Сёньня – трэція суткі, як сын магілеўскага праваабаронцы Сяргея Абадоўскага
Дзьмітры, які знаходзіцца ў сьледчым ізалятары, абвесьціў сухую галадоўку.
Сёньня ж стала вядома, што Артур Новікаў, які праходзіць з Абадоўскім па
адной справе, учора таксама абвесьціў галадоўку.
Абодва зьняволеныя настойваюць на тым, што ад 18 лістапада іхнае знаходжаньне
пад вартай – незаконнае.
Дзьмітры Абадоўскі распачаў сухую галадоўку пратэсту, паводле ягонай
заявы, супраць самавольства і беззаконьня, зарганізаваных праваахоўчымі
ворганамі і адміністрацыяй сьледчага ізалятару. 28-гадовы Абадоўскі-малодшы
знаходзіцца за кратамі ад леташняга ліпеня. Ён абвінавачваецца ў цяжкім
злачынстве: згвалтаваньні.
Ягоныя адвакаты, сярод якіх бацька Дзьмітрыя – Сяргей Абадоўскі – лічаць
гэтую крымінальную справу сфальсыфікаванай з мэтай уціску на сям’ю Абадоўскіх,
а доказы па ёй – атрыманымі незаконным шляхам.
14 верасьня справа была накіраваная раённым судом на дадатковае расьследваньне,
але мера стрыманьня для Дзьмітрыя без матывацыі была пакінутая ранейшай:
утрыманьне пад вартай. Ганс-Гэорг Вік, кіраўнік місіі АБСЭ, хадайнічаў
за вызваленьне Дзьмітрыя з-пад варты пад падпіску аб нявыезьдзе, але адказу
ад пракуратуры пакуль няма.
17 лістапада скончыўся тэрмін, які быў устаноўлены пракуратурай на ўтрыманьне
пад вартай Абадоўскага. Але з турмы яго не выпускаюць, хаця, паводле Сяргея
Абадоўскага, новыя паперы з Генэральнай пракуратуры на працяг зьняволеньня
не паступілі.
Дзьмітры сказаў бацьку, што ён абірае менавіта сухую галадоўку, таму
што вырашыў альбо выйсьці з турмы, альбо памерці там. Стан здароўя зьняволенага
сёньня не дае нагоды для аптымізму: усе хваробы абвастрыліся, часам зьнікае
зрок, ёсьць нэрвовыя цікі на твары. Але разам з пачаткам сухой галадоўкі
Дзьмітры трапіў у карцар. Як пацьвердзілі ў сьледчым ізалятары – за парушэньне
рэжыму.
Абадоўскі лічыць, што гэта – помста за ягоныя акцыі пратэсту. У вабласной
Управе выкананьня пакараньняў паведамілі, што заява ў сувязі з пачаткам
галадоўкі яшчэ не паступіла, а вось паперы з Генэральнай пракуратуры на
працяг тэрміну ўтрыманьня пад вартай акурат прыйшлі.
Марыя Ўсьціновіч, Магілеў
Самае папулярнае
1