Міністэрства замежных справаў пракамэнтавала сёньня два міжнародныя
скандалы з удзелам Беларусі — нібыта зробленую ў NATO заяву пра мажлівае
фінансаваньне беларускае апазыцыі ды прадэманстраваны ў тэлеперадачы “Рэзананс”
сюжэт пра сьвяткаваньні ў Турэцкай рэспубліцы паўночнага Кіпру, якую не
вызнаюць у сьвеце самастойнай дзяржавай.
Дыпляматычнае ведамства Беларусі сабрала журналістаў не паводле традыцыі
(у чацьвер), а сёньня, каб агучыць заяву Міністэрства замежных справаў
з нагоды публікацыі ў маскоўскай газэце “КоммерсантЪ”.
Гэтае выданьне 21 лістапада надрукавала артыкул з назваю “Аляксандар
Лукашэнка сыдзе дэмакратычным шляхам. NATO гатовая фінансаваць беларускую
апазыцыю”. Газэта спасылалася на выступ афіцыйнага прадстаўніка NATO Джэмі
Шэа перад сябрамі Кэмбрыджcкага саюзу Вялікае Брытаніі. Паводле публікацыі
ў “КоммерсантЪ’е”, натаўскі прадстаўнік заявіў, што тактыка падтрымкі дэмакратаў
на выбарах ва ўсіх посткамуністычных краінах ёсьць найбольш слушнай ды
пасьпяховай:
“Я думаю, што наступнай краінаю, дзе NATO мусіць ужыць падобную тактыку,
будзе Беларусь. Мы павінныя даць фінансавую падтрымку на выбарах дэмакратычнай
апазыцыі рэжыму Лукашэнкі”, — гэтую цытату з выступу спадара Шэа спачатку
падала газэта “КоммерсантЪ”, а сёньня паўтарыў прэсавы сакратар беларускага
МЗС Павал Латушка, які дадаў, што прадстаўніцтва Беларусі ў NATO атрымала
абвержаньне гэтае цытаты ад самога Джэмі Шэа.
Намесьнік генэральнага сакратара NATO ў справах інфармацыі ды прэсы,
дырэктар офісу прэсы ды інфармацыі Джэмі Шэа даслаў беларускаму амбасадару
ў Брусэлі Ўладзімеру Лабунову адмысловы ліст, які сёньня зачытаў спадар
Латушка.
“Дарагі амбасадар! У адказ на Вашае пытаньне я жадаю заявіць наступнае.
Артыкул, што зьявіўся сёньня ў “КоммерсантЪ-daily“, які цытуе мае заўвагі
што да Беларусі, ёсьць поўнай фабрыкацыяй. Гэтая гісторыя была прыдуманая.
У ніводнай з маіх прамоваў або публічных выступаў, улучна з маім удзелам
у студэнцкіх дэбатах у Кэмбрыджскім саюзе ў мінулы чацьвер, я не рабіў
ніякіх спасылак на Беларусь ды не казаў пра якую-небудзь ролю NATO, зьвязаную
з умяшаньнем ва ўнутраную палітыку іншых краінаў. Я быў бы ўдзячны, калі
б Вы змаглі перадаць гэтае маё цьвёрдае ды катэгарычнае абвержаньне Вашым
уладам, каб не было ніякага няслушнага разуменьня”, — напісаў Джэмі Шэа
беларускаму амбасадару.
Прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Павал Латушка на мою
просьбу гэтак пракамэнтаваў скандал:
(Латушка: ) “Нам здаецца, што тэкст ліста намесьніка Генэральнага сакратара
НАТО Джэмі Шэа гаворыць сам за сябе. Мы хацелі б дадаць, што разглядаем
публікацыі, што зьявіліся ў некаторых сродках масавай інфармацыі ў згаданым
пытаньні, як сапраўдную правакацыю. Няма патрэбы сварыць Рэспубліку Беларусь
з адной з самых галоўных арганізацый у сьвеце, якой зьяўляецца арганізацыя
Паўночна-атлянтычнага дагавору”.
Заявіў спадар Латушка.
Ягоны брыфінг неўзабаве пераўтварыўся ў паўнавартасную прэсавую канфэрэнцыю
з удзелам новага намесьніка міністра замежных справаў Аляксандра Герасіменкі,
колішняга менскага “мэра”, які адпрацаваў больш як 5 год амбасадарам у
Баўгарыі ды Грэцыі. У сёньняшнім інтэрвію газэце “Звязда” спадар Герасіменка
зазначыў, што лічыць “вельмі пэрспэктыўным умацаваньне сувязяў і з дружалюбнай
да нас Грэцыяй”.
Аднак у мінулую нядзелю тэлепраграма “Рэзананс” вуснамі намесьніка старшыні
Белтэлерадыёкампаніі прапагандавала Турэцкую Рэспубліку Паўночнага Кіпру,
якую не прызнае ніводная краіна, апрача Турцыі. Ці не сапсуе сюжэт у “Рэзанансе”
стасункі Беларусі з Грэцыяй, якая адмыслова пратэстуе супраць падзелу Кіпру?
Вось як адказаў на гэтае пытаньне Аляксандар Герасіменка.
(Герасіменка: ) “Зараз мне складана даваць неякі камэнтар да яго. Гэта
права журналіста падаваць любую інфармацыю аб той ці іншай краіне. Я думаю,
што гэтая інфармацыя ніяк не адаб’ецца на адносінах паміж Беларусьсю і
Грэцыяй”.
(Сьвірко: ) “Вы сказалі, што гэта думка журналіста. Гэта намесьнік старшыні
Белдзяржтэлерадыёкампаніі. Ці супадае ягоная думка з думкай МЗС і афіцыйнага
Менску?”
(Герасіменка: ) “Думаю, што не”.
Заявіў Аляксандар Герасіменка, намесьнік міністра замежных справаў Беларусі,
які да нядаўняга часу быў амбасадарам у Грэцыі.
Юры Сьвірко, Менск
P.S. Мы таксама зьвярнуліся сёньня ў дэпартамэнт інфармацыі НАТО з просьбай
пракамэнтаваць публікацыю у газэце "Коммерсантъ". Чыноўнік, які не пажадаў назваць сваё
імя, адказаў:
(голас: ) "Гэты артыкул ёсьць абсалютнай выдумкай".
У газэце "Коммерсантъ", куды мы патэлефанавалі, адмовіліся нейкім чынам камэнтаваць
артыкул Кара-Мурзы, а таксама даць ягоныя каардынаты.
Самае папулярнае
1