Аляксандар Лукашэнка публічна выказаў сумненьне ў мэтазгоднасьці далейшага
знаходжаньня ў Беларусі місіі АБСЭ. Разам з тым кіраўнік Кансультацыйна-назіральнае
групы АБСЭ Ганс-Георг Вік адзначае, што эўрапейскія структуры маюць намер
«аднавіць свае спробы стварыць дэмакратычна прыймальныя ўмовы для выбараў».
Сёньня, выступаючы перад кіраўніцтвам беларускага КГБ, Аляксандар Лукашэнка
заявіў: «Ніхто больш ня будзе ламаць заканадаўства да прэзыдэнцкіх выбараў
у 2001 годзе». Паводле Лукашэнкі, сваю роль Кансультацыйна-назіральная
група АБСЭ ўжо выканала, рыхтуючы рэкамэндацыі ва ўдасканальваньні беларускага
выбарчага заканадаўства. Спадар Лукашэнка зноў паўтарыў свой тэзыс, што
рэкамэндацыі прадстаўнікоў АБСЭ былі ўлічаныя пры карэктыроўцы выбарчых
законаў. А значыць, «пара падумаць аб ролі й месцы КНГ АБСЭ ў Беларусі»,
— заявіў кіраўнік дзяржавы.
Я запытаў у прэсавага сакратара МЗС Беларусі Паўла Латушкі, ці мае МЗС
нейкія пляны або намеры зьмяняць ролю й места місіі АБСЭ ў Беларусі. Спадар
Латушка адказаў:
(Латушка: ) «Ну, я магу сказаць, што зараз, нават, пад час саміту міністраў
замежных справаў краін-удзельніц АБСЭ таксама разглядаюцца пытаньні, зьвязаныя
з рольлю місіі АБСЭ, і гэтае пытаньне таксама можа ставіцца і Рэспублікай
Беларусь. Таму яшчэ раз хацеў бы, каб Вы накіраваліся да словаў прэзыдэнта
Беларусі, які сказаў, што трэба падумаць аб ролі і месцы КНГ у Беларусі”.
Відавочна, што як заўсёды, чарговыя рэзкія заявы спадара Лукашэнкі пра
замежную палітыку сталі поўнай нечаканасьцю для беларускага замежнапалітычнага
ведамства. Варта заўважыць, што з падобнымі пагрозамі на адрэсу КНГ Аляксандар
Лукашэнка выступае ўжо ня ўпершыню. Аднак на гэты раз заявы спадара Лукашэнкі,
магчыма, былі выкліканыя апошнімі выказваньнямі спадара Віка, якія ён зрабіў
на адкрыцьці ў мінулую пятніцу міжнароднай канфэрэнцыі «Беларусь на шляху
ў новую Эўропу — палітычная ды эканамічная ізаляцыя або адкрытасьць?»
Кіраўнік КНГ АБСЭ ў Беларусі адзначыў тады, што эўрапейскія структуры
маюць намер «аднавіць свае спробы стварыць дэмакратычна прыймальныя ўмовы
для выбараў». Спадар Вік пацьвердзіў, што місія АБСЭ будзе зноў аказваць
дапамогу грамадзкім арганізацыям у стварэньні эфэктыўнае сеткі назіраньня
за выбарамі. На думку спадара Віка, «яшчэ надта рана казаць, ці будзе прагрэс
у дэмакратызацыі дзейнай аўтарытарнай сыстэмы». Ён таксама ня выключыў
магчымасьць байкоту прэзыдэнцкіх выбараў.
Нажаль, спадар Вік сёньня знаходзіцца не ў Беларусі — таму нам не ўдалося
зь ім зьвязацца. Супрацоўнікі місіі, у прыватнасьці спадарыня Беата Тышкевіч,
у ягоную адсутнасьць адмовіліся камэнтаваць сёньняшнія выказваньні Аляксандра
Лукашэнкі.
Віталь Цыганкоў, Менск
Самае папулярнае
1