Кіраўнік аддзелу адмысловых праграмаў ОРТ Павал Шарамет камэнтуе закіды аб сваім нібыта дачыненьні да зьнікненьня Зьміцера
Завадзкага.
Такія абвінавачаньні прагучалі сёньня ў Магілеве з вуснаў Лукашэнкі.
Нагодай для абвінавачаньня стаў паказ на ОРТ фільма Паўла Шарамета “Дзікае
паляваньне”, прысьвечанага справе Завадзкага. Сёньняшнія абвінавачаньні
Лукашэнкі Павал Шарамет пракамэнтаваў нашаму радыё.
(Шарамет: ) “Гэты правакатар можа казаць усё, што ён жадае, але за ягонымі
словамі – нічога, акрамя хлусьні. Бо ім няма чаго сказаць. Бо людзі, якія
маюць дачыненьне да зьнікненьня Завадзкага, працавалі ў Службе бясьпекі
прэзыдэнта. Іншыя затрыманыя людзі працавалі ў атрадзе “Алмаз”.
Лукашэнка моліць Бажэлку, каб той праўды нікому не казаў аб тым, як
ідзе сьледзтва па Завадзкаму. Бо яны хаваюць тое, што целаахоўнікі Лукашэнкі
замяшаныя ў гэтай справе. Што ён можа адказаць, калі чатыры месяцы маўчалі,
і зараз ужо няма магчымасьці маўчаць?
Мы зрабілі вельмі карысны фільм і вельмі акуратна. Ня ўсе дадзеныя,
якія былі ў нас, мы паказалі ў фільме”.
(Кар.: ) “Лукашэнка сказаў, што зьяўленьне ў эфіры ОРТ гэтага фільма
ёсьць нейкім вынікам альбо працягам агульнай палітыкі, якую праводзяць
апазыцыйныя сілы як унутры Беларусі, так і за яе межамі. Ці гэта так?”
(Шарамет: ) “Тое, што зьявіўся фільм, ня мае ніякага дачыненьня да дзейнасьці
апазыцыйных сілаў у Беларусі ці за мяжой. У мяне няма ніякіх адносінаў
з апазыцыйнымі лідарамі ў Беларусі. Гэты фільм зьявіўся толькі таму, што
зьнік наш апэратар. І калі б мы не рабілі фільм, а маўчалі, то Лукашэнка
казаў бы: вось, маўляў, бачыце – яны маўчаць, нічога ня кажуць, ня робяць
нават фільма пра свайго сябра, бо гэта яны яго выкралі.
Мы працягваем пошукі нашага апэратара. І калі ў нас будуць новыя дадзеныя,
то мы зробім яшчэ пяць такіх фільмаў. Калі Лукашэнка знойдзе Завадзкага,
то я асабіста прынясу свае прабачэньні Лукашэнку і скажу, каб беларускі
народ заўсёды галасаваў за гэтага прэзыдэнта”.
(Кар.: ) “Ваш канал у значнай ступені кантралюецца расейскай дзяржавай.
Ці ня ёсьць зьяўленьне гэтага фільма на вашым канале знакам нейкіх зьменаў
у расейскай палітыцы?”
(Шарамет: ) “Ёсьць такі знак у тым, што фільм зьявіўся на ОРТ. Таму
што Лукашэнка ўстыў ужо ўсім у Расеі, і няма моцнай палітычнай сілы зараз,
якая б падтрымлівала беларускага дыктатара. Бо гэта ўжо адыёзная палітычная
фігура, і ён досыць атрымаў ад Расеі – таму зараз ужо прыйдзецца плаціць
па гэтых рахунках”.
Гутарыў
Юры Дракахруст
Юры Дракахруст