Сёньня французкая газэта Liberation надрукавала артыкул пад назвай
“Сэрыя зьнікненьняў сярод апанэнтаў сярод апанэнтаў беларускага прэзыдэнта”.
Шмат хто ў ланцугу зьнікненьняў бачыць руку кіраўніка дзяржавы
Элен Дэспіч-Поповіч, спэцыяльны карэспандэнт у Менску
Віктара Ганчара апошні раз бачылі 16 верасьня 1999 году ў кампаніі Анатоля
Красоўскага, калі яны выходзілі з лазьні. На месцы, дзе Красоўскі звычайна
паркаваў сваю машыну, былі знойдзеныя асколкі шкла і сьляды крыві. Ад таго
часу — ніякіх зьвестак пра гэтых людзей. «Джып Чырокі» Красоўскага таксама
так ніколі й ня быў знойдзены. Ганчар — адзін з самых вядомых сярод тых,
хто зьнік бязь следу. Гэты чалавек некалі дапамог аўтарытарнаму лідэру
Лукашэнку прыйсьці да ўлады. Пасьля ён ад яго дыстанцыяваўся. Перайшоўшы
ў апазыцыю, ён сьцьвердзіў сябе як галоўнага дзеяча паралельнага Парлямэнту
— вернага Канстытуцыі і прызнаванага міжнароднай супольнасьцю — выступіўшы
з пратэстам супраць канстытуцыйнай рэформы, навязанай прэзыдэнтам у 1996
годзе. Апошні праз рэфэрэндум пашырыў сваю асабістую ўладу і ўдвая зьменшыў
колькасьць дэпутатаў, зрабіўшы з Парлямэнту паслухмяную марыянэтку. Шмат
хто бачыў у Ганчары магчымую альтэрнатыву дыктатару.
Іншыя зьніклі яшчэ раней. Першаю ў красавіку 1999 году была Тамара Віньнікава,
старшыня Нацыянальнага Банку. Празь месяц настала чарга былога міністра
ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, які, патэлефанаваўшы жонцы з гаража,
так і не вярнуўся дадому. Сёлета ў ліпені, сустракаючы сябра на менскім
лётнішчы, зьнік тэлеапэратар Дзьмітры Завадзкі. Усіх іх аб’ядноўвала адна
рэч: кожны зь іх быў некалі блізкі да прэзыдэнта. Казалі, што Віньнікава
належала да вельмі блізкага яму кола. Ганчар і Захаранка, перш чым збунтавацца,
займалі высокія пасады. А Завадзкі быў адным зь першых журналістаў, дапушчаных
у прэзыдэнцкі палац.
Злачыннае маўчаньне
Раптоўнае зьяўленьне Віньнікавай, якая праз шэсьць месяцаў таямніча
апынулася ў Лёндане, нічым не праясьніла справы. Абвінавачаная ў злоўжываньні
публічнай маёмасьцю, зьняволеная, пасьля пасаджаная пад хатні арышт, яна
невядома як здолела ўцячы ад ахоўнікаў. У Лёндане яна надавала шмат інтэрвію,
у якіх так нічога і не патлумачыла. Ходзяць чуткі, што яна пайшла на нейкі
кампраміс з рэжымам. «Яе вызваленьне мела за мэту прыхаваць крымінальны
характар іншых зьнікненьняў», - цьвердзіць Гары Паганяйла, колішні адвакат
Віньнікавай і Ганчара, прадстаўнік Беларускага Гельсынскага Камітэту.
Ці з апазыцыянэрамі, якія зашмат ведалі і таму былі небясьпечныя, расправіліся
спэцслужбы? Шмат хто думае менавіта гэтак. «Арышт апазыцыянэраў і цяганьне
іх па судох заўсёды прыцягвае ўвагу міжнародных арганізацыяў. Калі людзі
зьнікаюць, улады абвінаваціць цяжэй, і інфармацыя нікуды не выходзіць»,
- падкрэсьлівае палітоляг Сьвятлана Навумава. Захаранка зьнік пасьля таго,
як заснаваў магутную незалежную афіцэрскую арганізацыю, у якую ўвайшлі
вэтэраны Афганістану, колішнія супрацоўнікі КГБ, міліцыянты і вайскоўцы,
зазначае Паганяйла. Што да Ганчара, дык ён зьнік за два дні да важнага
паседжаньня Парлямэнту, на якім ён меўся старшыняваць. «Калі б улады былі
сумленныя, яны б растлумачылі, што яны зрабілі ў справе пошукаў. А ўлады
маўчаць, і чым больш яны маўчаць, тым больш ёсьць падставаў думаць, што
яны самі маюць дачыненьне да ягонага зьнікненьня», - дадае адвакат. Факты
зьнікненьня яшчэ больш паглыбілі стан няпэўнасьці і неспакою, спароджаны
рэпрэсіямі супраць апазыцыі.
