Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Павел Шарамет мяркуе, што прызначэньне Віктара Шэймана на пасаду генэральнага пракурора Беларусі прывядзе да канчатковага развалу справы Зьмітра Завадзкага. Апошнія кадравыя перастаноўкі ў Беларусі пракамэнтавалі таксама жонкі зьніклых — Зінаіда Ганчар і Сьвятлана Завадзкая.

Вядомы журналіст ОРТ Павал Шарамет, чый фільм “Дзікае паляваньне” быў прысвечаны праблеме зьнікненьня ў Беларусі вядомых асобаў, не выключае, што менавіта гэтая праблема паўплывала на кадравы ператрус сярод сілавікоў, які ўчыніў Аляксандар Лукашэнка. Шарамет, аднак, ня лічыць, што перастаноўкі сярод сілавікоў, у тым ліку й сёньняшняе прызначэньне былога дзяржаўнага сакратара Віктара Шэймана на пасаду кіраўніка Рэспубліканскае пракуратуры, прывядуць да станоўчых вынікаў у расьсьледваньні справаў зьніклых.

(Шарамет: ) “Прызначэньне Шэймана на пасаду генэральнага пракурора азначае, што справа Завадзкага зараз будзе развальвацца. Бо міністрам унутраных справаў стаў Навумаў, які прама або ўскосна ўцягнуты ў розныя вэрсіі зьнікненьня Зьміцера, а генэральным пракурорам стаў Шэйман – чалавек, які, паводле нашых дадзеных, рабіў усё, каб праўда аб справе Завадзкага ня выйшла навонкі”.

Не падзяляе Павал Шарамет спадзяваньняў на лібэралізацыю палітычнага рэжыму ў Беларусі і ў сувязі з прыходам на пасады кіраўніка Рады Бясьпекі й КГБ новых асобаў.

(Шарамет: ) “Ніякіх аптымістычных прагнозаў і ніякіх аптымістычных высноваў наконт таго, што, маўляў, улада Лукашэнкі размываецца, на пасады прыходзяць лібэралы. Вядома, Латыпаў, Ерын – гэта людзі больш адэкватныя, чым Шэйман і Бажэлка, але і Латыпаў, і Ерын – гэта вельмі жорсткія людзі, гэта людзі, якія працавалі з Лукашэнкам апошнія гады. Латыпаў – прафэсійны кагэбіст, які рабіў усё, каб пасварыць АБСЭ з беларускай апазыцыяй, рабіў усё, каб Вік быў ніхто, і каб місія АБСЭ правалілася. Таму нечага новага чакаць ад гэтых людзей ня трэба,”

- мяркуе Павал Шарамет.

Зінаіда Ганчар, жонка зьніклага год і тры месяцы таму намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Віктара Ганчара, назвала сёньняшняе прызначэньне Шэймана “прыкметамі агоніі рэжыму”. Зінаіда Ганчар абурылася тым, што на пасаду кіраўніка пракуратуры прызначылі чалавека, дзеяньнямі якога, паводле ўчорашняй інфармацыі з адміністрацыі, Лукашэнка быў незадаволены.

Жонка Ганчара ня верыць у шчырасьць гэтага “незадавальненьня”:

“І што значыць “незадаволены”? Калі людзі наўмысна зацягвалі расьсьледваньне, дык іх трэба не звальняць і тым больш — не пераводзіць на новыя адказныя пасады, а спраўдзіць іх магчымы ўдзел у гэтым злачынстве”, — мяркуе Зінаіда Ганчар.

Яна нагадвае кіраўніку дзяржавы, што незадаволенасьць яму трэба было праявіць значна раней, бо зь першага палітычнага зьнікненьня — былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі — мінула больш за паўтары гады. “Учорашнія вызваленьні ад пасадаў выглядаюць як спроба вывесьці давераных людзей з-пад адказнасьці. І шукайце ветру ў полі?.. Не — значыць, будзе несьці адказнасьць Лукашэнка. Ён адказны за ўсіх палітычных апанэнтаў, з якімі нешта здараецца”, — казала Зінаіда Ганчар.

Жонка апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага заявіла, што ня верыць у шчырасьць Лукашэнкі яшчэ з таго часу, калі яе муж разам з Паўлам Шараметам сядзеў у гарадзенскім ізалятары КГБ, а Лукашэнка па тэлевізіі абвесьціў, што быццам бы яна зьвярнулася да яго зь лістом, у якім прасіла адпусьціць мужа на волю. На самой справе такога ліста не было…

Ня думае Сьвятлана Завадзкая, што й цяпер Лукашэнка шчыры, калі кажа, што незадаволены тым, як ідзе расьсьледваньне:

(Завадзкая: ) “Хутчэй, ён незадаволены тым, што сілавікі ня здолелі захаваць свае сакрэты, а звольніўшы іх, зрабіў выгляд, што йдзе праца, што нешта робіцца. Вось наперадзе сустрэча з Пуціным — трэба ж нешта казаць”.

Гэта была жонка Зьмітра Завадзкага Сьвятлана.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG