Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Старшыня Вярхоўнага Савету РБ Сямён Шарэцкі выступіў сёньня з заявай адносна адставак сілавікоў ва ўрадзе Лукашэнкі.

Як стала вядома, 27 лістапада 2000 г. са сваіх пасадаў былі зьнятыя Віктар Шэйман, Уладзімер Мацкевіч і Алег Бажэлка, хоць апошні і быў прызначаны на яе незаконна. Незадоўна перад гэтым пакінулі свае пасады Сяргей Лінг і Рыгор Кісель, а яшчэ раней – Іван Антановіч. Усе яны аддана служылі дыктатарскаму рэжыму, створанаму ў Беларусі з дапамогай расейскіх шавіністычных колаў, але па нацыянальнасьці былі беларусы. Іх месцы занялі цяпер пасланцы Масквы, многія зь якіх зьяўляюцца афіцэрамі расейскіх спэцслужбаў.

Апошні кадравы ператрус у шэрагах дыктатарскага рэжыму не павінен ужо ў нікога не выклікаць сумневу, што, гаворачы словамі кіраўнікоў Расейскай Фэдэрацыі, у Беларусі заканчваецца “зачыстка” існуючага рэжыму ад саміх беларусаў. Тым больш, што гэта пацьвярджаецца і абраньнем кіраўніка так званай “Палаты” – таксама па нацыянальнасьці рускага, які ўжо, дарэчы, пасьпеў зьняважыць беларускую мову.

Па свайму нацыянальнаму складу пануючы ў нашай краіне дыктатарскі рэжым зараз зьяўляецца амаль цалкам расейскім, а ў адносінах да Беларусі – акупацыйным. Наступным крокам, які можа адбыцца на Беларусі, мабыць, стане адхіленьне ад улады самога дыктатара і замена яго на менш амбітную і больш прыймальную для Расеі асобу, або прымус сёньняшняга дыктатара здаць дзяржаўны сувэрэнітэт Беларусі на прапануемых расейскімі шавіністамі ўмовах…

…Апошні наступ расейскага шавінізму сьведчыць, што пры дасягненьні сваіх злачынных мэтаў ён не супакоіцца ні перад чым, і ніякіх справядлівых дэмакратычных прэзыдэнцкіх выбараў пры сытуацыі, якая склалася, у Беларусі ня будзе.

Таму адзіным крокам, што можна сёньня супрацьпаставіць наступствам прарасейскага акупацыйнага рэжыму, зьяўляецца, як я ўжо прапаноўваў у сваёй папярэдняй заяве, стварэньне часовага Ўраду нацыянальнага даверу, які зможа аб’яднаць усе дэмакратычныя сілы ў краіне і разам з ВС арганізуе сапраўдныя свабодныя выбары як парляманта, так і прэзыдэнта РБ.

Як старшыня ВС яшчэ раз заяўляю, што гатовы, згодна з Канстытуцыяй РБ узяць на сябе ўсю адказнасьць і прыступіць на гэты конт да перамоваў з усімі сіламі, зацікаўленымі ў захаваньні незалежнасьці Беларусі і вяртаньні яе на дэмакратычны шлях разьвіцьця”.

Сямён Шарэцкі,
старшыня ВС Рэспублікі Беларусь

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG