Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 18 лістапада)
Дзяржаўны міністар замежнапалітычнага ведамства Нямеччыны Крыстоф Цопель заявіў, што вінаватых у зьнікненьні беларускіх апазыцыянэраў чакае суд Гаагскага трыбуналу.
У Беларусі загадам Лукашэнкі з прадстаўнікоў розных сілавых ведамстваў створаная адзіная апэратыўная група ў пошуках зьніклых палітыкаў.
Датэрміновы выхад на волю дэпутата Андрэя Клімава каштуе 120 тысячаў даляраў.

“Тых, хто стаіць за гэтымі злачынствамі, непазьбежна чакае суд Гаагскага трыбуналу”, — гэтак заявіў статс-сакратар міністэрства замежных справаў Нямеччыны Крыстоф Цопель адносна зьнікненьня апазыцыйных беларускіх палітыкаў і вядомых асобаў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага й Зьмітра Завадзкага. Гэтую заяву высокі нямецкі чыноўнік зрабіў пад час гутаркі зь лідэрамі беларускай апазыцыі ў Берліне.

Паводле паведамленьня прэсавае службы “Хартыі’97”, тэма зьнікненьня апазыцынэраў таксама была ў цэнтры ўвагі пад час сустрэчаў спадароў Вячоркі, Лябедзькі, Караля й Саньнікава з уплывовымі палітыкамі ў Парыжы й Брусэлі. Эўрапейцы выказалі сваю заклапочанасьць адсутнасьцю вынікаў расьсьледваньняў, якія вядуць праваахоўныя ворганы Беларусі.

Літаральна празь дзень пасьля гэтых заяваў беларускі кіраўнік Аляксандар Лукашэнка аддаў распараджэньне стварыць агульную апэратыўна-сьледчую групу ў расьсьледваньні “гучных” злачынстваў, у тым ліку — зьнікненьняў.

Групу ўзначаліць міністар унутраных справаў, былы кіраўнік прэзыдэнцкае службы аховы Ўладзімер Навумаў. Між тым, заўважаюць назіральнікі, менавіта ў той час, калі Навумаў кіраваў службаю прэзыдэнцкай аховы, і пачалі зьнікаць у Беларусі вядомыя палітыкі. “Хацелася б верыць у лепшае, але наўрад ці будзе плён ад такога аб’яднаньня. Год таму Лукашэнка ўжо ствараў агульную камісію начале з шэфам КГБ Ўладзімерам Мацкевічам, а выніку няма ніякага”, — заўважае вядомы адвакат Гары Паганяйла.

Стрымана сустрэла загад кіраўніка Беларусі жонка зьніклага Віктара Ганчара Зінаіда:

(Зінаіда Ганчар: ) “Я была перакананая, што ўсе тры ведамствы працуюць разам над расьсьледваньнем гэтых злачынстваў. У адказах, якія я атрымлівала напрацягу году, мне пісалі, што мужа шукаюць сьледчыя і зь міліцыі, і з КГБ ды пракуратуры. А цяпер іх зноў трэба зводзіць разам… Дзіўна, тады я нечага не разумею. Тады атрымліваецца, што гэта так, чарговы падман”, — казала Зінаіда Ганчар. Яна перакананая, што галоўны матыў, якім кіраваўся Лукашэнка, аддаючы загад на стварэньне адзінае сьледчае групы — прапагандысцкі. “Ён проста адказвае на абвінавачаньні, што ягоная ўлада нічога ня робіць, каб высьветліць лёс зьніклых”, — мяркуе жонка Віктара Ганчара.

Колькі каштуе воля? Для дэпутата Андрэя Клімава, гэта, аказваецца, пытаньне не рытарычнае. З турмы, дзе сядзіць Клімаў, паведамляюць, што калі б былы бізнэсмэн заплаціў у казну пэўную суму даляраў, дык ужо б патрапіў пад амністыю, як ягоны былы калега Леанід Валковіч, які днямі выйшаў зь вязьніцы. Пра Клімава мне распавяла жонка дэпутата Ўладзімера Кудзінава, спаслаўшыся на ліст, днямі атрыманы з турмы ад мужа.

(Кудзінава: ) “Ён ведае, што мы з Таняй сябруем. Ён кажа, каб перадала тані, што Валковіч выйшаў па амністыі, і што амністыя будзе працягвацца да 20-га студзеня, і ёсьць магчымасьць выцягнуць Андрэя яшчэ”.

(Карэспандэнт: ) “Ён так лічыць?”

(Кудзінава: ) “Ён ведае гэта. Але ж там трэба 120 тысяч даляраў унесьці”.

Казала Зоя Кудзінава. Між тым вядома, што Клімаў не прызнае сябе вінаватым, а выплаціць прызнаныя судом страты азначае як раз пагадзіцца з абвінавачваньнем. “Да таго ж у нас проста няма такіх грошай. Фірму Андрэя ўлады даўно зьнішчылі. Прыбыткаў у нас ніякіх. Нават каб сабраць перадачу мужу ў турму, я зьвяртаюся па дапамогу да сяброў і добрых людзей, дзе мне ўзяць 120 тысячаў даляраў?”, — абураецца жонка Клімава Тацьцяна. Яна асабіста мяркуе, што ўлады проста шантажуюць іх, каб атрымаць тое, што дакладней назваць выкупам.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG