На рэчавых рынках краіны працягваецца перасьлед гандляроў
за парушэньне імі новых мытных правілаў.
Як паведаміў нашаму радыё сябра Свабоднага прафсаюзу прыватных прадпрымальнікаў
Юрась Грыгор’еў, фінансавыя праверкі сёньня пачаліся на самым буйным у
Менску рэчавым кірмашы — на стадыёне “Дынама”. Там дзяржаўныя кантралёры
абвінавацілі ў ігнараваньні новых мытных правілаў гандляроў радыёапаратуры.
Кантралёры запатрабавалі, каб радыёапаратура, прывезеная з Масквы ці іншых
гарадоў Расеі, якая паходзіць з трэціх краінаў, прайшла мытнае афармленьне.
Як мне паведамілі ў рэспубліканскім страйкаме, колькасьць падобных фактаў
з кожным днём павялічваецца.
Гаворыць сябра страйкаму Валеры Сіманаў:
“Зараз ідзе кампанія, скіраваная на запалохваньне прадпрымальнікаў.
Паводле нашых зьвестак, выбіраюць найперш гандляроў, якія маюць шмат тавараў.
Складаюцца акты, што прадпрымальнікі нібыта рэалізуюць іх з парушэньнем
новых правілаў. Выпісваюцца штрафы ад 20 да 50 тысячаў рублёў. І іх папярэджваюць,
што калі на працягу двух тыдняў тавар ня пройдзе мытнае афармленьне, ужо
пачнуцца вельмі сур’ёзныя санкцыі”, — зазначыў Валеры Сіманаў.
Між тым, паводле ягоных словаў, пакуль ніводзін прыватны прадпрымальнік
не падпарадкаваўся чыноўніцкім указаньням. З аднаго боку, гандляры ня ў
стане павялічыць выплаты дзяржаве. З другога — мытныя новаўвядзеньні, паводле
словаў Валерыя Сіманава, прынятыя пасьпешліва й ня могуць быць выкананыя
гандлярамі практычна.
Рэч у тым, што дзейнасьць беларускае мытні не разьлічаная на абслугоўваньне
150 тысячаў дробных гандляроў. На думку сяброў страйкаму, нават у Менску
мэханізм мытнага афармленьня будзе даваць збоі, бо тут усяго каля дзясятка
мытных пунктаў. Але найбольшыя цяжкасьці грувасткая працэдура створыць
для гандляроў, якія жывуць у раённых цэнтрах, дзе няма мытняў.
Гаворыць Валеры Сіманаў:
“Скажам, прадпрымальнікам зь Дзяржынску патрэбна будзе ехаць у Менск.
Тое ж самае тычыцца, напрыклад, і гандляроў Узьдзенскага раёну. Інакш кажучы,
фактычна з усіх раёнаў Менскае вобласьці прадпрымальнікі мусяць выпраўляцца
ў сталіцу”, — лічыць сябра страйкаму прыватных прадпрымальнікаў Валеры
Сіманаў.
Міхал Стэльмак, Менск
Самае папулярнае
1