Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 16 лістапада)
У Менску знаходзіцца місія Ўсясьветнага банку. Мэта візыту — абмеркаваньне пэрспэктываў супрацоўніцтва зь Беларусьсю.

Місія Ўсясьветнага банку правяла перамовы з шэрагам кіраўнікоў Беларусі. Як паведаміў сёньня кіраўнік місіі — рэгіянальны дырэктар банку Люка Барбонэ, на сустрэчах зь Мясьніковічам, Ярмошыным, Пракаповічам ды іншымі прадстаўнікамі ўладаў абмяркоўвалася сацыяльна-эканамічнае становішча краіны пасьля нядаўняе ўніфікацыі абменных курсаў.

Як вынікае з тлумачэньня спадара Барбонэ, гэтае абмеркаваньне сталася пачаткам кансультацыяў бакоў адносна новае стратэгіі міжнароднай фінансавай арганізацыі ў пытаньні супрацоўніцтва зь Беларусьсю. Перамовы з атачэньнем Аляксандра Лукашэнкі засьведчылі, што ў Банку і ўладаў Беларусі на сёньняшні дзень застаюцца разыходжаньні адносна ўмоваў партнэрства.

Гаворыць Люка Барбонэ:

“Усё яшчэ захоўваюцца рознагалосьсі ў пытаньнях асноўных кірункаў эканамічнае палітыкі, якую праводзіць урад. Я мяркую, што ўрад і народ Беларусі ведаюць, што не ва ўсіх пытаньнях нашыя погляды супадаюць. Аднак ёсьць такія сфэры, дзе нашае супрацоўніцтва прынясе карысьць. І цягам наступных 6 месяцаў мы будзем працаваць над распрацоўкаю стратэгіі дапамогі Беларусі на падставе вось гэтых прынцыпаў”, — заявіў Люка Барбонэ.

Яшчэ адна прадстаўніца Ўсясьветнга банку Лілія Бурунчук, якая зьяўляецца каардынатарам праграмаў у Беларусі, патлумачыла нашаму радыё:

“Што тычыццца новае стратэгіі, дык мы б хацелі распрацоўваюць яе з выкарыстаньнем новых працэдураў. Рэч у тым, што мы будзем абмяркоўваць стратэгію ня толькі з урадам, а й з прадстаўнікамі ўсяго грамадзтва. Урад пагадзіўся на такую форму партнэрства. Інакш кажучы, стратэгію мы будзем абмяркоўваць з экспэртамі, грамадзкімі арганізацыямі, мас-мэдыямі. Мы спадзяемся, што пад час цяперашняга візыту нам удасца правесьці такія адкрытыя дыскусіі”, — зазначыла спадарыня Бурунчук.

Люка Барбонэ сустракаўся таксама ў Менску й Маладэчне з прадстаўнікамі няўрадавых арганізацыяў Беларусі. Апроч таго, разам з прэм’ерам Уладзімерам Ярмошыным кіраўнік місіі Ўсясьветнага банку прааналізаваў рэалізацыю пілотнага праекту, які тычыцца энэргазьберажэньня ва ўстановах аховы здароўя і адукацыі.

Паводле меркаваньняў прадстаўнікоў Усясьветнага банку, згаданы праект вельмі карысны для Беларусі. Аднак пэрспэктыва рэалізацыі пакуль цьмяная. Паводле дамоўленасьцяў, рэканструкцыю энэргасыстэмаў у школах і лякарнях Усясьветны банк і ўрад Беларусі мусяць фінансаваць на парытэтных умовах. Аднак пакуль што беларускі бок не зрабіў свайго ўнёску.

Міхал Стэльмак, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG