У некаторых вясковых школах дагэтуль няма ацяпленьня. З гэтае нагоды
каля сарака школьнікаў старэйшых клясаў Радашкавіцкае СШ ужо трэці дзень
не выходзяць на заняткі. Калі сытуацыя ў блізкім часе ня зьменіцца, да
ўдзельнікаў страйку могуць далучыцца і іншыя вучні школы.
У Радашкавіцкай сярэдняй школе з гэтага панядзелку ля сарака вучняў
старэйшых клясаў не выходзяць на заняткі. Школа займае два будынкі, адзін
зь іх ацяпляецца ўласнай кацельняю, а другі (раней гэта быў саўгасны дзіцячы
садок) — кацельняй саўгасу “Заслаўскі”. А яна дагэтуль не працуе. Няма
цяпла і ў большасьці будынкаў вёсцы Пятрышкі, у якой жывуць сем’і вучняў.
Дырэктар школы Галіна Кіцінская вінаваціць у гэтым кіраўніцтва саўгасу.
(Кіцінская: ) “Дырэктар саўгасу не падпарадкоўваецца ані раённаму выканкаму,
ані старшыні сельскага Савету. Учора тут быў намесьнік старшыні сельсавету
Чэрнік. У яго нават не атрымалася паразмаўляць з дырэктарам саўгасу Ўладзімерам
Важыкоўскім. Таму што той — блатны, і няма на яго ўправы. Але ад яго залежыць
стан аднаго з будынкаў нашае школы.
А газавая кацельня дагэтуль не працуе. У вёсцы Пятрышкі шэсьць дамоў
не ацяпляюцца ўвогуле, палова будынкаў адключаная ад цяпла. У людзей у
хатах сырыя сьцены”, — зазначыла дырэктарка школы Галіна Кіцінская.
Пра сытуацыю вакол вясковае школы нашаму радыё таксама паведаміла намесьніца
старшыні Беларускае Сацыял-Дэмакратычнае партыі (“Народная Грамада”) Ніна
Стужынская, якая жыве ў Пятрышках, ейны сын таксама вучыцца ў Радашкавіцкай
сярэдняй школе…
(Стужынская: ) “Умовы навучаньня дзяцей самыя жудасныя. Мы колькі змагаліся
за новую школу – дагэтуль ня мелі посьпеху, а зараз ужо нават і не змагаемся.
Бо дзяцей паменела: хто перавёў дзіця ў Заслаўе, хто ў Менску займаецца.
У суседнім саўгасе ніколі школа не тапілася, так што ў вёсках тое, што
школа ня топіцца – гэта ледзь не звычайная сытуацыя”.
А паводле кіраўніка Радашкавіцкае суполкі “Маладога Фронту” Андруся
Бандаровіча, у блізкім часе ўсе вучні школы могуць далучыцца да ўдзельнікаў
страйку:
(Бандаровіч: ) “Школьнікі проста самі бачаць, што халодна ў школе, таму
яны ня ходзяць на заняткі. Яны ўсё ж чакаюць, што нешта зьменіцца. Калі
пасьля гэтага інцыдэнту ня будзе ніякай рэакцыі, то хутчэй за ўсё ўся школа
падтрымае гэтых навучэнцаў і ня выйдзе вучыцца да таго, пакуль ня ўключаць
ацяпленьне. Гэта проста жаданьне школьнікаў вучыцца ў нармальных умовах
– у такіх, якія гарантуюцца існуючым заканадаўствам. Думаю, што мы скаардынуем
гэтыя дзеяньні, і адбудзецца такая акцыя – нават, магчыма, і пікет каля
школы”.
Ганна Соусь, Менск
Самае папулярнае
1