Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Лідэры Аб’яднанай апазыцыі станоўча ацэньваюць вынікі “Маршу Cвабоды – 3”, які адбыўся ўчора ў Менску, ды заяўляюць пра новыя акцыі, якія адбудуцца 8 кастрычніка ў 23 буйнейшых гарадох Беларусі й 14 кастрычніка — у сталіцы. Гэтая кампанія распачынае актыўную падрыхтоўку апазыцыі да прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году.

“Марш Свабоды – 3”, які мірна прайшоў у Менску 1 кастрычніка, усё ж не абыйшоўся без затрыманьняў. Апроч таго, што міліцыя не дапусьціла на акцыю рыцарскіх коней, было затрымана некалькі чалавек, якія былі апранутыя ў яркія саколкі з лёгатыпам “Маршу Свабоды”, у тым ліку 15-гадовы юнак Аляксей Андросаў. Тым ня менш, лідэры апазыцыі заяўляюць, што гэтая акцыя была пасьпяховай і будзе мець працяг 8 кастрычніка ў 23-х буйнейшых гарадох Беларусі.

Гаворыць лідэр Беларускага Народнага Фронту Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Вельмі важным для нас было ня толькі правесьці гэты Марш відовішчна, але яшчэ і мірна і дысцыплінавана. Гэты палітычны сэзон у параўнаньні зь мінулай вясной абавязкова павінен набыць новую якасьць. Мы мусім паказаць, што ўся Беларусь у агульнанацыянальным маштабе дамагаецца дэмакратычных варункаў выбараў, займаецца актыўным байкотам выбарчага фарсу, ну і гатовая бараніць незалежнасьць у выпадку рэальнай ёй пагрозы. Мы 8 кастрычніка плянуем беспрэцэдэнтную акцыю. Такога яшчэ не было – сынхроннае правядзеньне маршаў у 23 гарадох Беларусі, у абласных і іншых вялікіх гарадох – больш за 50 тысяч насельніцтва. У гэтых гарадох улады нідзе яшчэ не давалі дазволу арганізатарам ні на пікеты, ні на маршы, ні на мітынгі. Усе чакалі, як закончыцца гэтая акцыя ў Менску”.

— гэта быў лідэр БНФ Вінцук Вячорка. Ён паведаміў таксама, што ўжо пададзеная заяўка на правядзеньне новай масавай акцыі ў Менску 14 кастрычніка, напярэдадні дня галасаваньня. Апазыцыя жадае правесьці шэсьце ад Акадэміі навук да пляцу Незалежнасьці.

Вінцук Вячорка заяўляе, што ўсе гэтыя акцыі, шэсьці й мітынгі ў 23 гарадох Беларусі пройдуць, не зважаючы на тое, дадуць ці не на іх дазвол мясцовыя ўлады. У кожны з гэтых гарадоў паедуць прадстаўнікі кіраўніцтва дэмакратычных партыяў, каб данесьці сваю пазыцыю.

Такім чынам, кампанія актыўнага байкоту працягваецца, і яна павінна перарасьці ў супольную прэзыдэнцкую кампанію аб’яднанай апазыцыі. Натхнёная посьпехам сэрбскіх дэмакратаў, беларуская апазыцыя таксама зьбіраецца дамагчыся перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах. Гаворыць лідэр Аб’яднанае Грамадзянскае партыі Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Мы павінны знайсьці фармат, каб знайсьці новую канфігурацыю дэмакратычнай аб’яднанай апазыцыі. Гэта можа быць альбо рух да пераменаў, у які ўвойдуць палітычныя партыі, грамадзкія арганізацыі, прафсаюзы, альбо падпісаньне мэмарандума, дзе будуць выкладзеныя мэты і задачы, якія стаяць перад дэмакратычнай апазыцыяй, а таксама прынцыпы, на якіх адбываецца працэс аб’яднаньня. І другое, што неабходна зрабіць, гэта выпрацаваць і прыняць працэдуру выхада на адзінага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах. Акрамя гэтага, 8 кастрычніка мы робім першую спробу праводзіць сыстэмную працу ў нашых рэгіёнах, бо выйграць прэзыдэнцкія выбары толькі ў Менску – гэта недастаткова. Трэба мець добрыя пазыцыі па ўсіх рэгіёнах Беларусі”.

Паведаміў Анатоль Лябедзька. Ён лічыць, што шанец на перамогу беларуская апазыцыя мае, калі застанецца адзінай, калі будзе актыўна працаваць зь людзьмі па ўсёй Беларусі ды не баяцца чарнавое работы.

Валер Каліноўскі, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG