На сёньняшняй сустрэчы у Маскве прэм’ер-міністры Беларусі і Расеі ўзгаднілі
тэкст Дамовы аб увядзеньні адзінае валюты. Калі дамову падпішуць і выканаюць,
то ад 2005 году адзіным законным сродкам плацяжу на тэрыторыі Беларусі
стане расейскі рубель.
З тэксту дамовы, што узгаднілі сёньня прэм’ер-міністры Міхаіл
Касьянаў і Уладзімер Ярмошын, вынікае наступны плян увядзеньня адзінае
валюты: ад пачатку 2002 году курс беларускага рубля будзе жорстка прывязаны
да расейскай валюты; з 2005-га году расейскі рубель заменіць беларускага
зайчыка, і, нарэшце, з 2008 году замест расейскага рубля будзе уведзеная
нейкая новая адзіная валюта.
Гэты праэкт цягам бліжэйшага месяца мусяць падпісаць Уладзімер Пуцін
і Аляксандар Лукашэнка.
Але каб распрацаваны плян ажыцьцявіўся, патрэбнае выкананьне шматлікіх
умоваў, і ў першую чаргу з беларускага боку.
Расейскія экспэрты адзначаюць, што сёньня адносіны Расеі і Беларусі
пачынаюць нагадваць адносіны паміж Міжнародным валютным фондам і ягонымі
кліентамі. А менавіта: каб дамагчыся ад Расеі нейкіх прэфэрэнцыяў, Беларусь
мусіць ажыцьцяўляць эканамічную праграму, што дыктуе расейскі бок. На гэта,
прынамсі, зьвяртае увагу ўплывовая ў Расеі фінансавая газэта “Ведомості”.
Першы такі крок Беларусь ужо зрабіла, калі ўвяла адзіны курс беларускага
рубля. У выніку Расея згадзілася выдаць Беларусі крэдыт у памеры 100 мільёнаў
даляраў на падтрыманьне курсу беларускае валюты. Сёньня Міхаіл Касьянаў
заявіў, што першы транш крэдыту – 30 мільёнаў даляраў – Беларусь атрымае
ўжо ў гэтым сьнежні. Адметна, што і называецца гэты крэдыт stand-by сугучна
з крэдытамі, што выдае Міжнародны валютны фонд.
Але каб увесьці адзіную валюту, Беларусі будзе недастаткова толькі адноснай
лібэралізацыі валютнага рынку. Ёсьць і яшчэ шэраг умоваў. Да прыкладу,
гадавая інфляцыя ў Беларусі з 2003-га году ня мусіць перавышаць 20%, курс
валюты ня мусіць падаць больш чым на 10% у год і гэтак далей.
Акрамя таго, абавязковай умовай увядзеньня адзінае валюты называецца
бездэфіцытнасьць расейскага бюджэту. Як вядома, сёньняшні прафіцыт бюджэту
ў Расеі магчымы толькі з-за высокіх коштаў на нафту. Такім чынам, нават
адчувальнае падзеньне гэтых коштаў на ўсясьветным рынку можа паставіць
крыж на валютным саюзе.
Нявырашаным пакуль што застаецца і прынцыповае пытаньне стварэньня
адзінага эмісійнага цэнтру. Расейскі бок займае жорсткую пазыцыю, што друкаваць
грошы мусіць толькі Цэнтрабанк Расеі. Аляксандар Лукашэнка ўжо згодны на
гэта, але хоча, каб Цэнтрабанк абавязкова ўзгадняў з беларускім бокам аб’ём
эмісіі. Расея нязгодная і на такі кампраміс. У выніку вырашана адкласьці
вырашэньне гэтае праблемы на год. Фактычна, Беларусі даецца час, каб адмовіцца
ад усялякіх прэтэнзіяў на кантроль за фінансавай палітыкай у межах валютнага
саюзу.
Віктар Дзятліковіч, Масква
Віктар Дзятліковіч, Масква