Мішэнь
У шэрагах апазыцыі мяркуюць, што імя будучага супольнага кандыдата на
прэзыдэнцкіх выбарах не павінна быць названае занадта рана, каб і ён не
зрабіўся ахвярай зьнікненьня. Прэсу таксама хвалюе лёс апэратара Завадзкага,
які якраз перад зьнікненьнем падрыхтаваў рэпартаж пра Чэчэнію, дзе ён выкрыў
удзел у тамтэйшай вайне колішніх афіцэраў беларускіх спэцслужбаў на баку
чэчэнцаў. Гэтае выкрыцьцё не магло спадабацца прэзыдэнту Лукашэнку, які
выступае за саюз з Расеяй.
«Што ведаем, тое й публікуем. Мы ня маем магчымасьці весьці сапраўднае
расьсьледаваньне, - прызнае Аляксандар Гуляеў, віцэ-прэзыдэнт Беларускай
Асацыяцыі Журналістаў. - Адзінае, што мы можа рабіць — гэта не забывацца.
Трэба, каб грамадзтва памятала, што людзі зьнікаюць?. У Беларусі незалежная
прэса амаль ня мае магчымасьці быць пачутай. Яна практычна зьнікла зь інфармацыйнага
краявіду; сукупны тыраж незалежнай прэсы складае 300 тысячаў асобнікаў,
у параўнаньні з 3 мільёнамі дзяржаўных выданьняў. Сродкі здушэньня самыя
разнастайныя: эканамічны і падаткавы ўціск, дзеля якога незалежныя газэты
каштуюць даражэй за дзяржаўныя, велізарныя штрафы і папярэджаньні. Да іх
дадаецца перарэгістрацыя, якая праводзіцца кожны раз, калі мяняецца закон:
за апошнія пяць гадоў гэта адбылося ўжо тройчы.
Палітычныя працэсы
Аднак нягледзячы на ўсе нягоды, незалежная прэса жыве. І паводле Гуляева,
ніводная газэта не зьмяніла рэдакцыйнай палітыкі з прычыны зьнікненьняў.
«Незалежная прэса і апазыцыя існуюць не дзякуючы дзяржаве, а насуперак
ёй», - падкрэсьлівае Сьвятлана Навумава. Як цьвердзяць праваабарончыя арганізацыі,
сотні, нават тысячы людзей былі прыцягнутыя да судовай адказнасьці з палітычных
матываў. Ад часу прыходу Лукашэнкі да ўлады адбылося ўжо некалькі палітычных
працэсаў, закамуфляваных часам пад крымінальныя справы. Шмат хто ў краіне
страціў працу. Ці можна ў гэткай сытуацыі казаць пра дыктатуру? Гары Паганяйла
называе гэта «вяртаньнем да савецкіх часоў».
Гэта цьверджаньне, вядома, перабольшанае, бо яно ня ўлічвае намаганьні
рэжыму, хай сабе й абмежаваныя, пайсьці на пэўныя саступкі каб прарваць
міжнародную ізаляцыю, на якую засудзіла яго Эўропа за адсутнасьць у краіне
дэмакратыі. «Лукашэнка, - зазначае Сьвятлана Навумава, - толькі патэнцыйны
дыктатар. Ён ня мае сродкаў на сваю палітыку. Савецкі Саюз мог дазволіць
сабе стварэньне «жалезнай заслоны», Беларусь ня мае на гэта грошай».
AMNESTY INTERNATIONAL ВЫКРЫВАЕ ПАЎЗУЧУЮ ДЫКТАТУРУ
[Рэдакцыйная інфармацыя ]
Сотні арыштаў, залежнасьць судоў ад выканаўчай улады, здушэньне апазыцыі:
сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі мае ўсе рысы паўзучае дыктатуры,
кіраванай Аляксандрам Лукашэнкам. Прэзыдэнт францускага аддзелу міжнароднай
праваабарончай арганізацыі Amnesty International згадаў пра гэта ў сераду
перад парлямэнтарамі з групы француска-беларускага сяброўства, якая мае
за мэту кантактаваць «зь беларускім народам, а не з рэжымам». «За два апошнія
гады становішча пагоршылася», - падкрэсьліў ён, спасылаючыся на зьнікненьні
апазыцыянэраў. Amnesty International актыўна выступіла ў справе Андрэя
Клімава, які быў зьняволены ў 1998 годзе і быў у лістападзе абвешчаны гэтай
арганізацыяй «вязьнем месяца». Сярод сабраных сьведчаньняў выклікае трывогу
пэўны паварот у палітыцы рэжыму што да наступстваў Чарнобылю. У Беларусі,
краіне найбольш пацярпелай ад катастрофы, ад радыяактыўнага заражэньня
церпяць 800 тысячаў дзяцей. «Аднак сёньня гэтая тэма стала табу, і ўлады
змушаюць насельніцтва да вяртаньня ў заражаную зону», - падкрэсьлілі сьведкі,
запрошаныя выступіць перад парлямэнтарамі.
Пераклаў
Сяргей Шупа, Вільня
Самае папулярнае
1