Менская міліцыя пачала пошук арганізатараў моладзевай акцыі “Пераменаў!”.
Павал Севярынец, Цімох Дранчук і Аляксей Чарняеў вымушаныя хавацца ад міліцыянтаў.
Супрацоўнікі розных сталічных пастарункаў цяпер актыўна цікавяцца, дзе
знаходзяцца лідэр “Маладога Фронту” Павал Севярынец і кіраўнік арганізацыі
“Моладзевая Салідарнасьць” Цімох Дранчук. Гэтыя арганізатары акцыі “Пераменаў!”
ўжо ня раз затрымліваліся міліцыяй у часе розных несанкцыянаваных акцыяў.
Вось што паведаміў нашаму радыё Цімох Дранчук:
(Дранчук: ) “Зусім нядаўна мне пазванілі бацькі і сказалі, што да іх
дадому, дзе я прапісаны, прыходзілі міліцыянты і патрабавалі перадаць позву
ў Партызанскі РАУС, каб я прыйшоў на допыт у якасьці сьведкі. Мае бацькі
яе не ўзялі, і міліцыянты сыйшлі. Таксама вельмі актыўна шукаюць Паўла
Севярынца – ён, як і я, вымушаны хавацца. У штаб-кватэру БНФ некалькі разоў
тэлефанавалі прадстаўнікі з розных РАУСаў, патрабавалі, каб ён зьявіўся
на допыт.”
На жаль, адшукаць двух іншых арганізатараў акцыі “Пераменаў!” — кіраўніка
“Маладога Фронту” Паўла Севярынца ды ягонага намесьніка Аляксея Чарняева
— не ўдалося, бо ад нядзелі яны дома не начуюць.
Кіраўнік прэсавага цэнтру Гарадзкое ўправы міліцыі Натальля Лапо паведаміла
нашаму радыё, што цяпер ідуць апэратыўныя захады ў дачыненьні да арганізатараў
акцыі 12 лістапада, але крымінальная справа на іх пакуль ня заведзеная.
Паводле Натальлі Лапо, розныя раённыя аддзелы міліцыі вялі разьбіральніцтва
пэрсанальна з кожным затрыманым апазыцыянэрам, а цяпер займаюцца і арганізатарамі
акцыі.
Памочнік намесьніка старшыні гарадзкога выканкаму Анатоль Астахаў лічыць,
што арганізатары несанкцыянаванай акцыі павінны несьці за яе адказнасьць,
нягледзячы на тое, што за некалькі дзён яны й адмовіліся ад сваёй заяўкі.
Паводле Цімоха Дранчука, у мінулую пятніцу, пад час сустрэчы з кіраўніцтвам
менскае міліцыі, прадстаўнік гарадзкое пракуратуры папярэдзіў лідэраў моладзевае
кааліцыі, што ў выпадку правядзеньня несанкцыянаванае дэманстрацыі шэраговыя
яе ўдзельнікі будуць прыцягнутыя да адміністрацыйнай, а арганізатары —
да крымінальнай адказнасьці. Спадар Дранчук лічыць, што гэтыя словы не
былі пустой пагрозаю, і цяпер іх могуць прыцягнуць да крымінальнае адказнасьці
дзеля запалохваньня ўдзельнікаў будучых несанкцыянаваных акцыяў.
Чаму ж менская міліцыя спахапілася й пачала шукаць арганізатараў акцыі
толькі цяпер? Некаторыя назіральнікі нават выказвалі меркаваньне, што міліцыя
адмыслова не затрымлівае арганізатараў акцыі, каб даць падставу для чутак,
што моладзевыя лідэры пайшлі на змову з уладамі ды такім чынам разваліць
кааліцыю “Пераменаў!”. Вось меркаваньне Цімоха Дранчука:
(Дранчук: ) “Такія пытаньні ўзьнікалі ў многіх: чаму менавіта нас, арганізатараў,
ніводнага не затрымалі пасьля акцыі. Патлумачыць гэта я сам магу толькі
тым, што нам пашанцавала. А зь іхнага боку, я думаю, хутчэй за ўсё, проста
не было канкрэтнага загаду некалькі дзён, і яны ня ведалі, што рабіць і
таму актыўна нас не шукалі. Наўрад ці такім чынам яны хацелі ўнесьці раскол:
усё-ткі няма канкрэтнасьці ў іхных дзеяньнях. Мабыць, загаду канкрэтнага
ўсё ж не было.”
Спадар Дранчук таксама паведаміў, што доўга заставацца ў падпольлі арганізатары
акцыі намеру ня маюць.
Альгерд Невяроўскі, Менск
Самае папулярнае
1