Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Польшча выстаўляе ўсё менш пярэчаньняў супраць пабудовы новага газаправоду для транзыту расейскага газу, які мае абмінаць Украіну.

У канцы мінулага тыдня намесьнік прэм’ер-міністра Польшчы, міністар эканомікі Янош Штэйнгоф аб’явіў, што Варшава гатовая весьці перамовы з расейскім “Газпрамам” пра пабудову новага газаправоду, які, паводле пляну, мусіць ісьці праз Беларусь, Польшчу і Славаччыну ў абход Украіны. Менавіта сп-р Штэйнгоф гэтым летам першым заявіў, што Польшча катэгарычна нязгодная з новым праектам “Газпраму”, бо ён шкодны для інтарэсаў Украіны – стратэгічнага партнэра Польшчы. Яшчэ тры тыдні таму польскі міністар эканомікі пацьвярджаў, што ў Варшавы ёсьць сур’ёзныя эканамічныя, экалягічныя і палітычныя пярэчаньні супраць праекту. Але праз некалькі дзён, 24 кастрычніка, прэзыдэнт Квасьнеўскі заявіў, што Польшча можа і пагадзіцца на пабудову новага газаправоду, калі будзе прадугледжаны ўдзел Украіны ў гэтым сумесным праекце. Ён назваў гэтую ідэю “вельмі разумным кампрамісам”.

Зараз пазыцыя Варшавы яшчэ больш зьмякчаецца. Міністар эканомікі Штэйнгоф ужо не выстаўляе ўдзел Украіны ў праекце як неабходную ўмову згоды Варшавы, ён гаворыць толькі пра тое, што праз новы газаправод мусіць ісьці толькі новы газ, а не той, які ужо зараз ідзе праз украінскія газаправоды. “Газаправод ня мае парушыць становішча ніводнага з суседзяў,” – падкрэсьліў міністр.

Але аналітыкі лічаць, што падобныя заявы – гэта ужо спробы захаваць аблічча. Нафта з Ямала, адзначаюць аналітыкі, і зараз ня йдзе праз Украіну, а пастаўляецца праз ранейшы нафтаправод, што ідзе праз Польшчу. Па-другое, газ з усіх радовішчаў аднолькавы і таму незразумела, як Польшча зможа пракантраляваць, які газ ідзе праз яе тэрыторыю. Нарэшце, новы газаправод у любым выпадку працуе на стратэгічную мэту Расеі – зьменшыць яе залежнасьць ад транзыту праз Украіну. На думку наглядальнікаў, новая польская прапанова нічым не адрозьніваецца ад таго, калі б Варшава адразу проста пагадзілася з праектам “Газпраму”.

Варта адзначыць, што ў мінулым месяцы Ўкраіна зьвярталася да Эўразьвязу с просьбаю пра пасярэдніцтва паміж ёю і Расеяй, каб ня страціць расейскі газавы транзыт. Але Эўразьвяз даў свой адказ. Кіраўнік Эўракамісіі Рамано Продзі публічна ўхваліў новы праект “Газпраму”, абвесьціўшы, што Заходняя Эўропа мае намер удвая павялічыць закупкі газу у Расеі. На сёньня, дарэчы, пастаўкі “Газпраму” складаюць пятую частку газавага спажываньня краінаў Эўразьвязу. Плянуючы павелічэньне закупак, Заходняя Эўропа вымушаная лічыцца з пажаданьнямі прадаўца. Тым больш, што саступаючы ў дадзеным выпадку пажаданьням Расеі, Эўразьвяз атрымлівае пэўную свабоду манэўра ў перамовах з прадаўцамі нафты. Нафтавы крызыс працягваецца. Нягледзячы на падвышэньне здабычы краінамі-экспартэрамі нафты, усясьветныя цэны на нафту захоўваюцца на вельмі высокім ўзроўні. Вал страйкаў і блякадаў пратэсту, што пракаціўся гэтым летам па ўсёй Заходняй Эўропе, прымусіў заходніх палітыкаў тэрмінова шукаць выйсьце з крызысу. І інтарэсы Ўкраіны сталі ахвараю гэтага пошуку.

Што ж тычыцца Беларусі, то новы газаправод у эканамічным пляне прынясе ёй толькі карысьць, як адзначыў Аляксадр Лукашэнка, толькі плата за транзыт дазволіць цалкам забясьпечваць краіну палівам. Але парадаксальным чынам гэта можа паспрыяць захаваньню цяперашняй, ня самай лепшай эканамічнай і палітычнай сыстэмы. У 70-х гадох “залаты дождж нафтадаляраў” дазволіў Савецкаму Саюзу, не рэфармуючы сваю эканоміку, неяк карміць насельніцтва і аплочваць свае міжнародныя авантуры. Аднак потым на зьмену скаромным гадам прыйшлі нішчымныя, і ўсім вядома, чым гэтая палітыка скончылася.

Юры Дракахруст, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG