Сродкі масавай інфармацыі найбліжэйшых суседзяў Беларусі адгукнуліся
на ўчорашнія перастаноўкі ў беларускіх сілавых структурах. Падаем агляд
публікацыяў на гэтую тэму ў сёньняшніх польскіх, літоўскіх і швэдзкіх газэтах.
Апошнія падзеі ў Менску найбольш непакояць непасрэдных суседзяў Беларусі.
Сёньняшнія польскія газэты выйшлі з красамоўнымі загалоўкамі: «Чыстка ў
Менску» (Gazeta WYborcza), «Лукашэнка траціць цярплівасьць» (Rzeczpospolita).
«... Ня выключана, што адстаўкі былі выкліканы тым, што Лукашэнка страціў
цярплівасьць, «бо расьследаваньне шмат якіх важных справаў без прычыны
зацягваецца», - піша Пётар Касьціньскі ў газэце Rzeczpospolita. - Неафіцыйна
прадстаўнікі прэзыдэнцкай адміністрацыі кажуць, што гаворка йдзе пра недастатковую
эфэктыўнасьць сьледчых дзеяньняў у справах аб зьнікненьнях».
Сваімі думкамі з газэтай Rzeczpospolita дзеліцца незалежны палітоляг
Уладзімер Падгол. Сярод іншага ён сказаў: «Свае пляны на Беларусь мае Масква,
мае Эўропа, мае ўрэшце сам Лукашэнка. Наша апазыцыя занадта слабая, каб
зь ёй можна было лічыцца. Існуе шанец, што Масква дамовіцца з Эўропай у
справе падтрымкі зьменаў на пасадзе прэзыдэнта і, магчыма, якраз у гэтым
і палягае прычына цяперашняга замяшаньня. Калі б гэты плян спраўдзіўся,
- працягвае Ўладзімер Падгол, - паўсюдна пашыраныя ў Беларусі расейскія
мас-мэдыя стварылі б вобраз новага кандыдата на пасаду кіраўніка дзяржавы,
а Лукашэнка пасьля атрыманьня гарантыяў бясьпекі мог бы пераехаць у Маскву
на якую-небудзь важную пасаду ў Саюзе Беларусі й расеі. Мы ня ведаем магчымае
рэакцыі Лукашэнкі, аднак згадзіўся б ён з гэтым плянам ці не — яму будуць
патрэбныя эфэктыўныя службы бясьпекі».
Свой камэнтар апошнім падзеям дае газэце Rzeczpospolita і журналіст
ОРТ Павел Шарамет. «У сераду ў Менск мае прыехаць прэзыдэнт Пуцін. Лукашэнка
хоча спадабацца Крамлю, бо баіцца, што яго ўжо там успрымаюць ня надта
добра. Таму хутчэй за ўсё ён і вырашыў звольніць сваіх найбліжэйшых супрацоўнікаў.
Людзі, якія занялі ў панядзелак пасады кіраўнікоў генэральнай пракуратуры,
Рады Бясьпекі і КГБ блізкія да Масквы». Павел Шарамет таксама не выключае
сувязі звальненьняў са справай зьнікненьня апазыцыйных палітыкаў.
Зацікавілі апошнія беларускія падзеі і друк Швэцыі. Уплывовая газэта
Dagens Nyheter зьмясьціла сёньня артыкул свайго карэспандэнта Мікаэля Вінярскага
«Лукашэнка звальняе паплечнікаў». Газэта апісвае падзеі апошняга месяца,
якія ўпісваюцца ў агульны кантэкст са звальненьнямі — ліст ананімнага супрацоўніка
КГБ з дэталямі справы аб знікненьнях і паказаны тэлеканалам ОРТ дакумэнтальны
фільм Паўла Шарамета «Дзікае паляваньне». Павел Шарамет таксама падзяліўся
з газэтай сваімі развагам над прычынай звальненьняў сілавікоў. Сярод іншага
ён зазначае, што новы шэф КГБ Леанід Ерын — расеец, якога неафіцыйна называюць
«прадстаўніком ФСБ у беларускім КГБ». Такім чынам, піша швэдзкая Dagens
Nyheter, у Беларусі адбываецца «ўнутраны пераварот», калі ўсеключавыя пасады
забіраюцца ў беларусаў і перадаюцца ў рукі «адкрытых прадстаўнікоў Расеі
ў Лукашэнкавым асяродзьдзі»
«У Лукашэнкавым асяродзьдзі — дзень ачышчэньня». Так названы артыкул
найбуйнейшай літоўскай газэты Lietuvos rytas. Газэта піша: «Аляксандар
Лукашэнка раніцай у панядзелак зьдзівіў краіну. Менавіта так успрымаецца
ягонае рашэньне правесьці чыстку ў найбліжэйшым атачэньні. Хоць некаторых
пераменаў у найвышэйшым беларускім кіраўніцтве чакалі ўжо даўно, аднак
ніхто не спадзяваўся, што кадравая чыстка будзе такая рэзкая і грунтоўная».
Найважнейшаю, працягвае Lietuvos rytas, лічыцца адстаўка сакратара Рады
Бясьпекі генэрала Шэймана, які быў побач з Лукашэнкам ад самага пачатку
ягонай палітычнай кар’еры і ня меў сабе роўных што да ўплыву на прэзыдэнта.
Газэта згадвае пагалоскі, што менавіта Расея рашуча рэкамэндавала Лукашэнку
пазбавіцца ад гэтага чалавека і што сам Пуцін спрабуе ўмацаваць у Беларусі
сваё лобі і расставіць у Менску сваіх людзей.
Падсумоўваючы, літоўская газэта Lietuvos rytas робіць выснову: апошнія
падзеі ў Беларусі сьведчаць, што Аляксандар Лукашэнка сур’ёзна распачаў
прэзыдэнцкую выбарчую кампанію. Менавіта з гэтай прычыны спатрэбілася як
сьлед «зачысьціць» сваё блізкае атачэньне, ахвяраваўшы дзеля гэтага нават
блізкімі і адданымі людзьмі.
Пераклаў
Сяргей Шупа
Сяргей Шупа