У Менскай вобласьці дэмакратычна настроеная моладзь буйных гарадоў сёньня
таксама далучылася да агульнарэспубліканскай акцыі “Пераменаў”. З Барысава
паведамляе наш карэспандэнт.
Прыкладна ў 11.10 менскага часу на цэнтральны пляц Барысава выйшла ды
пачала разгортваць пікет група актывістаў філіі “Маладой Грамады”. Як і
сябры партыі БСДП (НГ), яны з 20 ліпеня мінулага году, з прычыны таго,
што Лукашэнка стаўся нелегітымным кіраўніком дзяржавы, перасталі пытацца
дазволу ва ўладаў, каб праводзіць тую ці іншую палітычную акцыю.
І сёньняшні пікет у іх быў несанкцыянаваны. Плякаты зь лёзунгамі “Моладзь
патрабуе пераменаў!”, “Мы, Беларусы, бяз братняе Русі!” трымалі сямнаццацігадовая
Алена Ясюк, яе 14-гадовая сястра Марына і таксама 14-гадовы Міхась Кузьняцоў.
Літаральна празь 2-3 хвіліны да пікетоўцаў падруліў варанок, адкуль
выйшаў нарад міліцыянтаў на чале з капітанам Белым. Яны пазабіралі ў падлеткаў
плякаты і запрапанавалі тым сесьці ў машыну. У аднаго з ахоўнікаў парадку
на плячы боўтаўся аўтамат, другі меў пры сабе пісталет.
Супраць гэткай узброенасьці запярэчыў старшыня філіі БСДП (НГ) Алесь
Абрамовіч, і з гэтае нагоды стаў дапякаць міліцыянтаў, тады апошнія закінулі
ў варанок і яго, хаця спадар Абрамовіч знаходзіўся тут у якасьці наглядальніка
ад сваёй партарганізацыі.
У пастарунку на ўсіх былі складзеныя пратаколы аб правапарушэньні паводле
артыкулу 167 прым. Дзяжурны капітан пасьля гэткае працэдуры перадаў дзяцей
у рукі бацькоў і паведаміў, што пратаколы будуць перададзеныя на гарадзкую
камісію ў справах непаўнагадовых.
Тут жа разабраліся са статусам Алеся Абрамовіча і адпусьцілі яго на
волю. Зараз ён знаходзіцца побач са мной:
(Абрамовіч: ) “Бадай упершыню за ўсю гісторыю барысаўскіх пратэстовых
акцыяў, да пікетоўцаў падыйшлі міліцыянты з аўтаматамі. Мы лічым, што гэта
было мэтанакіраванае запалохваньне падлеткаў. Зброяй гэтых падлеткаў былі
толькі плякаты, гэта была выключна мірная акцыя. Мусіць, у рэжыма зусім
кепскія справы, калі дзяцей канваююць аўтаматчыкі”.
Жодзінская моладзь таксама ня стала прасіць дазволу ва ўладаў на правядзеньне
акцыі “Пераменаў”, якую, дарэчы, яна адзначыла гэтай ноччу.
Юнакі і дзяўчаты ў цэнтры гораду ўсталявалі на самых вышынных будынках
некалькі бел-чырвона-белых сьцягоў. А на шыльдачкі з назвамі галоўных вуліцаў
“40-год кастрычніка”, “50-год БССР” ды іншых прымацавалі назвы імя Янкі
Купалы, імя Якуба Коласа ды імя Францішка Скарыны.
Алесь Мікалайчанка, Барысаў
Самае папулярнае
1