Мы працягваем сачыць за ініцыятывай 14 арганізацыяў беларускай і праваслаўнай
меншасьці Польшчы, што скіравалі прэзідэнту, прэм’ер-міністру гэтае краіны
і ў шэраг міжнародных арганізацыяў зварот, дзе паведамляюць пра прыклады
неталерантнага стаўленьня польскіх уладаў да беларусаў Бласточчыны.
Зварот 14 беларускіх і праваслаўных арганізацыяў Польшчы адразу выклікаў
вялікую цікавасьць у польскай прэсе. Яго называюць ня йнакш, як “ліст 14-ці”.
Аднак камэнтары зьдзіўляюць сваёй аднабаковасьцю. Складваецца ўражаньне,
што польскае грамадзтва ня бачыць альбо ня хоча бачыць праблемаў нацыянальных
меншасьцяў у сваёй краіне.
Прэсавы сакратар Падляскага ваяводы Тамаш Сурыновіч зазначыў польскаму
прэсаваму агенцтву, што “ліст мае дэмагагічны характар і не ўтрымлівае
аніякіх фактаў”.
Адам Суша піша ў Kurier Poranny: “…адна з найгоршых рэчаў, якая можа
здарыцца ў Падляскім ваяводзтве, гэта спроба зарабіць палітычны капітал
на ўзбуджэньні нацыянальных сварак. А такі ёсьць першы вынік скаргі 14
арганізацыяў беларускай і праваслаўнай меншасьці”.
Па каментар да гэтых ды іншых выказваньняў у польскай прэсе, я зьвярнуўся
да старшыні Беларускага Саюза ў Польшчы Яўгена Вапы, які таксама падпісаў
гэты зварот:
(Вапа: ) “Калі я чую гэткія выказваньні, дык для мяне ўсе ідэі пабудовы
нейкіх супольных каштоўнасьцяў, пабудовы дыялёгу ў грамадзстве разыходзяцца
з сэнсам. Ніхто на гэтым палітычнага капіталу зьбіраць ня хоча. Падпісантамі
гэтага ліста ёсьць людзі розных меркаваньняў, розных палітычных накірункаў,
заангажаваны ў гэта ёсьць аўтарытэт арганізацыяў царкоўных. Гэта ніякая
не палітычная акцыя. Проста мы хочам паказаць, што беларусы Польшчы хочуць
быць партнэрамі ў справе вырашэньня супольных справаў на Беласточчыне”.
(Мажэйка: ) “Ці адпавядае гэты зварот, падпісаны лідэрамі арганізацыяў,
агульным настроям беларусаў Беласточчыны?”
(Вапа: ) “Людзі, якія падпісалі гэты ліст кансультаваліся ў сваіх арганізацыях
і ў сваім асяродзьдзі. І гэтыя подпісы ёсьць знакам таго, што арганізацыі
і іх лідэры так думаюць”.
(Мажэйка : ) “Язэп Мазалеўскі, дэпутат і старшыня Падляскай Акцыі Выбарчай
Салідарнасьць сказаў, што добра было б, каб меншасьць Падляшша падтрымала
польскую меншасьць у Беларусі, бо яна мае менш правоў, чым беларусы ў Польшчы”.
(Вапа: ) “Чарговы раз бярэцца разгляд нацыянальных меншасьцяў ў якасьці
закладнікаў адной ці другой дзяржавы. І гэта абсалютна не да ўспрыняцьця.
Мы ёсьць грамадзянамі Польшчы і карыстаемся ўсімі тымі законамі, якія маем
як грамадзяне польскай дзяржавы. А канстытуцыйна нам, як і ўсім грамадзянам
Польшчы, дазваляецца ў форме звароту, ліста, зьвяртацца да ўладаў Польшчы”.
(Мажэйка: ) “Вядома, што беларускія арганізацыі Польшчы ня маюць унутранага
аддзінства. Падпісаньне ліста сталася толькі трэцяй сумеснай акцыяй за
апошнія 10 год. Я лічу, што для гэтага патрэбная нейкая надзвычайная сытуацыя”.
(Вапа: ) “Правільна, бо гэтая справа робіцца не ў кантэксьце пэўных
дзеяньняў палітычных, нейкіх стасункаў, нейкіх плыняў. І гэта яшчэ раз
падкрэсьліваю. Гэта ёсьць проста справа людзей, што заангажаваныя ў розныя
напрамкі дзейнасьці, што гэта агульная праблема беларусаў Польшчы”.
Гэта быў старшыня Беларускага Саюза ў Польшчы Яўген Вапа, які камэнтаваў
рэакцыю польскае прэсы і ўладаў на зварот 14 беларускіх і праваслаўных
арганізацыяў Польшчы адносна дыскрымінацыі беларусаў Беласточчыны.
Павал Мажэйка, Прага
Самае папулярнае
1