Лідэры моладзевае кааліцыі “Пераменаў!” лічаць, што ўчорашняя акцыя,
якая прайшла ў 24 гарадох Беларусі, паказала, што ўлады баяцца нарастаньня
хвалі супраціву напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.
Лідэры моладзевых арганізацыяў, што аб’ядналіся ў кааліцыю “Пераменаў!”,
правялі сёньня прэсавую канфэрэнцыю. Яны выказалі ацэнку таго, што адбылося
ўчора ў раёне Акадэміі навук. Гаворыць кіраўнік Маладога Фронту Павал Севярынец:
(Севярынец: ) “Міліцыя паказала, што здольная паўтараць свае ж памылкі,
і, фактычна, прадублявала 25 сакавіка. Тое, што адбывалася ўчора на станцыі
мэтро Акадэмія Навук, было фактычна паўтарэньнем тых падзеяў, якія мы з
вамі бачылі ўвесну, з тым выняткам, што зараз міліцыянты не хапалі журналістаў.
Ацэнка гэтай акцыі відавочная – рэжым баіцца моладзі. Тое, што на гэтую
акцыю былі сьцягнутыя неверагодныя сілы, што былі ўжытыя спэцыяльныя тактычныя
сродкі і кардоны, сьведчыць пра тое, што ўлады рэальна баяцца моладзевага
супраціву і нашага патрабаваньня пераменаў”.
Заявіў спадар Сявярынец.
Лідэр маладафронтацаў перакананы, што жорсткія рэпрэсіі ўладаў ня спыняць
імкненьня моладзі да пераменаў. Паводле Паўла Севярынца, веснавыя акцыі
моладзевае кааліцыі будуць яшчэ больш масавымі й рашучымі.
Лідэры кааліцыі гавораць, што ані ў якім выпадку не маглі ўчора павесьці
моладзь на пляц Бангалёр, бо выглядалі б у вачох падлеткаў згоднікамі.
На думку намесьніка старшыні Маладога Фронту Аляксея Чарняева, многія маладыя
людзі ўжо ня хочуць удзельнічаць у акцыях дарослай апазыцыі менавіта з-за
саступак яе лідэраў уладам у пытаньні месца правядзеньня акцыяў.
Лідэры Маладое Грамады Тацяна Алесіна і моладзевага “Хрысьціянска-Сацыяльнага
саюзу” Кірыл Ігнацік адзначылі, што сябры кааліцыі ня будуць абмяжоўваць
сябе толькі несанкцыянаванымі вулічнымі акцыямі. Наступная акцыя моладзі
пройдзе толькі 14 лютага на дзень сьв. Валянціна. А да гэтага часу прадстаўнікі
кааліцыі правядуць шэраг вучэбных сэмінараў у справе падрыхтоўкі дабрахвотных
валантэраў і назіральнікаў, каб у 2001 годзе выканаць сваю галоўную задачу
— дапамагчы перамозе на прэзыдэнцкіх выбарах кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі.
Паводле лідэра аганізацыі “Моладзевая Салідарнасьць” Цімоха Дранчука,
а таксама Паўла Севярынца, у выніку ўчорашняе сілавой апэрацыі міліцыі
на праспэкце Францішка Скарыны было затрымана каля 300 удзельнікаў акцыі
(гарадзкая ўправа міліцыі называе лічбу 112 затрыманых, Праваабарончы цэнтар
“Вясна” — 109 чалавек). Усяго ж у акцыі, на іхную думку, бралі ўдзел ад
2 да 3 тысячаў чалавек.
Спадар Дранчук патлумачыў істотную розьніцу ў лічбах тым, што назіральнікі
ня ўлічылі чатыры міліцэйскія спэцмашыны, цалкам запоўненыя падлеткамі,
якіх у пастарункі не дастаўлялі. Лідэр Маладога Фронту гаворыць, што многія
непаўнагадовыя дэманстранты былі моцна зьбітыя, і лідэры кааліцыі цяпер
будуць дамагацца ўзбуджэньня крымінальных справаў супраць міліцыянтаў.
Павал Севярынец таксама паведаміў, што яго, а таксама двух іншых арганізатараў
акцыі спадароў Дранчука й Чарняева ўчора не затрымалі проста цудам, хаця
міліцыянты й папярэджвалі іх пра крымінальную адказнасьць.
Альгерд Невяроўскі, Менск
Самае папулярнае
1