “Па-першае, мы падамо ў суд. Мы лічым, што гэта неправамерная адмова, таму што мы маем права выказаць сваю думку ў адносінах да любага воргана. Гэта нашае канстытуцыйнае права, наколькі я разумею. А па-другое, мы, я думаю, выставім пікеты і будзем інфармаваць людзей 8-га кастрычніка.” Казімір Яноўскі,
Гомель
Распавядае старшыня абласной рады БНФ Віктар Раманішка: “Па-першае, мы падамо ў суд. Мы лічым, што гэта неправамерная адмова, таму што мы маем права выказаць сваю думку ў адносінах да любага воргана. Гэта нашае канстытуцыйнае права, наколькі я разумею. А па-другое, мы, я думаю, выставім пікеты і будзем інфармаваць людзей 8-га кастрычніка.” Казімір Яноўскі,
Гомель