Беларусь разьвіталася з сымбалем нацыянальнага тэатральнага
мастацтва XX стагодзьдзя, якім была вялікая акторка Стафанія Станюта.
Апошні выхад на любімую купалаўскую сцэну. Велічная і ўрачыстая — як
заўсёды на сцэне. І як заўсёды — сцэна асыпаецца кветкамі. Толькі ў гэты,
апошні яе выхад — кветак нашмат болей. Усе, хто недадарыў іх некалі вялікай
Стафаніі, несьлі сёньня на разьвітальную імпрэзу шыкоўныя ружы й сьціплыя
рамонкі, журботныя калы й пяшчотныя лілеі. Несьлі даўнія прыхільнікі й
кіраўнікі дэмакратычных партыяў, былы сьпікер вярхоўнага Савету Станіслаў
Шушкевіч і вядомыя дзяячы нацыянальнае культуры…
Спаміж мора кветак і вянкоў, апавітых нацыянальнымі колерамі, вытыркаўся
адзін чырвона-зялёны са стужкаю, на якой быў не зусім зразумелы надпіс:
«Президент Беларуси А.Г.Лукашенко». Асобы з такім прозьвішчам на цырымоніі
разьвітаньня з акторкаю стагодзьдзя заўважана не было.
Дзяржаўныя асобы былі прадстаўленыя віцэ-прэм'ерам Міхалам Дзямчуком,
кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Міхалам Мясьніковічам ды амаль поўным
складам міністэрства культуры. Кіраўнік гэтага ведамства Аляксандар Сасноўскі
прамовіў некалькі казённых фразаў, пасьля чаго слова для разьвітаньня даў
чамусьці актору Расейскага тэатру імя Горкага Расьціславу Янкоўскаму ды
мастаку Міхалу Савіцкаму. Ад усёй тэатральнай грамады слова меў кіраўнік
Саюзу тэатральных дзяячоў Аляксей Дудараў, а ад купалаўцаў — толькі апошні
сцэнічны партнэр Стафаніі Станюты Віктар Манаеў.
Купалаўцы нават ня вынесьлі з тэатру ў вапошні шлях сваю любімую Стэфку,
як ласкава міжсобку яны называлі Станюту. Пад гукі вайсковага аркестру
яе несьлі з тэатру вайскоўцы, Ля выхаду простыя прыхільнікі акторкі паспрабавалі
спалучыць з афіцыйнамі гукамі вайсковага аркестру свае гарачыя апошнія
воплескі падзякі… (гукі воплескаў) Акторцы за вялікі народны талент.
Колькі чалавек зь іх трымалі ў рукох апавітыя жалобнымі стужкамі нацыянальныя
сьцягі. З нагоды чаго дырэктар тэатру Генадзь Давыдзька выказваў у кулуарах
незадавальненьне, але сьцягі прайшлі са Стфаніяй Станютаю ўвесь яе апошні
шлях. Ён завяршыўся на менскіх Усходніх могілках.
Там праваслаўны сьвятар адслужыў жалобную імшу, пасьля чаго запрасіў
сказаць разьвітальнае слова ўсіх, хто хоча. Захацелі нікому невядомыя людзі.
Яны казалі ўзрушлівыя прызнаньні любові, многія пры гэтым ставалі на калені
перад труною. Апусьцілі яе ў дол пад гукі дзьвюх самотных скрыпак, якія
здолелі такі перасіліць чыноўную стрыманасьць.
(гукі скрыпкі)
Валянціна Аксак, Менск
Самае папулярнае
1