Пасол Беларусі ў Літве Ўладзімер Гаркун спадзяецца на ўсталяваньне міжпарлямэнцкіх
сувязяў Сойму Літвы і “нацыянальнага сходу” Беларусі і, нібыта, сустракае
разуменьне з боку кіраўніцтва новага парлямэнту.
Сёньня пасол Беларусі ў Літве Ўладзімер Гаркун зьдзейсьніў візыт знаёмства
да новага старшыні Сойма, які быў абраны 8 кастрыніка, Артураса Паўлаўскаса.
Пад час сустрэчы пасол прапанаваў, паводле яго словаў, усебаковыя кантакты
паміж парлямэнтамі дзьвюх краінаў і пачуў адказ, што такія кантакты магчымыя.
У выпадку, калі ў Сойме знойдуцца ахвочыя аб’ядноўвацца ў групу дзеля сувязяў
з “нацыянальным сходам” Беларусі.
Пікантнасьць сытуацыі ў тым, што Літва ўсьлед за Эўразьвязам ды іншымі
міжнароднымі арганізацыямі, якія не прызнаюць “нацыянальны сход” легітымным
ворганам улады, да гэтага часу афіцыйна пазьбягала афіцыйных кантактаў
з лукашэнкаўскім парлямэнтам. У ранейшым складзе Сойма дзейнічала група
з прыкладна 25 дэпутатаў дзеля сувязяў з Вярхоўным Саветам Беларусі 13-га
скліканьня.
Параўноўваючы ўражаньні, атрыманыя ў Сойме мінулага і новага скліканьня
пасьля таго, як зьвяртаўся да іх кіраўнікоў з аналягічнымі прапановамі
аб міжпарлямэнцкім супрацоўніцтве, а фактычна, аб прызнаньні “нацыянальнага
сходу”, пасол Гаркун у інтэрвію нашаму радыё сказаў, што з кансэрватарамі,
вядома, было працаваць значна цяжэй, але цяпер, маўляў, ён спадзяецца на
плённае і ўзаемакарыснае супрацоўніцтва.
Мяркуючы па ўсім, гаркун мае надзею на тое, што старыя і новыя сымпатыкі
Аляксандра Лукашэнкі, якіх, паводле яго ацэнкі, у складзе новага парлямэнту
куды больш, чым раней, гатовыя ўсталёўваць кантакты з сёньняшняй уладай
Беларусі.
Апазыцыя ў Літве пасьпела ўжо адзначыць, што ў праграме новага ўраду,
якая была зацьверджаная Соймам учора, так альбо інакш карэктуюцца практычна
ўсе асноўныя зьнешнепалітычныя прыярытэты краіны – арыентацыя на НАТО і
стасункі з суседзямі, у тым ліку і з Беларусьсю.
Першыя намёкі на гэта дэманструе і больш чым на дзьве траціны абноўлены
парлямэнт. Напрыклад, працаваць у групе для супрацоўніцтва з Дзярждумай
Расеі выказалі жаданьне больш за траціну усіх дэпутатаў – аж 51, у той
час, як у мінулым складзе Сойму іх было ня больш за 10 чалавек.
Ёнас Лаўрынавічус, Вільня
Самае папулярнае
1