Аляксандар Лукашэнка выдаў распараджэньне, у адпаведнасьці зь якім 100
лепшых беларускіх лекараў будуць штомесяц атрымліваць пэрсанальную дадатковую
аплату — каля 200 даляраў. Пасьля гэтага распараджэньня ў мэдычных установах
Беларусі ўсталявалася нэрвовая атмасфэра, бо Лукашэнка сваім рашэньнем
падзяліў лекараў на “вартых” і “нявартых”.
Аляксандар Лукашэнка вырашыў адзначыць сто лепшых мэдыкаў краіны штомесячнай
пэрсанальнай дадатковай аплатаю — каля 200 даляраў кожнаму. Да таго ж гэтая
сума не абкладваецца падаткам. У ганаровы сьпіс трапілі даволі вядомыя
лекары — у бальшыні, кіраўнікі інстытутаў, шпіталяў, навукоўцы, выкладчыкі.
Сярод іх — вядомы нэйрахірург Фёдар Аляшкевіч, знакаміты гінэколяг Андрэй
Праўдзін, дырэктар Інстытуту кардыялёгіі Мікола Манак, рэктар мэдінстытуту
Павал Беспальчук ды іншыя. Гэтае рашэньне мела шырокі розгалас у мэдычным
асяродку.
Паводле дырэктара Інстытуту нэўралёгіі, нэйрахірургіі ды фізыятэрапіі
Арнольда Сьмеяновіча, які таксама трапіў у ганаровы сьпіс, трэба было адзначыць
больш мэдыкаў.
(Сьмеяновіч: ) “Вядома, пажадана, каб падвышэньне атрымалі ня 100, а
200 чалавек. На мой погляд, гэтыя людзі даўно гэта заслужылі. Можа, мусіць
быць пэўная чарга — адзін год я атрымліваю, другі год — іншыя. Напэўна,
прэзыдэнт ня здолеў даць гэтыя грошы і іншым з-за фінансавых праблемаў.
Канешне, цяпер узьнікла нэрвовая сытуацыя ў мэдычным асяродку. Некаторыя
кажуць — чаму мне не далі? А другія — а чаму мне далі?”,
— зазначыў Арнольд Сьмеяновіч.
А загадчык аддзелу таракальнае хірургіі і анкалёгіі Інстытуту анкалёгіі
і мэдычнае радыялёгіі Ўладзімер Жаркоў толькі цяпер даведаўся пра сваю
ўзнагароду. І ён ня ведае, хто вылучаў лепшых.
(Жаркоў: ) “Пытаньне: “А судзьдзі — хто?” Але ў прынцыпе, ня ўсе лекары
мусяць атрымліваць аднолькавыя заробкі. Мне надоечы нехта паведаміў пра
гэтую надбаўку. Відаць, гэта праўда. Але мне асабіста пра гэта не паведамілі,
я ня бачыў ані папераў пра прызначэньне, ані тых грошай”,
— паведаміў Уладзімер Жаркоў.
Паводле афіцыйнае вэрсіі, лепшых вылучалі працоўныя калектывы. Але ў
размовах з шэраговымі мэдыкамі высьвятлецца, што самых годных і вартых
вызначалі ў вельмі вузкім коле.
Многія лекары абураныя распараджэньнем Лукашэнкі. Напрыклад, у менскім
Інстытуце траўматалёгіі ды артапэдыі, дзе звычайна на лятучках усе віншуюць
сваіх калегаў з атрыманьнем дзяржаўных і міжнародных прэміяў і ўзнагародаў,
факт вылучэньня толькі трох лепшых супрацоўнікаў быў успрыняты даволі нэрвова.
Калегі не сустрэлі гэтае паведамленьне апладысмэнтамі, як гэта заўжды адбывалася
ў калектыве.
Вось як пракамэнтаваў сытуацыю дэпутат Вярхоўнага Савету Ўладзімер Белякоў,
старшыня камісіі ў справе аховы здароўя Нацыянальнага Выканаўчага Камітэту,
гэтак званага “ценявога ўраду” Беларусі:
(Белякоў: ) “Вельмі цяжка вызначыць, хто з гэтых лекараў 100 лепшых.
У ахове здароўя працуе вельмі шмат людзей, і ўсе яны лепшыя, трэба усім
даць добрае жыцьцё, і тады будзе ўсё добра. Калі лекар атрымлівае 20-30
даляраў, гэта вельмі цяжка. Гэта сумна. Хацелася б, каб усе ў ахове здароўя
даставалі хаця б па 200 даляраў”.
Зазначыў Уладзімер Белякоў.
Ганна Соусь, Менск
Самае папулярнае
1