Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Менскія ўлады, нягледзячы на высілкі лідэраў кааліцыі моладзевых арганізацыяў і нават хадайніцтва Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ, не зьмянілі свайго рашэньня адносна месца правядзеньня акцыі пад назовам “Пераменаў!” 12 лістапада. Тым ня менш лідэры кааліцыі вырашылі не мяняць сваіх намераў правесьці акцыю менавітаа ў цэнтры сталіцы. Тым часам працягваецца падрыхтоўка да акцыяў моладзевага супраціву і ў іншых гарадох краіны.

Сёньня адбылася сустрэча прадстаўнікоў КНГ АБСЭ з намесьнікам старшыні гарадзкога выканкаму Міхалам Пятрушыным. Арганізатараў моладзевай акцыі туды не запрасілі. Аднак вялікага плёну гэтая сустрэча ня мела. Гаворыць першы сакратар групы АБСЭ ў Беларусі Бэата Разуміловіч:

“Улады прынялі рашэньне й гавораць, што гэтая пастанова застаецца ў сіле. Дазволена шэсьце з Кіеўскага сквэру да пляцу Бангалёр. Але сытуацыя, яшчэ да канца не зразумелая. Таму лепей трохі пачакаць і паглядзець што будзе”, — паведаміла першы сакратар КНГ АБСЭ Бэата Разуміловіч.

Спадарыня Разуміловіч сумняецца, што за два дні да акцыі пытаньне дазволу маніфэстацыі ў цэнтры Менску будзе вырашанае пазытыўна. Сёньня ж павінна адбыцца сустрэча прадстаўнікоў АБСЭ зь лідэрамі моладзевае кааліцыі. Маладыя апазыцыянэры не зьбіраюцца саступаць уладам, і мітынгаваць на пляц Бангалёр ня пойдуць. Гаворыць адзін зь лідэраў кааліцыі “Пераменаў!” Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “Улады пакуль усур’ёз не ўспрымаюць маладзёвы пратэст, думаюць, што моладзь будзе дастаткова папярэдзіць праз рупар, што акцыя несанкцыянаваная, і моалдзь разьбяжыцца. Гэта далёка ня так. Пратэст беларускай моладзі абсалютна насьпелы, абгрунтаваны, і тут улады, мне здаецца, гэтага недаацэньваюць”.

Паведаміў спадар Севярынец.

Пра тое, што ўдзельнікі акцыі ў любым выпадку будуць зьбірацца 12 лістапада а 18-й гадзіне ля Акадэміі Навук, арганізатары сёньня папярэдзілі й кіраўніцтва сталічнае міліцыі.

Тым часам, акцыя моладзевае кааліцыі “Пераменаў!” 12 лістапада пройдзе ня толькі ў Менску. Паводле Паўла Севярынца, ёсьць ужо пацьверджаныя зьвесткі, што акцыі моладзі пройдуць як мінімум у 24 гарадох краіны. Дазвол ад мясцовых уладаў на правядзеньне акцыяў атрыманы ў Пінску, Бярозе, Горадні, а таксама ў Магілеве. У гэтым вабласным цэнтры, акцыя “Пераменаў!” будзе працягвацца два дні (11 й 12 лістапада). У праграме: пачатак рэстаўрацыі сіламі моладзевае кааліцыі вабласнога драматычнага тэатру, віктарына, дыскатэка, а таксама акцыя пад назовам “Горад наш!”.

Найбольш буйную несанкцыянаваную акцыю плянуюць правесьці моладзевыя арганізацыі Віцебску. 12 лістапада там пройдзе шэсьце па цэнтральных вуліцах гораду, ускладаньне кветак да помніку сьвятога Язафата Кунцэвіча (12 лістапада Царква адзначае дзень памяці гэтага вуніяцкага біскупа-пакутніка), а таксама рок-канцэрт. У Наваполацку, у рамках акцыі”Пераменаў!”, у гэты дзень пройдзе футбольны матч, вечарына й канцэрт.

Рок-канцэрт адбудзецца таксама ў Бялынічах, у Слоніме пройдзе культурніцкая вечарына. У Крычаве маладыя апазыцыянэры плянуюць правесьці несанкцыянаванае шэсьце, а ў Маладэчне — пікет. Несанкцыянаваныя акцыі моладзевае кааліцыі “Пераменаў!” пройдуць таксама ў Сьветлагорску, Бабруйску, Слуцку, Радашковічах, Коханаве, Жодзіне ды іншых гарадох Беларусі.

Як паведамілі нашаму радыё прадстаўнікі кааліцыі “Пераменаў!”, за два апошнія тыдні ў розных рэгіёнах краіны за распаўсюд улётак з заклікам узяць удзел у акцыях 12 лістапада, міліцыяй было затрымана 17 актывістаў маладзёвых арганізацыяў.

Альгерд Невяроўскі, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG