Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Набірае размах кампанія пратэсту беларускіх настаўнікаў супраць зьбядненьня. На сёньняшні дзень прафсаюзную ініцыятыву падтрымалі пэдагогі ўсіх абласьцей Беларусі.

Лідэрамі кампаніі зьяўляюцца менскія настаўнікі. Сталічны прафсаюз працаўнікоў адукацыі, паводле зьвестак на 8 лістапада, сабраў 30 тысячаў подпісаў пэдагогаў, якія сказалі “не” цяперашняму сацыяльна-эканамічнаму курсу.

Намесьніца старшыні гэтага прафсаюзу Ніна Еўтух сёньня паведаміла нашаму радыё, што з кожнай гадзінаю гэтая лічба павялічваецца. Меркавалася, што менскія настаўнікі ужо на гэтым тыдні азнаёмяць з вынікамі кампаніі ўрад і адміністрацыю Лукашэнкі. Аднак зараз гэты намер зьмяніўся, паколькі да пратэсту вырашылі далучыцца іншыя рэгіёны.

Старшыня рэспубліканскага прафсаюзу працаўнікоў адукацыі Тамара Чобатава паведаміла сёньня, што кампанія ахапіла ўсе вобласьці. Гаворыць лідэр настаўніцкага прафсаюзу Берасьцейскае вобласьці Мікола Коўш:

“Ідзе збор подпісаў, і досыць актыўна. У школах, дзіцячых садках. Разьлічваем, што 20-30 тысячаў пэдагогаў з нашай вобласьці абавязкова падтрымаюць зварот да ўладаў пра неабходнасьць зьмены цяперашняе сытуацыі. Дадзенае нам абяцаньне падвысіць заробкавую плату ўрад ня выканаў”, — зазначыў Мікола Коўш.

Паводле ягоных словаў, акцыя асаблівую падтрымку мае ў такіх раёнах як Столінскі й Пружанскі. На Гарадзеншчыне пераменаў у дабрабыце, як сьведчаць вынікі згаданае кампаніі, найперш жадаюць настаўнікі Ліды, Іўеўскага, Бераставіцкага й Смаргонскага раёнаў.

Гаворыць старшыня абласнога камітэту прафсаюзу адукацыі гэтае вобласьці Аляксандар Падгайчанка:

“Ня толькі настаўнікі, але й тэхнічныя працаўнікі, студэнты, выкладчыкі сярэдніх навучальных установаў прынялі ў нас рашэньне ў зборы подпісаў. Таму што ўсе яны жывуць у галечы. Напрыклад, памочнік выхавальніка атрымлівае 8-9 тысячаў”, — зазначыў Аляксандар Падгайчанка.

На Магілеўшчыне, паводле словаў прафсаюзнага лідэра настаўнікаў вобласьці Сяргея Вінаградава, многія настаўнікі гатовыя пасьля збору подпісаў узяць удзел у пікетаваньнях, мітынгах ды іншых акцыях. Найперш, у гарадох, дзе сем’і пэдагагогаў жывуць асабліва бедна.

Гаворыць лідэрка настаўніцкага прафсаюзу Быхаўскага раёну Ірына Кандраценка:

“Горад вельмі цяжка жыве. Асабліва маладыя спэцыялісты, што атрымліваюць па 20 тысячаў. Вельмі жахліва з жыльлём. Сёлета прыйшлі да нас 43 спэцыялісты. Але для іх жыльля няма, а ведамасныя інтэрнаты дарэшты запоўненыя”, — зазначыла Ірына Кандраценка, прафсаюзная лідэрка з Быхава.

Міхал Стэльмак, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG