У Полацку і Наваполацку не спыняецца страйк дробных прадпрымальнікаў.
Тамтэйшыя рэчавыя кірмашы вось ужо амаль тыдзень не працуюць, і гэта выклікае
незадавальненьне жыхароў гарадоў і занепакоенасьць мясцовых уладаў.
Згаданая акцыя выкліканая пастановай Дзяржаўнага мытнага камітэту ў
справе мытнага афармленьня тавараў, якія дробныя прадпрымальнікі завозяць
з Расеі, але якія вырабленыя ў трэціх краінах. Мала таго, што новыя падаткі
для бальшыні “чаўнакоў” сталіся папросту непад’ёмныя, дык і арганізаваць
мытнае афармленьне тавараў не ўяўляецца магчымым з-за шэрагу аб’ектыўных
прычынаў.
За шэсьць дзён страйку ў тым жа Наваполацку не было выпадкаў штрэйхбрэхерства.
Прычына страйкавага імпэту зразумелая. Напярэдадні ўвядзеньня новых мытных
правілаў “чаўнакоў” папярэдзілі: калі хто зь іх не аплоціць мытную пошліну
за тавары і падатак на дадатковую вартасьць і не аформіць усіх патрэбных
дакумэнтаў цягам 15 дзён, то мусіць аплаціць штраф у памеры 100% кошту
тавару.
У мінулую пятніцу прадпрымальнікі Полацку і Наваполацку правялі агульныя
сходы, на якіх адзінагалосна вырашылі працягваць страйк да таго часу, пакуль
улады і прафсаюз прадпрымальнікаў не дасягнуць у гэтым пытаньні кансэнсусу.
Улады напачатку не надалі страйку належнае ўвагі, палічыўшы, што праз
дзень-другі “чаўнакі” выйдуць на працу. Але, убачыўшы настрой страйкоўцаў,
падлічыўшы сумы, якія не атрымоўвае бюджэт, зьмянілі парадыгму паводзінаў.
На 8 лістапада прызначаная сустрэча кіраўнікоў прафсаюзных суполак прадпрымальнікаў
Віцебскай вобласьці з намесьнікам старшыні аблвыканкаму спадаром Мікалаем
Федарчуком.
Дадамо, што акцыю полацкіх і наваполацкіх прадпрымальнікаў падтрымалі
іх калегі з Мёраў, Дрысы, Докшыцаў і Глыбокага. У гэтых гарадох рэчавыя
рынкі таксама апусьцелі.
Вінцэсь Мудроў, Наваполацк
Самае папулярнае
1