25 лістапада абвешчаны Міжнародным днём барацьбы з гвалтам над жанчынай.
Паводле сацыялягічных дасьледваньняў, каля 90 адсоткаў беларускіх жанчынаў
сутыкаюцца з гвалтам рознага кшталту. Кожнай трэцяя жанчына ў Беларусі
хоць адзін раз у жыцьці была зьбітая.
Як сьцьвярджаюць прадстаўнікі беларускіх жаночых арганізацыяў, найбольш
распаўсюджанае ў краіне хатні гвалт. Тым больш, што ў Беларусі дагэтуль
няма Закону пра хатні гвалт, які дзейнічае ў большасьці заходніх краінаў.
Летась у Беларусі было зарэгістравана больш за 20 тысячаў крымінальных
злачынстваў, скіраваных супраць жанчынаў. Але гэтую лічбу, як мяркуе старшыня
Жаночага незалежнага дэмакратычнага руху Людміла Пеціна, трэба павялічыць
у 5-10 разоў. Бо жанчынаў, што пацярпелі ад гвалту з боку мужчынаў, значна
больш. Але часьцей за ўсё яны проста не зьвяртаюцца ў міліцыю, бо ня ўпэўнены,
што ім там дапамогуць.
Распавядае Людміла Пеціна.
(Пеціна: ) “Гвалт над жанчынай, над дзецьмі, гэта звычайная зьява ў
нашым грамадзтве. Сацыялягічныя дасьледаваньні таксама паказваюць на тое,
што 90 адсоткаў жанчынаў Беларусі сутыкаецца з рознымі відамі гвалту. Гэта
псыхалягічнае, вэрбальнае, фізычнае насільле. Кожнае трэцяя жанчына Беларусі
хоць аднойчы ў жыцьці была зьбітая. Самае галоўнае, што гвалт зьяўляецца
такой зьявай, да якой нашае грамадзтва прызвычаілася”.
Зазначыла Людміла Пеціна.
Паводле справаздачы пра ўсясьветнае разьвіцьцё, якую падрыхтаваў у 93-м
годзе Ўсясьветьны банк, у жанчынаў у веку ад 15 да 44 гадоў гвалт у сям’і
скарачаюць жыцьцё больш, чым ракавая пухліна грудзі, складаныя роды, войны
і аўтакатастрофы.
У кожным штаце Злучаных Штатаў Амэрыцы дзейнічае закон пра хатні гвалт,
у адпаведнасьці зь якім жанчыны могуць прыцягнуць да адказнасьці сваіх
мужоў за рознага кшталту гвалт. Такі закон існуе і ў большасьці эўрапейскіх
краінаў. Нават у Расеі яго ўжо некалькі разоў разглядалі ў парлямэнце,
але пакуль не прынялі. У Беларусі ж да гэтага справа яшчэ не дайшла. Сытуацыю
тлумачыць Людміла Пеціна:
(Пеціна: ) “Прпактычна такі закон, мадэльны, ён выпрацаваны. Гэта закон,
які сапраўды абараняе жанчыну ад хатняга гвалту. Безумоўна, у парлямэнце
больш за 90 адсоткаў мужчынаў, і няма шанцаў, што такі закон можна прыняць”.
Паведаміла Людміла Пеціна.
У многіх заходніх краінах існуюць, так бы мовіць, “прытулкі” для жанчынаў,
якія маюць праблемы ў сям’і. У такіх “прытулках” жанчыны разам з дзецьмі
могуць часова схавацца ад разьюшанага мужа, атрымаць мэдычную, юрыдычную
і нават грашовую дапамогу. У Беларусі ж дагэтуль няма ніводнага крызыснага
цэнтру для жанчынаў. Існуе толькі некалькі кансультацыйных цэнтраў, дзе
жанчыны могуць атрымаць псыхалягічную і юрыдычную дапамогу. Але гэтыя цэнтры
пакуль ня маюць сталага фінансаваньня.
Ганна Соусь, Менск
Самае папулярнае
1