Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Другая асоба ў амбасадзе Беларусі ў Вашынгтоне — дарадца-пасланьнік Аркадзь Чарапанскі — вырашыў не вяртацца на радзіму ды застацца ў ЗША. Прэсавы сакратар беларускага МЗС Павал Латушка абвяргае паведамленьні, што дыплямат папрасіў у Злучаных Штатах палітычнага прытулку, ды заяўляе, што спадар Чарапанскі будзе працаваць ва Ўсясьветным банку ў Вашынгтоне. Аднак прадстаўнік Ўсясьветнага банку Люка Барбонэ, які знаходзіцца цяпер у Менску, кажа, што нічога ня ведае пра такога новага супрацоўніка.

Атрымаўшы паведамленьне пра тое, што Аркадзь Чарапанскі, другая паводле пасады асоба ў беларускай амбасадзе ў ЗША, вырашыў не вяртацца на радзіму, я адразу патэлефанаваў прэсаваму сакратару Міністэрства замежных справаў Беларусі Паўлу Латушку.

(Карэспандэнт: ) “Як вы можаце пракамэнтаваць тое, што адбылося з Аркадзем Чарапанскім, дарадцам – пасланьнікам беларускай амбасады ў Вашынгтоне?”

(Латушка: ) “А што вы маеце на ўвазе?”

(Карэспандэнт:) “Ёсьць паведамленьне, што ён папрасіў палітычнага прытулку ў Злучаных Штатах Амэрыкі.”

(Латушка: ) “Міністэрства замежных справаў ня мае такой інфармацыі аб тым, што Аркадзій Чарапанскі, супрацоўнік пасольства Рэспублікі Беларусь у Злучаных Штатах Амэрыкі, папрасіў палітычнага прытулку ў ЗША. Аркадзій Чарапанскі завяршае сваю службовую камандзіроўку ў Злучаных Штатах Амэрыкі. У яго дасягнутая дамоўленасьць аб працы ва Ўсясьветным банку ў Вашынгтоне. І яшчэ раз хачу падкрэсьліць, гэтае рашэньне не зьвязанае з палітычнымі матывамі і ня мае ніякага дачыненьня да магчымай прозьбы палітычнага прытулку ў Злучаных Штатах Амэрыкі. Ніякай размовы пра тое, што Аркадзій Чарапанскі просіць палітычнага прытулку не можа быць.”

(Карэспандэнт:) “Як даўно ён працаваў у Вашынгтоне і калі павінен быў скончыцца гэты тэрмін?”

(Латушка: ) “Гэты тэрмін якраз заканчваецца ў гэтым месяцы, гэта натуральны працэс паехаў, і супрацоўнік міністэрства замежных спраў, які павінен яго памяняць на гэтым месцы працы, працаваў у Злучаных Штатах Амэрыкі, наколькі я ведаю, каля чатырох гадоў.”

(Карэспандэнт:) “Звычайна дыпляматаў адклікаюць назад у сваю краіну, ці ня так?"

(Латушка: ) “Так, я пагаджуся з вамі, што звычайная практыка, гэта калі дыплямат вяртаецца на радзіму, афармляе ўсе дакумэнты, пазьней ужо вырашае свой далейшы лёс – або працаваць у міністэрстве замежных справаў, або працаваць у Беларусі. Я думаю, што гэтае рашэньне, тое, што сп. Чарапанскі не вярнуўся ў міністэрства, можна вытлумачыць хаця б тым, што вельмі далёкая дарога і вельмі дорага яна каштуе.”

(Карэспандэнт: ) “ Ці напісаў сп. Чарапанскі нейкую заяву ў міністэрства замежных спраў з прозьбай аб звальненьні ці што–небудзь яшчэ?”

(Латушка: ) “Аркадзій Чарапанскі аформіў усе дакумэнты, яшчэ раз хачу сказаць, у адпаведнасьці з працоўным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.”

(Карэспандэнт:) “І ён ужо звольнены?”

(Латушка: ) “Я не магу сказаць, ці падпісаны загад, гэта мне цяжка сказаць, гэта я павінен праверыць у нашым упраўленьні кадраў”.

У часе тэлефоннага інтэрвію Паўла Латушкі ў Менску адбывалася прэсавая канфэрэнцыя Люкі Барбонэ, кіраўніка дэлегацыі Ўсясьветнага банку, якая прыехала ў Беларусь. На пытаньне, ці сапраўды Аркадзь Чарапанскі будзе працаваць у ягонай арганізацыі, спадар Барбонэ адказаў гэтак: “Мне нічога пра гэта невядома”.

Юры Сьвірко, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG