Пад час нядаўняга наведваньня гістарычна-культурнага парку ў Лошыцы
кіраўнікі гораду выказалі меркаваньне наконт магчымасьці адкрыцьця ў былым
маёнтку пункту грамадзкага харчаваньня. Выратуе гэта гістарычную мясьціну
або канчаткова зьнішчыць яе?
Стылізаваныя пад даўніну рэстарацыі, што працуюць пад дахамі гістарычных
будынкаў, — даволі звычайная ў Эўропе зьява. У Беларусі нешта аналягічнае
не прыжылося, бадай, толькі таму, што большасьць старых збудаваньняў зьнішчаныя
войнамі або камуністычнай безгаспадарчасьцю.
Лошыцкі маёнтак знакамітага на мяжы XIX і XX стагодзьдзяў, і як сьцьвярджаюць
гісторыкі, самага экзатычнага менскага памешчыка пана Любанскага — адная
з рэдкіх у Менску мясьцінаў, што захавалі першапачатковае аблічча. Які
лёс чакае маёнтак у выпадку рэалізацыі, так бы мовіць, “харчовага” праекту
Менскага гарадзкога выканкаму, прагназуе намесьнік дырэктара садова-паркавае
гаспадаркі “Лошыца” Яўген Церахаў…
(Церахаў: ) “Рэч у тым, што гэта, так бы мовіць, палка з двума канцамі
– гэтая рэстарацыя. З аднаго боку, гэта можа ператварыцца ў звычайную выпівалаўку
нашую. Можа быць і іншая рэстарацыя, дзе будзе зьбірацца нашая інтэлігенцыя,
дзе ўсё будзе зробленае культурна, як было ў гэтых панскіх салёнах. Можа
быць і вельмі нешта адмоўнае, і нешта вельмі станоўчае. І сам факт, што
гэта прапаноўваецца і можа стварыцца, можа павярнуцца ў любы бок”.
(Карэспандэнт: ) “Спадар Церахаў, а якія менавіта Вы бачыце першачарговыя
захады ў пытаньні аднаўленьня панскага фальварку?”
(Церахаў: ) “На мой погляд, тут трэба спачатку рабіць музэіфікацыя гэтага
комплексу, пачынаць работу сацыяльнага выкарыстаньня парку і як працяг
музэіфікацыі парку – можна думаць пра арганізацыю розных формаў харчаваньня.
Усё будзе залежыць ад таго, што будзе пакладзена ў галаву ўгла. Ці аднаўленьне
культурнага асяродку і рэстаўрацыя вось культуры харчаваньня ў Беларусі,
ці атрыманьне прыбытку. Ад гэтага залежыць справа”.
Адзіны капітальны рамонт маёнтка быў зроблены пад час вайны немцамі,
калі будынак быў выбраны для лецішча гаўляйтэра Кубэ. З тае пары ніякіх
рэстаўрацыяў не было. Да нядаўняга часу шматлікія пабудовы выкарыстоўваліся
пад жытло і, як сьцьвярджаюць жыхары суседніх шматпавярховак, менавіта
гэтыя, у большасьці сваёй ня вельмі ахайныя кватаранты давялі памяшканьні
да жахлівага стану.
Пакуль пэрспэктывы занядбанага комплексу па-ранейшаму неакрэсьленыя,
паркавая гаспадарка нясе страты. Цягам 98–99-га гадоў шэраг пабудоваў на
тэрыторыі Лошыцкага парку, якія па нейкіх невядомых прычынах ня трапілі
ў рысу аховы ў якасьці помнікаў гісторыі, былі зьнішчаныя або перапрафіляваныя.
Згарэлі стайня і сьвіран, прададзена камэрсантам кузьня, бульдозэрам зруйнаваны
шэраг дробных, як запісана ў адпаведным акце — “функцыянальна нямэтазгодных
аб’ектаў”. Не лепшым чынам адбіваецца суседзтва са шматлікімі фірмамі,
якія месьцяцца побач і якіх не цікавяць гістарычныя карані Лошыцы…
Ігар Карней, Менск
Самае папулярнае
1