Сёньня — Усясьветны дзень непаленьня. Паводле статыстыкі,
штодзень з-за хваробаў, зьвязаных з паленьнем, у Беларусі паміраюць 42
чалавекі. Тым ня менш, колькасьць курцоў у краіне не зьмяншаецца, а сярод
моладзі нават павялічваецца. Адметна, што сярод беларускіх курцоў шмат
высокіх дзяржаўных чыноўнікаў.
Паводле статыстыкі, амаль палова жыхароў Беларусі (45-47 адсоткаў) паліць.
Апошнім часам сярод аматараў тытуню значна пабольшала жанчын і падлеткаў.
Паводле галоўнага лекара Рэспубліканскага цэнтру здароўя Андрэя Секача,
цяпер паліць каля 33 адсоткаў школьнікаў і больш за 40 адсоткаў студэнтаў.
(Сякач: ) “Штодзень Беларусь губляе 42 чалавек з-за хваробаў, зьвязаных
з паленьнем. Штогод праз гэта ў нашай краіне памірае амаль 15,5 тысячаў
чалавек. Рак лёгкіх — самая распаўсюджаная хвароба сярод курцоў. 97 адсоткаў
хворых на рак лёгкіх актыўна паляць, астатнія — пасыўныя курцы”, — зазначыў
галоўны лекар Рэспубліканскага цэнтру здароўя.
Вядома, што Аляксандар Лукашэнка ня паліць і далучае сябе да прыхільнікаў
здаровага ладу жыцьця. Але ў ягоным атачэньні курцоў багата. Шмат паліць
прэм’ер Уладзімер Ярмошын. Распавядаюць, што ў час кіраваньня Менскім гарадзкім
выканкамам Ярмошын часта паліў цыгарэты бязь фільтру. Кіраўнік лукашэнкавай
адміністрацыі Міхал Мясьніковіч паліць зрэдку, і тое, як сьцьвярджаюць
блізкія да яго асобы, — калі вып’е. Багата паляць старшыня Дзяржаўнага
камітэту друку Міхал Падгайны й кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Віктар Чыкін.
З цыгарэтаю быў заўважаны й намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта
Ўладзімер Замяталін.
Кінуў паліць міністар аховы здароўя Ігар Зелянкевіч. Дарэчы, сёньня
ён трымаў справаздачу перад Лукашэнкам, распавядаў пра сытуацыю ў падначаленай
яму ўстанове. Як нам стала вядома, на гэтай сустрэчы абмяркоўвалася пытаньне
кантролю за рэалізацыяй тытуню ў гандлі. Як сьцьвярджаюць дасьведчаныя
асобы, з гэтае нагоды ў блізкім часе, магчыма, зьявіцца новы ўказ Лукашэнкі.
Сярод апазыцыйных палітыкаў курцоў няшмат. У Аб’яднанай Грамадзянскай
партыі амаль ніхто з кіраўніцтва ня паліць, акрамя старшыні выканкаму Яўгена
Лабановіча. У “Народнай Грамадзе” таксама амаль няма курцоў. Ня паліць
і Міхал Чыгір, а таксама камуністы Сяргей Калякін і Алена Скрыган. Зрэдку
далучаецца да лёгкіх цыгарэтаў “яблычніца” Вольга Абрамава.
Затое ёсьць курцы сярод лідэраў грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”
— гэта Вячаслаў Сіўчык і Юры Хадыка. Амаль не разьвітваецца з цыгарэтаю
лідэр беларускіх лібэрал-дэмакратаў Сяргей Гайдукевіч. Дагэтуль паліць
і кіраўнік “Хартыі-97” Андрэй Саньнікаў.
Наколькі нам вядома, сёньня, ва Ўсясьветны дзень непаленьня, амаль ніхто
зь вядомых курцоў ня здолеў разьвітацца з гэтай заганнай звычкаю і кінуць
цыгарэту.
Ганна Соусь, Менск
Самае папулярнае
1