У чым прычыны чарговых нападак Аляксандра Лукашэнкі на кансультацыйна-назіральную
групу АБСЭ ў Менску, ажно да намёкаў на магчымасьць выдаленьня групы зь
Беларусі?
Група АБСЭ на чале з амбасадарам Вікам заўсёды была адным з улюбёных
аб’ектаў нападаў з боку кіраўніка Беларусі: перадапошнія сур’ёзныя абвінавачаньні
прагучалі з вуснаў Лукашэнкі гэтым летам, у часе пасяджэньня так званага
“шырокага дыялёгу”. Але ў апошніх заявах кіраўніка Беларусі наконт групы
АБСЭ, што прагучалі ў часе прадстаўленьня новага кіраўніка КГБ, прыцягвае
ўвагу новы момант – празрысты намёк на тое, што група можа быць выдаленая
зь Беларусі.
У сваім камэнтары, дадзеным нашаму радыё, амбасадар Вік наўпрост зьвязаў
абвінавачаньні кіраўніка дзяржавы з вынікамі нядаўняй канфэрэнцыі міністраў
замежных справаў АБСЭ, дзе з прычыны нязгоды афіцыйных дэлегацыяў Беларусі
і Расеі не была прынятая выніковая дэклярацыя. Маскву не задаволіла крытыка
расейскай палітыкі ў Чачні, Грузіі і Малдове, а таксама асуджэньне палітыкі
афіцыйнага Менску, што ўтрымліваліся ў праэкце дэклярацыі.
Аналітык нашага радыё Пол Гоўбл таксама лічыць, што крытыкаю на адрас
групы АБСЭ Лукашэнка дэманструе ляяльнасьць Расеі. Адносіны беларускага
лідэра да АБСЭ і яе групы вагаюцца ў дакладнай адпаведнасьці са зьменамі
расейскай палітыкі. Паводле зьвестак з дасьведчаных крыніцаў, у 1997 годзе
Лукашэнка пагадзіўся прыняць у Беларусі кансультацыйна-наглядальную групу
менавіта пад ціскам тагачаснага міністра замежных справаў Расеі Прымакова.
Зараз адносіны Расеі з АБСЭ абвастраюцца, і ў Лукашэнкі знаходзіцца вялікі
стос абвінавачваньняў на адрас прадстаўніцтва гэтай арганізацыі ў Беларусі.
Пол Гоўбл не выключае, што пагрозы беларускага лідэра ёсьць звыклая
для яго “вайна нэрваў”: кінуць Захаду выклік і паглядзець, якой будзе рэакцыя.
Калі рэакцыя будзе дастаткова рэзкаю і востраю, кіраўнік Беларусі можа
“забыць” пра свае пагрозьлівыя абяцаньні. Гэтым разам рэакцыя, дарэчы,
зьявілася даволі хутка. Учора прадстаўнік дзярждэпартамэнту ЗША Баўчар
заявіў:
(Баўчар: ) “Мы ўпэўненыя, што АБСЭ мусіць прысутнічаць у гэтым рэгіёне,
і што народы рэгіёну, у прыватнасьці, беларускі народ, маюць патрэбу ў
тым, каб супрацоўнічаць з АБСЭ і прытрымлівацца прынцыпаў гэтай арганізацыі”.
Аналітык нашага радыё мяркуе, што абвінавачаньні Лукашэнкі на
адрас групы АБСЭ могуць быць спробаю згуляць на абвастрэньні супярэчнасьцяў
паміж Масквою і Захадам. Нападкі на прадстаўніцтва АБСЭ гучаць як своеасаблівы
сыгнал гэтай арганізацыі: ня хочаце ўвогуле згубіць уплыў на Беларусь –
саюзніка Расеі – зьніжайце свае патрабаваньні. Калі Лукашэнка сапраўды
вядзе падобныя гульні, група АБСЭ хутчэй за ўсё працягне сваю працу ў Менску:
пагроза мацней за выкананьне .
Канчатковы адказ на пытаньне пра лёс групы АБСЭ ў Беларусі залежыць
ад таго, наколькі працяглым і сур’ёзным будзе абвастрэньне адносінаў Расеі
і Захаду. Аналітык нашага радыё Пол Гоўбл не выключае, што і адмова расейскага
міністра Іванова падпісаць выніковую дэклярацыю нарады міністраў замежных
справаў АБСЭ, і абвінавачваньні Лукашэнкі на адрас прадстаўніцтва гэтай
арганізацыі – часткі новай стратэгіі Масквы ў адносінах да АБСЭ, сутнасьць
якой – ігнараваньне Расеяй меркаваньняў усясьветнай супольнасьці і самаізаляцыя
Расеі.
“У гэтым выпадку, – лічыць Пол Гоўбл, – жорсткім заявам Лукашэнкі могуць
наступнічаць такія ж жорсткія дзеяньні”.
Юры Дракахруст, Прага
Самае папулярнае
1