На пляц Незалежнасьці выйшлі пацярпелыя ўкладчыкі,
што даверылі грошы банку “БелБалтыя”. Прастаяўшы крыху менш за гадзіну,
пікетоўцы разыйшліся. Нягледзячы на тое, што пікет быў несанкцыяваны, міліцыя
ў акцыю ня ўмешвалася.
Увесь мінулы тыдень менскі офіс банку “БелБалтыя” асаджалі пікетоўцы,
якія дзеля абяцаных высокіх дывідэндаў даверылі банку свае грошы. Цягам
апошніх двух месяцаў банк ня ў стане выплочваць ня толькі адсоткі, але
і ўнесеныя сумы. Адметна, што сярод кліентаў “БелБалтыі” шмат заможных
асобаў, і замарожаныя сумы дастаткова значныя.
Але дзе шукаць грошы, якія зьніклі — ня ведае практычна ніхто. Перш
за ўсё гэта тычыцца вызначэньня “БелБалтыі” як суб’екта гаспадараньня.
Як аказалася, супольнае беларуска-латвійскае прадпрыемства зьмяніла свой
статус.
Вось што з гэтае нагоды кажа эканамічны дарадца амбасады Латвіі ў Беларусі
Яніс Ліўчанс:
“Латвійская “Балтыя” абанкруцілася 5 або 6 год таму, і на нашым рынку
яе больш няма. Тое, што ў беларускага банку “БелБалтыя” зараз нейкія праблемы,
не залежыць ад латвійскае “Балтыі” ніяк. Я ў некаторых газэтах бачыў абвінавачаньні
ў бок латвійскага капіталу — маўляў, супольнае прадпрыемства, акцыі ў латышоў
і г.д. Але гэта было раней. Ужо працяглы час, як “Балтыя” абанкруцілася
ў Латвіі, і гэтыя суб’екты ня маюць ніякае сувязі”, — лічыць эканамічны
дарадца латвійскай амбасады ў Беларусі спадар Ліўчанс.
А вось ва ўправе інфармацыі Нацыянальнага банку дагэтуль упэўненыя,
што “БелБалтыя” — гэта супольны беларуска-латвійскі банк, які з-за шэрагу
абставінаў пакуль ня мае магчымасьці своечасова выплочваць унёскі.
Аднак, як стала вядома з банкаўскіх колаў, цяперашняя сытуацыя вакол
“БелБалтыі” — напаўкрымінальная. Нягледзячы на тое, што апошні год банк
быў пазбаўлены ліцэнзіі на шэраг асноўных апэрацыяў з валютаю, вялася шырокая
рэклямная кампанія на прыцягненьне кліентаў. Сярод цяперашніх банкаўскіх
акцыянэраў 30% складаюць фізычныя асобы, астатняя частка прыходзіцца на
афшорныя кампаніі, зарэгістраваныя за мяжою. А гэта значыць, пошук гаспадароў
вельмі праблематычны. Няма ніякіх зьвестак і пра тое, дзе зараз знаходзіцца
кіраўніцтва банка.
Самі ўкладчыкі, бальшыня зь якіх дамагаецца вяртаньня грошай не празь
пікеты, а праз напрацаваныя сувязі, маюць свае вэрсіі таго, што адбылося.
Адзін з тых, каго я сустрэў у офісе “БелБалтыі” на Прывакзальным пляцы,
сказаў, што правёў уласнае расьсьледваньне й даведаўся, што большасьць
банкаўскіх актываў у свой час была пераведзеная за мяжу. Але спадзяваньні
на хуткую аддачу не спраўдзіліся. Перавод сродкаў назад немагчымы. Таму
ў выніку кліенты аказаліся ня толькі без дывідэндаў, але й без сродкаў
наогул.
Сёньня стала вядома, што Нацыянальны банк Беларусі пачаў рыхтаваць дакумэнты
на ўзбуджэньне справы ў банкруцтве банку “БелБалтыя”.
Ігар Карней, Менск
Самае папулярнае
1