Cкончыла сваё існаваньне гэтак званая “Палата прадстаўнікоў”
першага скліканьня. Апошняе паседжаньне доўжылася ўсяго паўгадзіны ды складалася
толькі з прамовы сьпікера Анатоля Малафеева.
Усяго пяць журналістаў прыйшло сёньня ў парлямэнцкі прэсавы цэнтар,
каб паслухаць апошняе паседжаньне “першае палаты”. Менавіта паслухаць,
бо тэлеманіторы, якія паказвалі выступоўцаў у Вярхоўным Савеце, з гэтага
пакою зьніклі адразу пасьля рэфэрэндуму 1996 году.
Акрамя адсутнасьці манітораў ды цікаўнасьці прадстаўнікоў прэсы, з журналісцкага
пункту гледжаньня чатыры гады існаваньня гэтае “палаты” характарызываліся
ейнаю поўнаю несамастойнасьцю, пачынаючы ад распрацоўкі законапраектаў
толькі выканаўчай уладаю і сканчаючы тым, што нават у кулюары залі паседжаньняў,
калі ў “палаце” зрэдку прамаўляў Аляксандар Лукашэнка, патрэбна было акрэдытоўвацца
ў прэсавай службе Лукашэнкі.
У сваёй разьвітальнай прамове сьпікер палаты Анатоль Малафееў нібы апраўдваўся:
(Малафееў: ) “Хто б што ні казаў, як бы нас ні называлі – “палатачнікамі,
часовымі, кішэнным парлямэнтам” ды ўсім іншым, — гэта палітычная каньюнктура,
гэта спробы намаляваць тое, чаго насамрэч не было, Так, мы былі канструктыўнай
асноваю, мы былі канструктыўным заканадаўчым ворганам, а йначай быць ня
можа”, — упэўнены сьпікер Малафееў. Але ён прызнаў тое, што Захад не лічыў
першую “палату” законным парлямэнтам Беларусі.
Яшчэ адной асаблівасьцю гэтага воргану была поўная адсутнасьць у ім
беларускае мовы. Дый расейская там была вельмі своеасаблівая, у чым можна
пераканацца з наступнага фрагмэнту прамовы Малафеева.
(Малафееў) “Нас ня раз спрабавалі выкінуць зь Міжпарлямэнцкага саюзу,
гэта ўжо ўзаемадачыненьні, зьвязаныя з эўрапейскім сьветам ды ягонымі парлямэнцкімі
структурамі. Вы ведаеце, што Міжпарлямэнцкі саюз — гэта 138 парлямэнтаў
сьвету, дзе прадстаўленыя практычна ўсе кантынэнты зямное плянэты”, — паведаміў
Анатоль Малаефееў.
Вяртаючыся ад зямное плянэты да зямных справаў дэпутатаў, ён выказаў
упэўненасьць, што Аляксандар Лукашэнка стрымае сваё слова ды працаўладкуе
тых дэпутатаў, хто ня трапіў зь першае палаты ў другую. Спадар Малафееў
таксама сказаў сёньня, што ў Беларусі больш як 20 адсоткаў працоўных атрымліваюць
заробак ніжэйшы за бюджэт пражытнага мінімуму. Відавочна, колішнім дэпутатам
Вярхоўнага Савету, якія перайшлі ў “палату”, гэта не пагражае. Да таго
ж Анатоль Малафеееў паабяцаў ім у пачатку сьнежня сустрэцца ў неафіцыйнай
абстаноўцы, хаця роўна праз тыдзень, 21 лістапада, упершыню зьбярэцца палата
другога скліканьня.
Юры Сьвірко, Менск
Самае папулярнае
1