Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Ва ўрачыстай вечарыне, прысьвечанай 5-годзьдзю Аб’яднанае Грамадзянскае партыі, браў удзел папулярны расейскі драматург-сатырык Віктар Шэндаровіч. Гэта было першым публічным выступам у Менску аўтара тэлепраграмаў НТВ “Куклы” ды “Итого”. Ранейшыя спробы даць канцэрты ў Беларусі былі марнымі — улады іх забаранялі. Некалькі гадзінаў таму нашыя карэспандэнты сустрэліся й пагутарылі зь Віктарам Шэндаровічам.

Папулярнасьць Віктара Шэндаровіча ў Беларусі перадусім можна растлумачыць нязьменнай увагаю пісьменьніка-сатырыка да асобы Аляксандра Лукашэнкі. Існуюць лялькі і Кучмы, і Шэварднадзэ, але з усіх лідэраў суседніх з Расеяй дзяржаваў лялька Лукашэнкі на НТВ зьяўляецца найчасьцей. Любоў драматурга да свайго пэрсанажу відавочная. На чым гэтая любоў трымаецца? З гэтага пытаньня мы й распачалі размову са спадаром Шэндаровічам…

(Шэндаровіч: ) “Гэта каханьне з першага погляду. Першая ўмова нашай праграмы – гэта яркасьць пэрсанажу. Для нас чым ярчэй, тым лепш, у адрозьненьне ад народа. Бо народу лепш, чым мудрэйшы, чым разумнейшы, чым дабрэйшы. А для нашай праграмы тым больш пасьпяховы пэрсанаж, чым больш вульгарны. У гэтым сэнсе Аляксандар Рыгоравіч побач з іншымі пэрсанажамі праграмы “Лялькі” вельмі нас задавальняе. У ім ёсьць акторскае дараваньне, троху страшнаватае, але яно ёсьць”.

Вобраз Лукашэнкі, які стварае драматург Шэндаровіч у перадачах расейскага каналу НТВ, перадусім існуе ў кантэксьце расейскай палітычнай эліты й разьлічаны на гледача расейскага. А мо’ таму так часта сатырык выцягвае на экран беларускага кіраўніка, што ён уяўляе небясьпеку для Расеі?

(Шэндаровіч: ) “Быў небясьпечны ў вельмі вялікай ступені, калі плянавалася яго вылучэньне на выбары прэзыдэнта агульнае саюзнае дзяржавы, бо нам, у Расеі, пашанцавала: нашыя камуністы – людзі ўбогія. А, вядома, паяўленьне такога чалавека, як Лукашэнка пад гэтымі сьцягамі, гэта было б вельмі небясьпечна. На шчасьце гэтая небясьпека нас абыйшла”.

Апошнім часам заўважнае падабенства фарбаў, якімі падае Віктар Шэндаровіч Лукашэнку й расейскага прэзыдэнта Пуціна. Ці не вымалёўваецца тут нейкая зьвязка?

(Шэндаровіч: ) “Яна ўжо намецілася. Шмат агульнага, пачынаючы з паходжаньня са спэцслужбаў, такой схільнасьці да правакацыяў, спэцапэрацыяў, схільнасьці да пабудовы свайго вобразу айца нацыі. Вельмі шмат перасячэньняў. Я думаю, што яны ўжо адчулі гэта абодва. Усе яны дзеці кастрычніка ў значна большай ступені, чым яны гатовыя ў гэтым прызнацца, хаця Пуцін ужо ў гэтым і прызнаўся”.

Віктар Шэндаровіч узгадаў “Кастрычнік”. Нам захацелася ў дзень кастрычніцкага перавароту, які Аляксандар Лукашэнка аднавіў як дзяржаўнае сьвята, працягнуць тэму: Лукашэнка — сучасная Беларусь — “Кастрычнік”. Ці заўважыў папулярны драматург існаваньня ў гэтым трохкутніку пэўнае лёгікі?

(Шэндаровіч: ) “Я ў Бабруйску ўчора ўбачыў плякат. Там было дзьве перацяжкі. Відаць, гэта быў райкам, бо там дзядуля Ленін стаяў на пастамэнце, і дзьве перацяжкі злева і справа ад яго праз вуліцу. На адной было напісана “Да здраствует Великая Октябрьская Социалистическая революция”, а на другой было напісана “Решения президента Белоруссии одобряем и поддерживаем”. Я зазнаў абсалютна настальгічнае шчасьце. Я стаяў і рыдаў, я зразумеў, што я памаладзеў год на 20. Я гэтага словазлучэньня “одобряем и поддерживаем” 20 год ня чуў і ня бачыў”.

Віктар Шэндаровіч разумее нэрвова-адмоўную рэакцыю Аляксандра Лукашэнкі на свае праграмы. Нам сталася цікавым уявіць сытуацыю, што Лукашэнка й Шэндаровіч выпадкова сустрэліся. Хто б пачаў размову першым? І вось адказ Віктара Шэндаровіча:

(Шэндаровіч: ) “Пачну гутарку я і спытаю: “Можна выйсьці?”

Вячаслаў Ракіцкі, Ягор Маёрчык, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG