У нядзелю ў Чэхіі адбыўся другі тур выбараў траціны Сэнату. Вынікі выбараў
засьведчылі: Сэнат выразна паправеў. У верхнюю палату чэскага парлямэнту
прайшло 26 сэнатараў правай арыентацыі і толькі адзіны прадстаўнік левых
сілаў.
У верхняй палаце чэскага парлямэнту – 81 сэнатар. Сэнатары абіраюцца
на 6 гадоў, але не адначасова: кожныя два гады адбываюцца перавыбары траціны
Сэнату паводле мажарытарнай сыстэмы.
Лічбы ўдзелу ў выбарах пацьвердзілі чаканьні: калі ў першым туры 12
лістапада галасавала каля 34-ох % выбаршчыкаў, то ўчора, у часе другога
туру – амаль 22%. Назіральнікі тлумачаць такі нізкі інтэрас да Сэнату ягонай
недастатковай роляй у дзяржаве і выразным знакам неабходнасьці зьменаў.
Посьпех правыя сілы атрымалі пераважна за кошт так званай “Кааліцыі
чатырох” – гэтая кааліцыя партыяў правай арыентацыі складаецца з Саюзу
свабоды, Хрысьціянскіх дэмакратаў, Грамадзянскага дэмакратычнага альянсу
і Дэмакратычнага саюзу. Яны атрымалі ў гэтым туры 16 мандатаў. Адноснага
посьпеху дасягнула і Грамадзянская дэмакратычная партыя Вацлава Клаўса,
перамогшы ў 8-мі акругах.
У той жа час унушальную паразу атрымалі левыя: кіроўная сацыял-дэмакратычная
партыя Мілаша Зэмана выйграла ў гэтым туры толькі адзін мандат, а камуністы
наогул ніводнага.
У выніку выбараў выразна мяняецца растаноўка сілаў у Сэнаце: партыі
Клаўса і Зэмана ня будуць ужо мець разам ня толькі канстытуцыйнай большасьці
(г.зн. трох пятых галасоў), але нават і простай: 50% плюс адзін голас.
Большасьць цяпер у “Кааліцыі чатырох”, якая такім чынам прэтэндуе на крэсла
старшыні Сэнату – дагэтуль яно належала партыі Клаўса.
Сацыял-дэмакратыі Зэмана і лібэралы Клаўса страцілі цяпер надзею на
зьмены ў заканадаўстве, якія б дазволілі яшчэ больш абмежаваць уладу прэзыдэнта.
Ранейшая большасьць давала ім магчымасьць правесьці такія зьмены праз Сэнат.
Сэнацкія выбары адкрываюць цэлы выбарчы маратон, пасьля завершаньня
якога – праз два з паловай гады – Чэхія можа мець цалкам зьмененую палітычную
сцэну. Многіх вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў зьменяць іншыя людзі. На пасадзе
прэзыдэнта, паводле Канстытуцыі, ужо ня зможа заставацца Вацлаў Гавэл.
Праўдападобна, прыйдзе і новы прэм’ер: Мілаш Зэман увесь час цьвердзіць
пра намер адыйсьці ад вялікай палітыкі. Будзе існаваць і новая палітычная
рэпрэзэнтацыя: прадстаўнікі ад рэгіёнаў, чый уплыў на фармаваньне палітыкі
будзе нашмат большы, чым цяперашніх мэраў і старастаў.
Шлях да гэтых зьменаў быў пакладзены ўчорашнімі сэнацкімі выбарамі ў
Чэхіі.
Алена Радкевіч, Прага
Самае папулярнае
1