Міністар юстыцыі Беларусі Генадзь Варанцоў заклікаў усе грамадзка-палітычныя
ініцыятывы, прымеркаваныя да прэзыдэнцкіх выбараў, вылучаць і рэалізоўваць
толькі ў рамках зарэгістраваных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў.
Міністэрства юстыцыі накіравала за апошні час чатыры лісты толькі ў
газэту “Народная воля”, з тлумачэньнем, што дзейнасьць незарэгістраваных
арганізацыяў у Беларусі забароненая. Гаворыць міністар юстыцыі Генадзь
Варанцоў:
(Варанцоў: ) “Глыбокапаважаная газэта Народная Воля і іншыя, у нас у
рэспубліцы няма такіх арганізацыяў, якія вы зьмяшчаеце ў сваіх калёнках.
Апошняе цярпеньне нашае лопнула, апошняя інфармацыя была ў газэце Народная
Воля ад 26 кастрычніка 2000 году. Назва гэтага артыкула “Кампанія Байкот
2000 завяршылася перамогай”.
— зазначыў міністар Варанцоў.
Ён хацеў бы, каб прэса нічога не пісала пра “Хартыю-97”, “Грамадзянскі
камітэт Выбар 2001”, Каардынацыйную раду ў справе назіраньня за выбарамі…
І каб усе новыя ініцыятывы, прымеркаваныя да прэзыдэнцкіх выбараў, вылучаліся
й рэалізоўваліся зарэгістраванымі арганізацыямі ды партыямі або дзеля гэтага
ствараліся новыя:
(Варанцоў: ) “Калі нехта зьбіраецца ізноў стварыць нейкі каардынацыйны
цэнтар, дык вызначыцеся, што гэта за цэнтар, што гэта за грамадзкая арганізацыя,
вашыя паўнамоцтвы, функцыі, што вы зьбіраецеся рабіць. Дык рабіце…”
А вось у справе скандальнае дзейнасьці іншай незарэгіставанай арганізацыі
— менскае філіі “РНЕ” — Генадзь Варанцоў разам з начальнікам управы Міністэрства
юстыцыі Міхалам Сухініным зазначылі, што ніякай інфарацыяй на гэты конт
не валодаюць:
(Сухінін: ) “У нас няма фактуры. Каб хоць хто-небудзь зьвярнуўся ў міністэрства
юстыцыі і сказаў аб тым, што вось дзейнічае… Усе пішуць, калі пытаньне
даткнецца канкрэтна, ніхто нічога не дае”.
Міхал Сухінін прызнаў, што ў апошні час Міністэрства юстыцыі распачала
больш актыўна накіроўваць папярэджаньні ў адрас ня толькі газэтаў, але
й грамадзкіх арганізацыяў, партыяў. Надзвычайную актыўнасьць ён патумачыў
проста: раней увесь працоўны час чыноўнікаў займала перарэгістрацыя, а
цяпер яна скончаная і больш часу можна адвесьці кантролю. На гэты момант
Аб’яднаная Грамадзянская партыя, напрыклад, мае пяць пісьмовых папярэджаньняў
Міністэрства юстыцыі, аб’яднаньне “Маладзёвы форум” — тры.
Каб ліквідаваць партыю ці аб’яднаньне праз суд, дастакова двух такіх
папярэджаньняў, як гэта адбылося, да прыкладу, з грамадзкім аб’яднаньнем
“Адас”. У адносінах да АГП Міністэрства юстыцыі пакуль не зьбіраецца падаваць
пазоў у суд пра ліквідацыю.
Рабіла Міністэрства юстыцыі і адмысловыя заявы адносна незаконнасьці
кампаніі байкоту выбараў, пра няпраўны статус Усебеларускага зьезду за
незалежнасьць. А вось адносна іншага ўсебеларускага форуму, статус якога
таксама не акрэсьлены ў Канстытуцыі і законах, — Зьезду дэпутатаў мясцовых
Саветаў, што быў праведзены на ініцыятыву Лукашэнкі, міністар юстыцыі заявіў,
што тут праблемаў няма, і толькі ягоным міністэрствам прынятыя да выкананьня
18 даручэньняў гэтага зьезду.
Валер Каліноўскі, Менск
Самае папулярнае
1