Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Вынік прэзыдэнцкіх выбараў ў ЗША далей невядомы, але ёсьць падставы меркаваць, што юрыдычная валакіта з удзелам сотняў экспэртаў набліжаецца да канца. Учора Вярхоўны суд штату Флярыда прыняў рашэньне, што вынікі ручнога пераліку мусяць быць улічаныя пры канчатковым падліку галасоў. Адначасова Суд вырашыў, што пералік галасоў у трох акругах Флярыды можа працягвацца толькі да панядзелку, і затым Выбарчая камісія павіна абвесьціць канчатковы вынік галасаваньня.

Учора ўвечары перад 22-й гадзінай Вярхоўны суд Флярыды прыняў рашэньне, якое лічыцца карысным для дэмакратаў. Суд палічыў, што любая форма падліку галасоў, у тым ліку ручны пералік дапушчальны, калі гэта толькі дапамагае не згубіць ніводнага голасу, аддадзенага амэрыканскім грамадзянінам. Сваё рашэньне Суд у пісьмовым выглядзе падрабязна абгрунтаваў на 42 старонках. Як заявіў прэс-сакратар Вярхоўнага суду Флярыды Крэйг Ўотэрс:

“Улічваючы спосаб вырашэньня падобных канфліктаў у мінулым, Суд рашуча паставіў націск на тым, што права людзей аддаць свой голас на выбарах мае перавагу над усімі іншымі правамі”.

Сказаў прадстаўнік Вярхоўнага суду Флярыды. Супраць гэтага рашэньня выступілі рэспубліканцы, якія пасьлядоўна даказвалі, што ручны падлік галасоў супярэчыць прынятай практыцы і ня можа быць дакладны з прычыны непазьбежных чалавечых памылак.

“Усё гэта несправядіва і непрыймальна. Гэта не ў парадку зьмяняць выбарчыя законы пасьля галасаваньня ў залежнасьці ад патрэбы. У такім разе, некарэктна і адмаўляць права ўдзелу ў выбарах нашым вайскоўцам паза межамі краіны,”

- заявіў дараднік Буша Джэймс Бэйкэр. Мяркуеецца, што рэспубліканцы пададуць скаргу ў Вярхоўны суд ЗША.

Дагэтуль, ручны пералік галасоў не прынес дэмакратычнаму кандыдату Гору значных прыбыткаў. Ён атрымаў пакуль толькі 166 дадатковых галасоў. У трох акругах штату, чатырохасабовыя групы ў складзе і рэспубліканцаў і дэмакратаў, скрупулёзна лічаць галасы, якія ўжо двойчы былі пералічаныя мэханічна. Дагэтуль у павеце Броўэрд, Гор набраў 117 дадатковых галасоў, у Пальм Біч толькі 3 галасы, а ў Маямі-Дэйд ўсяго 45 галасоў. Больш за 5 тысячаў галасоў выключана з падліку, паколькі няма афіцыйнага рашэньня, каму іх прызнаць. Справа ў тым, што на выбарчых бюлетэнях ля прозьвішчаў кандыдатаў знаходзяцца спэцыяльныя квадрацікі, па ангельску chads, якія трэба было выразаць спэцыяльным пэрфаратарам. Некаторыя квадрацікі былі недакладна праколатыя. Яны не адпалі, але выгнуліся і павісьлі. У такіх выпадках машына не зафіксавала аддадзенага голасу. Выбарчыя камісіі ў акругах Бэўэрд і Пальм Біч вырашылі, што квадрацікі, якія не адпалі, павінны быць прызнаныя доказам намеру выбаршчыка галасаваць за канкрэтнага кандыдата. Дэмакраты настойваюць на тым, каб прызнаць сапраўднымі таксама тыя паперкі, якія пад ціскам пэрфаратара толькі выгнуліся. Спрэчныя галасы маюць быць падлічаныя апошнімі, і мяркуецца, што яны могуць зьменшыць перавагу Буша, якая складае 930 галасоў.

Аднак у панядзелак генэральны пракурор Флярыды Батэрворт заклікаў выбарчыя камісіі прызнаць сапраўднымі таксама 1500 галасоў, прысланых поштай вайскоўцамі з амэрыканскіх базаў за мяжою. Выбарчыя камісіі першапачаткова не прызналі гэтыя галасы з прычыны фармальных хібаў, такіх як адсутнасьць паштовай маркі, альбо подпісу сьведкаў. Ануляваньне гэтых галасоў, зь якіх палова паходзіла ад вайскоўцаў з Флярыды, выклікала хвалю пратэстаў з боку ня толькі рэспубліканцаў, але і вэтэранаў, якія абвінавацілі выбарчыя камісіі, і дэмакратаў у спробе “пазбавіць жаўнераў права голасу”. Пераважная большасьць вайскоўцаў галасавала за Буша, і гэта павінна прыдбаць яму дадатковыя галасы.

Згодна апытаньням, праведзеным тэлеканалам СіЭнЭн, а таксама Інстутытам Галапа, хто б не пасяліўся ў Белым Доме, пераважная большасьць амэрыканцаў будуць яго лічыць легальна абраным прэзыдэнтам. 13 адсоткаў амэрыканцаў не прызнаюць легітымнасьць Буша, і ажно 19-ць адсоткаў нэгатыўна паставяцца да перамогі Гора. Пераважная большасьць амэрыканскага грамадзтва –52 адсоткі, лічаць, што чаканьне на канчатковыя вынікі выбараў празьмерна зацягваецца. У кожным разе, праўдападобна, прыйдзецца пачакаць да паловы наступнага тыдня.

Кастусь Бандарук, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG