Пачаліся суды над затрыманымі ўдзельнікамі ўчорашняй акцыі дэмакратычных
моладзевых арганізацыяў.
У Першамайскі і Савецкі суды Менску міліцыянты прывезьлі 26 чалавек,
а ўсяго ўчора ўвечары было затрымана больш як 100 ўдзельнікаў несанкцыянавага
шэсьця моладзі. Бальшыня зь іх — непаўнагадовыя. Напрыклад, у Першамайскім
РАУСе ўтрымліваліся 42 чалавекі і толькі траім зь іх больш як васемнаццаць
год. Тое ж і ў іншых РАУСах. Супрацоўнікі міліцыі кажуць, што яшчэ ніколі
не сутыкаліся з такой сытуацыяй.
У Першамайскім судзе затрыманыя Яроменка, Харкевіч і Шмялёў запатрабавалі
адваката, і судзьдзя перанёс разгляд справаў на заўтра. Яшчэ 8 чалавек
атрымалі папярэджаньне. У Савецкі суд ураніцу прывезьлі затрыманых з Маскоўскага
й Савецкага РАУСаў, але адразу да суду не дайшло. Старшыня суду адмовіўся
прыняць адміністрацыйныя справы да разгляду з-за няслушнага афармленьня
пратаколаў. Міліцыянты адвезьлі ўсіх у Савецкі РАУС і там перарабілі пратаколы.
Толькі ў другой палове дня распачаліся суды. Асноўная частка гэтак званых
“правапарушальнікаў” — студэнты. Вось іхныя прозьвішчы: Віталь Кошалеў,
Уладзімер Лыско, Васіль Венярскі, Іван Цітовіч, Уладзімер Самончанка, Андрэй
Мазоўка, Надзея Грачуха, Вадзім Ткачэнка, Кірыл Чулкоў, Яраслаў Малішэўскі,
Вольга Цімашук і Андрэй Юркавец.
Віталь Кошалеў, студэнт радыётэхнічнага коледжу, запатрабаваў адваката
і паехаў у пракуратуру па накіраваньне на зьняцьцё пабоеў. Гаворыць Віталь
Кошалеў:
(Кошалеў: ) “З аўтобуса выскачылі амонаўцы і кінуліся наперарэз з дубінкамі
над галавой. Закрычэлі, схапілі. Я ім сказаў, што я, маўляў, тут вучуся.
Ім як аб сьценку гарохам, вядома. Потым пачалі біць дубінкамі, лупцаваць.
Я закрываўся, потым, каб у жывот ня білі, за дрэва схапіўся, яны мяне пачалі
ад дрэва аддзіраць. Пры гэтым, канешне, добра пабілі. Потым схапілі за
рукі-ногі і сьпіной долу пацягнулі па асфальце, далі ў жывот кулаком і
запіхнулі ў аўтобус. Афіцэры якраз вельмі добрыя людзі, бо ім гэта таксама
не патрэбна, яны якраз-такі спачувалі і ў прыватных размовах палітычна
выказваліся наконт гэтага”.
Ягоная справа будзе разглядацца празь дзень.
Андрэй Юркавец, дваццацігадовы студэнт Агратэхнічнага ўнівэрсытэту,
паводле судовага прысуду арыштаваны на трое сутак з адбыцьцём пакараньня
ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна. Кірыл Чулкоў і
Яраслаў Малішэўскі атрымалі папярэджаньне. Андрэй Мазоўка, Уладзімер Лыско
і Ўладзімер Самончанка пакараныя штрафам памерам 20 мінімальных заробкаў.
Справы астатніх затрыманых будуць разглядацца цягам тыдня, таму што
адныя зь іх запатрабавалі адваката, а ў справах другіх спатрэбілася апэратыўная
відэастужка.
Любоў Лунёва, Менск
Самае папулярнае
1