Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 11 лістапада)
Кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Міхал Мясьніковіч назваў “грубай фальшыўкаю” фільм Паўла Шарамета “Дзікае паляваньне”, які прысвечаны праблеме зьнікненьня Зьмітра Завадзкага й некаторых баларускіх апазыцыянэраў. “Белорусская деловая газета” надрукавала ліст вязьня менскае калёніі, аўтарства якога, магчыма, належыць дэпутату Андрэю Клімаву. Міхала Чыгіра зноў выклікалі на допыт у сьледчы камітэт.

На гэтым тыдні першы расейскі тэлеканал паказаў фільм Паўла Шарамета “Дзікае паляваньне”, у якім аўтар выклаў свае вэрсіі зьнікненьня апэратара Зьмітра Завадзкага ды іншых беларускіх апазыцыянэраў.

Ааўтар распавядае пра былога супрацоўніка “Алмазу” Ігнатовіча, затрыманага з-за падазрэньні ў замешанасьці да выкраданьня Завадзкага. Далей Шарамет аналізуе дзейнасьць профашыстоўскіх колаў у Беларусі, да якіх належыць Ігнатовіч. Атрымліваецца, што без патураньня ўладаў гэтая дзейнасьць прорасейскіх фашыстаў у Беларусі была б немагчымая…

Павал Шарамет не абыходзіць увагаю і зьнікненьні палітычных праціўнікаў беларускага рэжыма Юрыя Захаранкі й Віктара Ганчара. Усе зьнікненьні маюць як вонкавае, гэтак і ўнутранае падабенства, што й дазваляе зьнятым у фільме людзям казаць пра 37-ы год.

(Захаранка: ) “Першы час, калі выкралі майго мужа, да мяне прыходзілі людзі, і замест таго, каб гаварыць, яны мне пісалі на запісачках. Я пытала, гэта што – 37 год? Яны адказвалі – канешне”.

Гэта казала ў фільме Шарамета жонка зьніклага міністра ўнутраных справаў Вальга Захаранка.

І як жа беларускія ўлады адрэагавалі на фільм Паўла Шарамета? Некаторыя вышэйшыя чыноўнікі, як міністар юстыцыі Юры Варанцоў, пасьпяшылі заявіць, што фільм не глядзелі… А вось кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Міхал Мясьніковіч, аказваецца, знайшоў час і для прагляду, і для камэнтару агэнцыі “Интерфакс”. Паводле гэтае крыніцы, Мясьніковіч назваў “грубай фальшыўкаю” шараметаўскую вэрсію зьнікненьня Завадзкага, а сам фільм палічыў “неаб’ектыўным”. Прычына — маўляў, не адлюстраваная праца праваахоўных ворганаў у пошуку Зьмітра Завадзкага.

Нагадаю, аднак, што гэтыя пошукі вядуцца зь 7 ліпеня, а выніку ўсё няма. Як няма й вынікаў расьсьледваньня зьнікненьняў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. І журналісты маюць права рабіць з гэтага адпаведныя высновы.

* * *
На гэтым тыдні мы ўжо паведамлялі пра турэмнае жыцьцё дэпутата Андрэя Клімава, са словаў ягонае жонкі Тацяны, якая атрымала першае за тры гады зьняволеньня мужа трохдзённае зь ім спатканьне. І вось дадатковая інфармацыя — з “Белорусской деловой газеты”…

Лягічна запытацца, няўжо турэмная цэнзура прапусьціла Клімава на старонкі апазыцыйнае прэсы? Ані станоўча, ані адмоўна адказаць на гэтае пытаньне пакуль немагчыма. Справа ў тым, што ліст вязьня менскае калёніі, надрукаваны ў нумары “БДГ” за 9 лістапада, падпісаны толькі “Андрэй К.”. У рэдакцыі сьцьвярджаюць, што ў такім выглядзе ліст і прыйшоў да іх па пошце.

А ці Клімаўскае гэта пасланьне, лічыце самі: “Жыву ў 13-м атрадзе, сплю на першым ярусе. Пакуль не працую на мясцовай фабрыцы. Выконваю ўнутраны рэжым калёніі і ненавіджу рэжым Лукашэнкі”, — піша аўтар ліста Андрэй К. Далей ён паведамляе, што пакуль не бачыў у турме дэпутата Ўладзімера Кудзінава й дзеліцца такімі назіраньнямі за турэмным жыцьцём: “Не зубры, а турмы ёсьць цяперашнія сымбалі Беларусі, а зэкі — яе сапраўдныя грамадзяне… Цяперашні дзяржаўны рэжым дапамог разьвіць нашым суайчыньнікам самыя горшыя свае якасці. Ёсьць з каго браць прыклад. Сапраўдныя злачынцы не сядзяць разам з намі, яны нават не баяцца паказвацца па тэлевізіі”, — гэтак лічыць вязень менскае калёніі Андрэй К. Магчыма, Андрэй Клімаў.

* * *
І напрыканцы — зьвесткі пра Міхала Чыгіра. Як ён і прадбачыў, зноў заварушылася другая крымінальная справа супраць яго — з падазрэньняў у нявыплаце падаткаў за пэрыяд працы ў Маскве два гады таму. Праўда, экс-прэм’ер перакананы, што справа гэтая ў юрыдычным сэнсе безпэрспэктыўная, бо ўсе неабходныя падаткі ён выплаціў. У пятніцу Чыгіра выклікалі на чарговы допыт у сьледчы камітэт, пасьля якога экс-прэм’ер сказаў радыё Свабода

(Чыгір: ) “Я зрабіў заяву аб тым, каб мне гэтыя падаткі вярнулі назад, таму што ёсьць у законе спасылка, што калі чалавек не жыве на тэрыторыі рэспублікі больш чым 6 месяцаў (не жыве, працуе за мяжой), то ён тады гэтыя падаткі і не павінен плаціць”.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG