Амаль тры гады ў Беларусі дзейнічае сакрэтны прэзыдэнцкі ўказ, якім
вызначана, хто ды як мусіць паведамляць пра Аляксандра Лукашэнку ў СМІ.
Але журналістам гэты ўказ дагэтуль не паказвалі.
Пасьля некалькіх месяцаў няўдалых спробаў даведацца, чаму мяне не пускаюць
на “мерапрыемствы” з удзелам Аляксандра Лукашэнкі — нягледзячы на сталую
акрэдытацыю ў Міністэрстве замежных справаў Беларусі як замежнага карэспандэнта,
— я нарэшце атрымаў ад кіраўніка прэзыдэнцкае прэсавае службы Зьмітра Жука
вельмі цікавы дакумэнт…
Гэта копія часткі ўказу Аляксандра Лукашэнкі №19 ад 12 студзеня 1998
году. Адразу трэба зазначыць, што ўказу з гэтым нумарам няма нават у базе
беларускага заканадаўства Прэзыдэнцкае бібліятэкі Беларусі, што месьціцца
ў Доме ўраду. Выглядае, што 19-ты ўказ, сапраўды, сакрэтны.
Дасланая спадаром Жуком вытрымка з гэтага тямнічага дакумэнту ўтрымлівае
толькі ягоную чацьвертую главу — “Асьвятленьне ў сродках масавай інфармацыі
мерапрыемстваў, якія праводзяцца з удзелам Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь”.
Пункт 4.1 указу рэглямэнтуе, што выступы Лукашэнкі, цытую, “цалкам друкуюцца
ў газэце “Советская Белоруссия” ды ў іншых рэспубліканскіх газэтах. Галоўныя
рэдактары газэтаў нясуць пэрсанальную адказнасьць за аўтэнтычнасьць гэтых
выступаў”. Пункт 4.3 сьцьвярджае: “Прэс-служба Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь
перадае выступы Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама іншыя афіцыйныя
матэрыялы замежным інфармацыйным агэнцыям”.
Нагадаю, што гэты ўказ датаваны студзенем 1998 году. А 5 траўня гэтага
ж году на прэсавай канфэрэнцыі ў межах фэстывалю журналістаў краінаў СНД
з нагоды савецкага дня друку я спытаў Аляксандра Лукашэнку, чаму замежным
журналістам у Беларусі не падаюць матэрыялы пра ягоную дзейнасьць?
Вось што адказаў спадар Лукашэнка:
(Лукашэнка: ) “Калі сапраўды не хапае інфармацыі – я гатовы… Можа быць
і мая віна ў тым, што дагэтуль сыстэмы зносінаў прэзыдэнта з журналістамі
няма. Ведаеце, чаму няма? Вінаваты ня толькі Пашкевіч, вінаватыя і журналісты
– асабліва Якубовіч”.
Заявіў Аляксандар Лукашэнка ў траўні 1998 году, хаця за чатыры месяцы
да гэтага ён падпісаў сакрэтны ўказ, што вызначае сыстэму ягоных зносінаў
з журналістамі — як з галоўным рэдактарам “Советской Белоруссии” ў пункце
4.1, гэтак і з замежнымі карэспандэнтамі.
Сёньня я папрасіў пракамэнтаваць сакрэтны ўказ Лукашэнкі былога намесьніка
кіраўніка ягонай адміністрацыі ў справах ідэалёгіі Івана Пашкевіча…
(Кар.: ) “Указ №19 ад 12 студзеня 1998 году – вы што-небудзь пра яго
ведаеце?”
(Пашкевіч: ) “На жаль, не. 98-ы год, студзень? А я калі прыйшоў у адміністрацыю?
Я там працаваў амаль тры гады – гэта ўжо, мабыць, пры мне…”
(Кар.: ) “Ці ўсе дакумэнты, што вызначаюць парадак акрэдытацыі і абмяжоўваюць
ці неяк датычаць правоў журналістаў, павінны быць надрукаваныя?”
(Пашкевіч: ) “Канешне, абавязкова…”
Лічыць Іван Пашкевіч, які ёсьць дэпутатам абодвух скліканьняў гэтак
званае “Палаты прадстаўнікоў”.
А вось як ацэньвае сакрэтны ўказ Лукашэнкі віцэ-прэзыдэнт Беларускай
Асацыяцыі журналістаў, юрыст Андрэй Бастунец:
(Бастунец: ) “Тое, што нейкі там нарматыўны акт можа быць не надрукаваны
– гэта магчыма, але толькі ў тым разе, калі гэты акт не датычыць правоў
і абавязкаў, у нашым выпадку, фізычных асобаў. А гэты ўказ, як мне здаецца,
якраз і датычыць правоў журналістаў.
Мяне тут больш зацікавіў пункт 4.5, у якім запісана, што неабходны пэрсанальны
склад журналістаў і фотакораў для асьвятленьня ў СМІ мерапрыемстваў з удзелам
прэзыдэнта РБ вызначае прэс-служба прэыздэнта і служба бясьпекі. Вось у
гэтым мне бачыцца парушэньне правоў журналістаў і таксама гэтае парушэньне
ўжо такое закаранелае”.
Сказаў Андрэй Бастунец, экспэрт Цэнтру праўнай абароны Беларускай Асацыяцыі
журналістаў.
Юры Сьвірко, Менск
Самае папулярнае
1