Амэрыканская журналістыка ганарыцца сваімі традыцыямі дакладнасьці,
справядлівасьці і збалянсаванасьці. Аднак празьмернае жаданьне быць заўсёды
першым – іншым разам можа сур’ёзна пашкодзіць дакладнасьці. Гэта яскрава
выявілася на прыкладзе тэлевізійных рэпартажаў у часе цяперашніх прэзыдэнцкіх
выбараў у ЗША. Заходнія камэнтатары аналізуюць ролю СМІ ў амэрыканскай
выбарчай кампаніі.
Некаторыя палітычныя аналітыкі выказваюць спачуваньне амэрыканскім тэлестанцыям,
якія двойчы паведамілі недакладныя зьвесткі аб пераможцы ў штаце Флёрыда.
У аўторак увечары пяць галоўных тэлеканалаў перадалі, што галасаваньне
ў Флёрыдзе на падставе кампутарных прагнозаў выйграў дэмакратычны кандыдат
Эл Гор. Праз гадзіну яны скасавалі інфармацыю, а пасьля паўначы фактычна
прысудзілі перамогу Джорджу Бушу. Аднак, урэшце, давялося аспрэчыць і гэтае
паведамленьне.
На думку аналітыкаў, імкненьне быць першымі прывяло да таго, што паважаныя
тэлестанцыі страцілі пільнасьць.
Пяць асноўных тэлесетак разам з агэнцыяй Associated Press рабілі прагнозы
адносна вынікаў выбараў на падставе базы дадзеных адмысловай Службы навінаў
для выбаршчыка. Гэтая служба робіць так званыя "exit polls" – апытаньні
людзей, якія прагаласавалі. Дадзеныя апытаньняў у спалучэньні з вынікамі
выбараў аналізуюцца адмысловай групай. Звычайна такі аналіз дае дакладную
карціну, аднак у аўторак сыстэма дала збой.
Лічыцца, што кампутарная база дадзеных – адзіная крыніца інфармацыі
для ўсёй прэсы ў гэтым выпадку – дала няслушны вынік. Аднак, аналітык кампаніі
Эй-Бі-Сі заявіў у інтэрвію газэце The New York Times, што праблема была
перадусім справакаваная нездаровай канкурэнцыяй тэлеканалаў. Паводле ягоных
словаў, ён і ягоная каманда на Эй-Бі-Сі былі супраць таго, каб у сьпешцы
абвяшчаць Буша пераможцам, аднак іншыя тэлеканалы ўжо зрабілі такую заяву,
і гэта, паводле аналітыка, зрабіла велізарны ціск на Эй-Бі-Сі, якая было
вымушанае паступіць так жа.
Падобныя прыклады прыводзяць і некаторыя іншыя аналітыкі, якія запэўніваюць,
што падалі сумнеўную інфармацыю толькі зь меркаваньняў канкурэнцыі.
На думку аналітыка Ўнівэрсытэту Вірджыніі Лары Сабата, амэрыканская
публіка больш давярае інфармацыі, калі яна сыходзіць з некалькіх крыніцаў.
Ён пацьвярджае, што некаторыя тэлеканалы згубілі пільнасьць, як толькі
іншыя абвесьцілі аб перамозе ў штаце.
(Сабата: ) “Яны хочуць быць першымі, чаго б гэта ім не каштавала. Нікога
ў краіне не цікавіць, які з тэлеканалаў быў першым, альбо калі прагучала
інфармацыя – а 8-ай, 9-ай альбо 10-ай гадзіне. Краіна хоча, каб яна была
слушнай, а яны ня справіліся з гэтым. Пацярпелі няўдачу і тэлеканалы, і
Служба навінаў для выбаршчыка.”
Аналітыкі нагадваюць, што аб важнасьці галасаваньня ў штаце Флёрыда
было вядома загадзя, і таму факту, што тэлеканалы не праверылі дадзеных
з гэтага штату, няма ніякага дараваньня.
Дарэчы, телевізійныя сеткі не ўпершыню крытыкуюцца за асьвятленьне выбараў.
Так, у 1980 тэлебачаньне пасьпяшалася абвесьціць аб перамозе Рэйгана над
Картарам. Паведамленьне прагучала, калі на Ўсходнім узьбярэжжы быў надвячорак
– задоўга да таго, як жыхары Заходняга ўзьбярэжжа нават пачалі галасаваць.
І хаця прагнозы спраўдзіліся, многія амэрыканцы выказвалі незадаволенасьць
такой падачай інфармацыі. Каманды тэлевізійных аналітыкаў былі выкліканыя
ў Кангрэс для тлумачэньняў.
Сумнеўна, што Кангрэс прыняў бы закон, які б забараняў падобныя заўчасныя
абвешчаньні вынікаў выбараў – у ЗША прэса незалежная. Але тэлеканалы далі
слова спыніць гэтую практыку. Цяпер яны ня возьмуцца абвяшчаць пераможцу
да таго часу, пакуль не зачыняцца ўсе выбарчыя ўчасткі ў краіне.
Алена Радкевіч, Прага
Самае папулярнае
1